Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ці не апошні шанец у беларусаў папоўніць мэдалёвую скарбонку на зімовай Алімпіядзе ў Сочы.

Найперш, на старт у біятлённым мас-старце на 12,5 кілямэтраў выходзіць двухразовая трыюмфатарка спаборніцтваў Дар’я Домрачава, якая ўжо першынствавала ў перасьледзе і індывідуальнай гонцы.

Кампанію ёй складзе Надзея Скардзіна, якая, дзякуючы перадусім выдатнай стральбе, сэнсацыйна заняла трэцяе месца на 15-кілямэтровай дыстанцыі. Пачатак трансьляцыі а 18-й гадзіне — гэта пры ўмове, што нарэшце зьнікне туман, з-за якога арганізатары ўжо двойчы былі вымушаныя пераносіць мас-старт у мужчынскім біятлёне.

Па-другое, нарэшце распачынаюцца кваліфікацыйныя спаборніцтвы ў мужчын-фрыстайлістаў, якія сёньня ж завершацца і фінальнымі скачкамі. Ад беларускіх лыжных акрабатаў ад пачатку чакалі ўзнагародаў, паколькі яшчэ не было выпадку, каб яны вярталіся з Алімпіядаў з пустымі рукамі. Змагацца за мэдалі будуць чэмпіён Ванкувэру Аляксей Грышын, двухразовы алімпійскі прызэр Дзьмітры Дашчынскі, пераможцы этапаў Кубку сьвету Антон Кушнір і Дзяніс Восіпаў. Пачатак а 16.45, вырашальныя спробы — а 20.30.

Тым больш, арыентавацца хлопцам ёсьць на каго: у мінулую пятніцу сапраўдны спартовы подзьвіг зьдзейсьніла фрыстайлістка Ала Цупер, якая прынесла зборнай Беларусі трэцяе золата. Са скрыпам пераадолеўшы кваліфікацыю, Цупер мабілізавалася ў фінальнай частцы і аказалася адзінай, хто выканаў складанае практыкаваньне без падзеньня. Такім чынам, Ала Цупер стала самай узроставай прызэркай у акрабатыцы, пасьля чаго з высока ўзьнятай галавой заявіла пра заканчэньне кар’еры.

Ала Цупер

Ала Цупер



У пяці іншых дысцыплінах, дзе 17 лютага будуць вызначацца чэмпіёны і прызэры, беларусы застаюцца статыстамі: гэта бабсьлей, скачкі на лыжах з трампліну, сноўборд, фігурнае катаньне. Прыкра, але ў мужчынскім біятлёне ніхто з прадстаўнікоў Беларусі ня здолеў адабрацца лік найлепшых, каб заявіцца ў мас-старце. Апошні раз жаночая і мужчынская каманды страляючых лыжнікаў зьявяцца на публіцы падчас эстафэтаў.

Па выніках першага тыдня Алімпіяды-2014 Беларусь уваходзіць у дзясятку краінаў, якія маюць найбольшую колькасьць узнагародаў вышэйшай вартасьці. Таксама тры золаты ў каманды Кітая, а бясспрэчным лідэрам стала Нямеччына, у актыве якой 7 залатых мэдалёў. А вось у агульнай колькасьці лідзіруе Галяндыя, якая, дзякуючы перадусім канькабежцам, назьбірала 17 узнагародаў.
XS
SM
MD
LG