Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сямёрка Свабоды (8-14 лютага)

  • Аляксандар Лукашук

Матэрыялы мінулага тыдня на сайце Радыё Свабода, якія варта пачытаць на выходныя.

Пачатак сёньняшняга агляду будзе вельмі ляканічны, а канец – вельмі прыгожы.

1-3. Калі вы пасварыліся зь блізкім чалавекам на тэму глядзець ці не глядзець Алімпіяду – перачытайце оду паэта Андрэя Хадановіча, які глядзіць, і гераіню Сталкераў Свабоды Дашу Каткоўскую, якой гэты вялікі спорт канкрэтна ўстыў. Калі ж вам што так, што гэтак, дык Ганна Соўсь патлумачыць, чаму і чаго каталізатар «Колева куртка».

4-5. «Ой-ёй-ёй!..» – зь якой нагоды Данчык так голасна ўзрушыўся, засумаваў, а потым прысароміў сваіх калег на мінулым тыдні, ён напісаў у блогу «А хто гэта такая?» (!) . А Аляксей Знаткевіч высьветліў, чаму «Німфаманка не даедзе да Ваўкавыску»: да рэпутацыі ў беларускіх райвыканкамах ставяцца як да падліку галасоў на выбарах – раўніва.

6. Рай ды лісты да каханага – галоўныя знаходкі Зьмітра Бартосіка на радзіме легендарнай народнай мастачкі з трагічным лёсам Алены Кіш.

7. І ў канцы я нарэшце злоўжыву правам рэдактара і зраблю тое, што ў «Сямёрцы» звычайна ня робіцца: надрукую без рэдактуры і без скаротаў ліст слухача з Полаччыны Кастуся Сырэля. Бо 13 лютага быў прызначаны ААН Дзень Радыё:

Шаноўнае спадарства!

Радыё Свабода паведаміла нам, што ў хуткім часе зьбіраецца спыніць вяшчаньне на кароткіх хвалях. Такім чынам, кароткія хвалі, якія былі сябрам многіх маіх суайчыньнікаў, у тым ліку і маім сябрам на працягу многіх дзесяцігоддзяў, паміраюць.

Кароткія хвалі першымі данесьлі да нас галасы Эдзіт Піаф і Шарля Азнавура, гурта «The Beatles» і залатой трубы Луі Армстронга. Кароткія хвалі адчынялі нам таямнічы і дзівосны сьвет, схаваны ад нас «жалезнай заслонай». Праз кароткія хвалі, на якіх працавалі заходнія радыёстанцыі Голас Амэрыкі, ВВС, Нямецкая хваля, Свабода, Радыё Швэцыі, мы ўпершыню даведваліся нават пра падзеі ў сваёй уласнай краіне – пра падпал суда ў Слуцку ў 1967 годзе, пра катастрофу на чыгунцы пад Менскам у 1977, пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС у 1986. Праз выцьцё глушылак мы ўпершыню слухалі па рускай службе радыё Свабода «Архіпелаг ГУЛАГ» Аляксандра Салжэніцына.

Таму жалобны мітынг, прысьвечаны спыненьню вяшчаньня радыё Свабода на кароткіх хвалях, дазвольце лічыць адкрытым.

Кажуць, што пра нябожчыкаў нельга гаварыць дрэнна. Але яшчэ кажуць, што пра нябожчыкаў нельга хлусіць. Таму скажам шчыра: кароткія хвалі, хоць і былі нашым верным сябрам, але мелі непастаянны, шалапутны характар. Яны заўжды імкнуліся разарваць акаляючы Зямлю панцыр іянасфэры і вырвацца на свабоду, у Сусьвет, ці, прынамсі, заляцець як мага далей за далягляд. Першае ім не ўдавалася амаль ніколі, другое ўдавалася амаль заўжды. Бы птушка ў клетцы, яны зноў і зноў біліся сваімі празрыстымі крыламі аб наэлектрызаванае, разрэджанае, халоднае паветра, уверх-уніз, уверх-уніз, і так, скачучы, заляталі на іншыя, невядомыя землі і кантыненты, а здаралася, абляталі ўвесь зямны шар. Непастаянства характару выяўлялася ў тым, што вось голас у дынаміку гучыць моцна і выразна, а праз хвіліну некуды зьнікае, бы яго тут наогул ніколі не было; прычым, па закону Мэрфі, зьнікае на самым цікавым месцы. Гэтая зьява, уласьцівая кароткім хвалям, завецца «заміраньнямі сыгналу». Мы лаяліся і чартыхаліся, мы ліхаманкава круцілі ручку настройкі, але ўсё роўна зачаравана прыпадалі вухам да прыймача, каб паслухаць перадачу да канца. Недасьведчаныя слухачы Свабоды дагэтуль абвінавачваюць у гэтай прыроднай зьяве тэхнічны пэрсанал радыёстанцыі. Але, як вядома, няведаньне законаў фізікі не вызваляе ад адказнасьці толькі такіх слухачоў, і больш нікога.

Кароткія хвалі ўступалі ў няроўную бойку з «глушылкамі», прамысловымі і атмасфэрнымі перашкодамі, ды што казаць – з самім усемагутным і непераможным Сонцам, якое прыціскала іх да Зямлі тоўстай коўдрай іянасфэры і зацята душыла. Толькі глухімі зімовымі начамі яны адчувалі сябе вальней і ляцелі, бы пералётныя птушкі, ўсё далей і далей за далягляд, дасягаючы тонкіх мядзяных нітак і срэбных стрыжняў нашых антэн…

Хачу ўзгадаць добрым словам тыя тэхнічныя прылады, што даносілі да нас праз кароткія хвалі галасы плянэты – радыёпрыймачы і радыёлы Менскага радыёзаводу, Рыскага заводу ВЭФ, Талінскага заводу «Пунане-РЭТ», Бердскага, Днепрапятроўскага, Іжэўскага радыёзаводаў. Гэта лямпавыя і транзістарныя радыёпрыймачы і радыёлы «Родина», «Мінск», «Беларусь», «Сакта», «Латвия», «Чайка», «Промінь», «Рэкорд», «Рыгонда», «Сімфонія», «Рапсодыя», «Спідола», «ВЭФ», «Акіян», «Мерыдыян» і многія, многія іншыя. Амаль усе яны адышлі ў нябыт, але памяць пра іх будзе жыць у нашых сэрцах.

Прашу ўшанаваць іх уставаньнем і хвілінай маўчаньня.

Прашу садзіцца.

Шаноўнае спадарства!

Адышлі ці адыходзяць у нябыт паравоз, параход, прымус, патэфон, арыфмометр, магнітафон, плёначны фотаапарат, дыскавы нумаранабіральнік, лямпачка напальваньня, et setera, et setera, et setera. Як кажуць філёзафы і паэты, «усё цячэ, усё мяняецца», «река времён в своём стремленьи уносит все дела людей». Зыход кароткіх хваляў рана ці позна павінен быў адбыцца. Але нам усёроўна шкада, бо гэта – балючы ўдар па інтарэсах многіх людзей сталага веку. Ня ўсе яны могуць набыць і засвоіць кампутар, інтэрнэт. Таму спыніць вяшчаньне на кароткіх хвалях для іх – гэта бы зачыніць акенца ў вялікі сьвет, бы пазбавіць сьвежага паветра.

Давайце пашкадуем іх, шаноўнае спадарства. Праз радыёпрыймачы вас слухаюць самыя небагатыя людзі, часта пакрыўджаныя лёсам і сваёй краінай. Яны – самыя верныя вашы сябры, нават тыя, хто часам сварыцца на вас. Даруйце ім гэта, не пазбаўляйце іх радасьці паслухаць Свабоду, пакуль яшчэ так-сяк працуюць іх старэнькія «Акіяны» і «ВЭФы». Працягніце вяшчаньне на кароткіх хвалях яшчэ хоць на якіх пару год, хоць да заканчэньня прэзідэнцкіх выбараў 2015 году. А там будзе відаць.

Калі ласка.

З вялікай павагай – Кастусь Сырэль з маленькага мястэчка Ушачы, што пад Полацкам.


Вельмі прыгожы нават ня ліст – верш у прозе.

Радыё будзе жыць. Яно проста мяняе свой адрас – пераяжджае з кароткіх хваляў і радыёпрымачоў у кампутары, мабільныя тэлефоны, іншыя прылады, дзе цяпер жыве Інтэрнэт. І яно стане лепшым ня толькі паводле якасьці гуку – але і паводле здольнасьці выконваць усе жаданьні слухачоў. Вы можаце слухаць калі хочаце, перарывацца, вяртацца, выбіраць толькі тое, што цікавіць вас, выбіраць любімых аўтараў, ізноў слухаць перадачы, якія некалі ўразілі і пасылаць іх сваім унукам, дзецям, знаёмым. Вы самі будзеце радыёперадатчыкам, які ніхто не заглушыць – нават Сонца.

XS
SM
MD
LG