Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Малады фронт» апанаваў «пафігізм» — Зьміцер Дашкевіч


Дзень Сьвятога Валянціна ў 2010 годзе

Дзень Сьвятога Валянціна ў 2010 годзе

Больш за 10 гадоў актывісты «Маладога фронту» на дзень Сьвятога Валянціна ладзілі ў краіне вулічныя акцыі ды ўшаноўвалі людзей, якія зрабілі найбольшы ўнёсак у разьвіцьцё беларушчыны. Чаму сёлета традыцыя перарвалася?

Упершыню больш як за 10 гадоў у Менску ня пройдзе акцыя «Маладога фронту», прысьвечаная сьвяту закаханых — дню Сьвятога Валянціна. Няўжо актывісты «Маладога фронту» перасталі любіць Беларусь? З такім пытаньнем карэспандэнт Свабоды зьвярнуўся па камэнтар да сустаршыні арганізацыі Зьмітра Дашкевіча.

Зьміцер Дашкевіч

Зьміцер Дашкевіч

«Не, гэта азначае толькі, што „Малады фронт“ патрапіў пад тыя ж хваробы нашага грамадзтва, супроць якіх даводзіцца выступаць — гэта „пафігізм“, абыякавасьць. Да таго ж, гэта памножана на разгільдзяйства. Вось прырода такога выніку, які мы маем, што сёньня ніякіх мерапрыемстваў „Малады фронт“ не арганізоўвае».

Традыцыя праводзіць вулічныя акцыі на дзень Сьвятога Валянціна нарадзілася ў Беларусі на пачатку стагодзьдзя. «Гэтую добрую традыцыю захоўваў ня толькі „Малады фронт“, але і іншыя моладзевыя арганізацыі дэмакратычнага руху. Ладзіліся акцыі, флэшмобы», — згадаў Франак Вячорка, які быў сябрам «Маладога Фронту», а пасьля — лідэрам «Моладзі БНФ».

Франак Вячорка

Франак Вячорка

«Хадзілі па амбасадах эўрапейскіх краін, раздавалі „валянцінкі“ з прызнаньнямі ў любові да Эўропы і эўрапейскіх каштоўнасьцяў ды запрашалі на вечаровае сьвята на плошчу Свабоды ці Якуба Коласа. Яшчэ памятаю, хадзілі па горадзе ў вялікіх сэрцах з надпісам "У вольнай Беларусі кахаць прыемней"», — успамінае Франак Вячорка.

Паводле ўдзельніка тых дзён Зьмітра Дашкевіча, на плошчы праходзілі імправізаваныя спэктаклі, якія зьбіралі ад некалькіх соцень да тысячы гледачоў. Аднак улады вельмі хутка пачалі разганяць і такія акцыі. У 2009 годзе акцыя на плошчы Свабоды ў Менску скончылася масавымі затрыманьнямі і арыштамі. Міліцыянты пабілі нават актывістак, якія ў касьцюмах анёлаў раздавалі мінакам «валянцінкі».

Калі актыўнасьць на вулічных акцыях у дзень Сьвятога Валянціна зьнізілася, «Малады фронт» знайшоў новую форму, як ладзіць сьвята — уганараваньне прэміямі «Люблю Беларусь», якія ўручалі палітычным актывістам, праваабаронцам і журналістам. Чаму і гэтая традыцыя перарвалася і ці канчаткова?

«Можна прыводзіць шмат прычынаў, чаму так адбываецца. Тут і дэмаграфічная яма, і дваццацігадовая стомленасьць. Трэба разумець і тое, што за 20 гадоў вырасла цэлае пакаленьне, якое апроч чырвона-зялёнай навалы нічога ня бачыла ў сваім жыцьці. Мы ж як асобы фармаваліся ўсё ж, калі быў бел-чырвона-белы сьцяг. І плён ад такіх мерапрыемстваў быў. Пасьля кожнай акцыі дзясяткі маладых людзей прыходзілі да нас у арганізацыю, далучаліся да розных кірункаў. Потым вырашылі перафарматаваць акцыі, сканцэнтравацца на прэміі, дзе асноўнае залежыць ад крэатыўнасьці арганізатараў. Сёлета таксама разьлічвалі правесьці мерапрыемства, але з пэўных прычын не атрымалася. Апраўданьня гэтаму, лічу, няма», — кажа Зьміцер Дашкевіч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG