Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталкеры Свабоды

Прапускаем беларускую рэчаіснасьць празь сябе — дырэктар студыі «Адліга»


Дзіця прыроды зь вёскі Станькава, стругальшчык на заводзе ў Дзяржынску, студэнт наргасу, гандляр газэтамі ў электрычках, навучэнец бізнэсовай школы пры Брытанскай Радзе, кіраўнік аддзелу маркетынгу міжнароднай кампаніі, дырэктар студыі «Адліга». І ўсё гэта ён, дызайнэр, рэкляміст, выдавец Анатоль Лазар — герой новага выпуску праграмы «Сталкеры Свабоды».

«Я мяняў прафэсіі, я мяняў месца жыхарства, я мяняў нейкія лякальныя свае мэты. Напрыклад, я стаў значна меней працаваць, калі дачка пайшла ў садок, а пасьля ў школу. Мне было дастаткова працаваць тры-чатыры гадзіны на дзень, прытым тры-чатыры дні на тыдзень, але я меў магчымасьць займацца зь ёю. Гэта было важна. І адчуваньне свабоды ад таго, што я магу вось так год-два рабіць, яно проста фантастычнае, хоць усё гэта і досыць побытава. Тым ня менш ёсьць патрэба нешта зьмяняць, ёсьць магчымасьць гэта рабіць — гэта адчуваньне свабоды. Па-мойму, гэта выдатна.

Мы шмат і зь вялікім задавальненьнем працуем з музыкамі. У першую чаргу гэта праекты, можа, найбольш гучныя. Той жа «Ляпіс Трубяцкі», «Немаўля» — шмат музыкаў, зь якімі працуем. Вось нядаўна глядзеў кліп зь Міхалком, у якім ён са сцэны сказаў: «Я — пудзіла, напханае саломай свабоды». Я, напэўна, з гэтымі словамі пагаджуся.

Адчуваньне свабоды — гэта магчымасьць нешта зьмяніць, альбо ведаць, што ты гэта зьмяніў, таму што ты захацеў і палічыў патрэбным.

Безумоўна, ёсьць у жыцьці самыя розныя перашкоды, але часьцяком найбольш істотныя перашкоды сядзяць у самім чалавеку.

Сталкеры Свабоды

«Сталкеры Свабоды» — штотыднёвая праграма нашага Радыё. У ёй мы распавядаем пра людзей, якія сілай сваіх перакананьняў, творчай актыўнасьцю, нязломным аптымізмам, глыбінёю веры ў сваё прадвызначэньне ствараюць уласную тэрыторыю свабоды. Героі праграмы — земляробы і інтэлектуалы, адзінокія маці і шматдзетныя бацькі, спартоўцы і эколягі, невядомыя народныя майстры і выбітныя прафэсійныя мастакі, вольныя вандроўнікі і вязьні турмаў — усе тыя, хто штодзённа расшырае вакол сябе ўласную свабодную прастору да межаў уласнае краіны. Штотыдзень па суботах на нашым сайце — «Сталкеры Свабоды».

Усе выпускі «Сталкераў Свабоды»
Пераважная большасьць нашых праектных прадуктаў запатрабаваная менавіта ў Беларусі. Займаючыся пазыцыянаваньнем сваёй студыі, мы ставім за мэту працу зь беларускім спажыўцом. Мы маем патрэбу нешта ствараць, нешта паказваць, прапускаючы менавіта нашу беларускую рэчаіснасьць празь сябе. І не заўсёды вось гэты пропуск, гэты фільтар, гэтая рэфлексія зразумелая небеларускаму чалавеку. Таму ў меншай ступені нас цікавяць небеларускія рынкі, небеларускія праекты.

Надзеўшы, напрыклад, майку нашай студыі, людзі могуць больш нічога не казаць. Яны згодныя з гэтымі малюнкамі і надпісамі, гэта на дадзены момант іх пазыцыя. Гэта не сьцягі, гэта ня гербы, гэта не палітычныя лёзунгі, але гэта таксама — пазыцыя.

Творчы чалавек сьверб, выкліканы дыскамфортам, пераўтварае ў актуальныя на дадзены момант яркія праекты. Мне падаецца, што наша беларуская творчасьць нагэтулькі плённая, таму што ціску дастаткова яшчэ многа на сёньняшні дзень. І калі мы ў сацыяльным пляне станем абсалютна свабодныя, гэта, напэўна, заб’е творчасьць».
XS
SM
MD
LG