Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мясьніковіч: кітайцы — хітрыя


Міхаіл Мясьніковіч і прэм’ер-міністар Кітаю Лі Кэцян, 20 студзеня 2014

Міхаіл Мясьніковіч і прэм’ер-міністар Кітаю Лі Кэцян, 20 студзеня 2014

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў актывізаваць стварэньне кітайска-беларускага індустрыяльнага парку і прыцягнуць на яго тэрыторыю інвэстараў зь ліку кампаній з усясьветным імем. Пра гэта ён заявіў 14 лютага на адмысловай нарадзе.

Лукашэнка раскрытыкаваў працу ўраду па гэтым праекце.

«Вы проста правалілі гэтую працу, — сказаў кіраўнік краіны, зьвяртаючыся да чыноўнікаў. — Будзеце правальваць — я вам гарантую, што вы туды пойдзеце працаваць. У нас таксама гэты вопыт ёсьць, і нядрэнны».

Паводле Лукашэнкі, гэта «яшчэ адно бязладзьдзе з боку ўрада і адказных асобаў».

«Мне прадставілі праект новага ўказа па парку. Я ня супраць абмеркаваць гэты ўказ. Але баюся, што яго можа спасьцігнуць лёс папярэдняга падпісанага ўказу. У нас, калі правальваецца нейкая справа, то ўрад падсоўвае новы дакумэнт. Калі вы хочаце чарговы праект, палову, як мінімум, павесіць на бюджэт, у мяне такіх грошай няма», — адзначыў Лукашэнка.

Віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік прызнаў, што рэалізацыя праекту па стварэньні парку апынулася нашмат складаней, чым гэта ўяўлялася першапачаткова.

«Канцэпцыя парку прадугледжвае стварэньне фактычна новага гораду, які спалучае вытворчую, жылую, сацыяльную, адміністрацыйную інфраструктуру. Удакладненая плошча парку складзе 91 квадратных кілямэтраў. Плянуемая агульная колькасьць насельніцтва — 155 тысяч», — даклаў віцэ-прэм’ер.

Старшыня Менаблвыканкаму Сямён Шапіра выказаўся за тое, каб зрабіць больш танным кошт аднаго квадратнага мэтра зямлі, якая будзе прадстаўляцца інвэстарам. Маўляў, аналягічныя паркі ў Эўропе прапануюць ўчасткі з коштам аднаго квадратнага мэтра каля $ 50.

«Мы павінны набліжацца да $ 40-45. Тады ў інвэстараў будзе цікавасьць прыходзіць на гэтую тэрыторыю з інвэстыцыямі».

Прэм’ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч паабяцаў, што парк будзе, але трэба стварыць прывабныя ўмовы для інвэстараў.

«Я вытрымаў вашу палітычную ўстаноўку. Абодва кіраўнікі Кітаю за гэты праект. І многа мы гэтыя пытаньні абмяркоўвалі і зь Лі Кэцянам і старшынёй КНР. Яны — так. І галоўнае, што гэта пачула ўсё іх атачэньне. Гэта мае немалаважнае значэньне. Але, канечне, кітайцы хітрыя, кітайцы асьцярожныя. Яны хочуць выгандляваць», — сказаў прэм’ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч.

Падводзячы вынікі нарады, Аляксандар Лукашэнка адзначыў, што на першым этапе няма неабходнасьці брацца за засваеньне ўсёй адведзенай пад парк тэрыторыі і ўкладаць у гэта лішнія сродкі.
Ня трэба лезьці ў гэты масіў

«Ня трэба лезьці ў гэты масіў. Трэба пачынаць з краю, па-гаспадарску», — сказаў кіраўнік краіны.

«Вы мяне пераканалі, што нам трэба пабудаваць гэты парк. Я вам паставіў задачу. Адна ўмова: там не павінна быць левых кампаній. Там павінны быць кампаніі будучага, высокаэфэктыўныя, высокатэхналягічныя працоўныя месцы. Але паўстае пытаньне: мы што, гэта будзем будаваць за свае грошы? І будзем несьці адказнасьць за суб’екты гаспадараньня, якія пабудуюць там свае нават высокатэхналягічныя вытворчасьці? Так, будзем як дзяржава. Мы за іх павінны адказваць. Мы іх будзем абараняць. Але грошы мы ім даць ня можам. У нас няма свабодных грошай, няма танных крэдытаў. І ня трэба. Гэтыя грошы ёсьць у КНР, ім трэба грошы пускаць у абарот», — адзначыў Аляксандар Лукашэнка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG