Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіст Зьміцер Галко з нагоды перамог беларускіх спартоўцаў на Алімпіядзе ў Сочы напісаў у сваім Фэйсбуку:

«Называйте это змагарским синдромом или ещё как, но то, что радует Лукашенко и позволяет ему продемонстрировать как бы свой успех, меня радовать не может. P.S. Тем более когда речь идёт о виде спорта, который курирует КГБ».

Калі даводзіць гэты аргумэнт Зьмітра (і многіх іншых) да лягічнай кропкі, то атрымаецца наступнае: «мы ня можам радавацца ўзыходу сонца і добраму надвор’ю, паколькі гэта таксама можа ўзрадаваць і Лукашэнку».

У прынцыпе, на гэтым дыскусію можна было і б скончыць, але мне здаецца, што варта трошкі больш пагаварыць пра нейкую ірацыянальную зваротную залежнасьць многіх беларусаў, якія лічаць сябе самастойнымі і незалежнымі, ад меркаваньня аднаго чалавека.

Імя гэтага чалавека вы ведаеце. Гэта не філёзаф, не вядомы літаратар, не сусьветны маральны аўтарытэт. Гэта аўтарытарны кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка.

Як толькі гэты чалавек пачынае нешта любіць ці хваліць — многія беларусы пачынаюць гэта актыўна ненавідзець. Бяз жартаў — я ня раз чуў фразу «я перастаў любіць хакей пасьля таго, як ім зацікавіўся Лукашэнка». У сьвядомасьці апазыцыйна настроеных беларусаў Лукашэнка гуляе ролю гэткага анты-Мідаса — усё, да чаго ён дакранаецца, пераўтвараецца ня ў золата, але ў лайно.

Уяўляю сабе, што б здарылася, калі б цяперашні кіраўнік Беларусі зь нейкага перапуду раптам зрабіў дзяржаўным бел-чырвона-белы сьцяг. Мы б убачылі тысячы дыскусій у сацыяльных сетках на тэму — «не магу больш любіць б-ч-б сьцяг, бо яго дазволіў Лукашэнка».

Калі заўтра Лукашэнка пачне чытаць ня толькі «вершы Васіля Быкава», якія ён «вывучаў у школе», але і рэальна існуючыя празаічныя творы нацыянальнага генія, і цытаваць іх у сваіх прамовах — ці азначае гэта, што вы перастанеце любіць Быкава? Калі Лукашэнка кажа, што двойчы два чатыры — ці заўсёды трэба даказваць, што гэта няпраўда?

Такая псыхалягічная залежнасьць падаецца мне ненармальнай, ірацыянальнай і прымушае задаць пытаньне:"Калі ў вас сапраўды ёсьць свае погляды — чаму яны павінны залежаць ад прыхільнасьцяў і прыхамацяў ня самага прыемнага, але, як выглядае, самага важнага для вас чалавека?

Можа быць, час вырасьці і глядзець на сьвет сваімі вачыма?
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG