Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Відэаэкскурсія па беларускай бібліятэцы ў Лёндане


У паўночным Лёндане, побач зь вядомым Marian House — Домам Марыянаў, будынкам Беларускай каталіцкай місіі, месьціцца Беларуская бібліятэка імя Францыска Скарыны.

Створаная паваеннымі эмігрантамі — сьвятарамі-ўніятамі Чаславам Сіповічам, Львом Гарошкам ды Аляксандрам Надсанам з дапамогай іншых беларусаў замежжа, на сёньня яна мае некалькі дзясяткаў тысяч выданьняў розных часоў і краін. Ад старадрукаў і рукапісаў 15 стагодзьдзя да сучаснай беларускай літаратуры. У бібліятэцы сабраныя і кнігі, і пэрыёдыка, і мікрафільмы, і аўдыёзапісы беларускай музыкі.

Ёсьць тут і кнігі з сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе».

Кіруе бібліятэкай айцец Аляксандар Надсан, Апостальскі візытатар для беларусаў — грэка-каталікоў замежжа. Бібліятэку й музэй часта наведваюць ня толькі многія беларусы, але й брытанскія навукоўцы, і проста тыя, хто цікавіцца беларускай гісторыяй і культурай. Лёнданская бібліятэка Скарыны — унікальная ўстанова па-за межамі Беларусі. Ні ў якіх іншых краінах гэткай вялікай й падрабязнай калекцыі здабыткаў беларускай гісторыі і культуры ня створана. Існуе бібліятэка на ахвяраваньні.

Айцу Аляксандру Надсану ўжо 88 гадоў, і цяпер ён шукае сабе пераемніка ў бібліятэцы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG