Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чыноўнікі любяць прымазацца да спартыўных перамог»


Дар'я Домрачава, двухкратная алімпійская чэмпіёнка

Дар'я Домрачава, двухкратная алімпійская чэмпіёнка

Ці зьвязваеце вы перамогі беларускіх алімпійцаў у Сочы з намаганьнямі ўлады, заслугамі чыноўнікаў? Чаму? З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвярнуўся да гарадзенцаў.



Дзяўчына: «Я думаю, што перамогі нашых спартсмэнаў цалкам залежаць ад іх саміх, іх трэнэраў, трэніровак, на якіх яны выкладваюцца, і ад іх волі і жаданьня перамагчы, каб годна прадставіць нашу краіну. Але ніякім чынам не ад улады. Яны самі перад сабою паставілі мэту — перамагчы, атрымаць золата і годна паказаць нашу краіну».

Спадар: «Не магу неяк канкрэтна патлумачыць, але ўлады і чыноўнікі ня маюць да гэтага ніякага дачыненьня. Хто хоча — той і выйграе, а пры чым тут чыноўнікі?..»

Спадарыня: «Я лічу, што ніякай заслугі іх няма, бо ад „беларускага раю“ ўцякло шмат спэцыялістаў. І нашыя спартсмэны дамагаюцца перамогаў выключна сваімі сіламі, бо дзяржава ім наўрад ці дапамагае, ёй не да гэтага».

Спадарыня: «Я лічу, што гэта 100% зьвязана, бо гэта як паказчык, як фініш і адлюстраваньне дзейнасьці ўсяе нашае сыстэмы. Уся дзейнасьць у гэтым якраз падсумоўваецца, гэта — як вынік».

Спадарыня: «Не, вядома, бо гэта дасягненьне канкрэтнага чалавека, а ня цэлай сыстэмы, якая нават ім часта і перашкаджае. А тое, што паказваюць у нас па тэлебачаньні — гэта дур для таго, хто яго глядзіць, але не для тых, хто глядзіць Алімпіяду і заўзее за нашых спартсмэнаў».

Спадар: (сьмяецца) «Думаю, яны выдзяляюць замала грошай на падрыхтоўку нашых спартсмэнаў».

Дзяўчына: «Не, гэта ніяк не зьвязана, бо перамога спартсмэна — гэта яго асабістая перамога, а не чыноўнікаў і ўлады. Нашы спартсмэны самі ўсяго гэтага дабіваюцца, і нічога там не праплачана. Усяго самі дабіваюцца».

Спадар: «Гэта, безумоўна, асабістая ініцыятыва і жаданьне сябе зарэкамэндаваць. І ў некаторых гэта выходзіць, праўда, пераважна ў дзяўчат. У спорце — гэта ўсё ж больш асабістае імкненьне. А ўлада, як заўсёды, хоча да гэтага прымазацца».

Спадар: «Вядома, спартсмэны дасягаюць усяго самі, усё праз трэніроўкі...»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG