Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Беларусі чацьвёрты дзень ідзе рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў.

Яе першыя вынікі паказваюць: на так званым пярвічным роўні (раённых, пасялковых і сельскіх саветаў) адсеву фактычна няма. Але нягледзячы нават на гэта, у абсалютнай бальшыні такіх акругаў выбары будуць безальтэрнатыўнымі.

На праверку дакумэнтаў прэтэндэнтаў выбарчым камісіям даецца 10 дзён, то бок да 20 лютага ўключна. Звычайна кандыдаты найчасьцей спатыкаюцца на няправільным запаўненьні дэклярацыі аб даходах і маёмасьці. Але на гэтых выбарах яе прадстаўляюць толькі тыя, хто абіраецца ў гарадзкія і абласныя саветы. Таму найверагодней, што тут вынікі рэгістрацыі стануць вядомымі не раней за 19–20 лютага.

Гэта пацьвярджае і актывіст Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Дзяніс Садоўскі. Ён балятуецца ў Менскі гарсавет па Дамброўскай акрузе № 35, што ў Кунцаўшчыне:

Дзяніс Садоўскі

Дзяніс Садоўскі

«У камісіі мне сказалі патэлефанаваць ім 18-га. І яны скажуць, калі адбудзецца паседжаньне па рэгістрацыі: ці 19-га, ці 20-га. Я балятаваўся на падобных выбарах яшчэ ў 2007 годзе. І параўноўваць той пэрыяд зь цяперашнім проста немагчыма. Калі я тады за вечар зьбіраў за сябе 30–35 подпісаў, то цяпер — толькі 10–15. Людзям дадзела ўся гэтая сыстэма. Ім дадзела, што іх паўсюль падманваюць. І вось такая нявера людзей да ўсіх фіксуецца».

Карумпаванасьць чыноўнікаў, іх нежаданьне рашаць канкрэтныя праблемы ды іншыя прэтэнзіі да ўлады вырашылі скарыстаць актывісты руху «За свабоду». «Не чакаючы вынікаў рэгістрацыі, мы пачынаем вучобу сваіх кандыдатаў», — гаворыць першы намесьнік старшыні руху Юрась Губарэвіч:

Юрась Губарэвіч

Юрась Губарэвіч

«Мы распачынаем цыкл школаў „Народная праграма“ для кандыдатаў. Якраз сёньня першая паездка экспэртаў у Магілёў. Заўтра будзем у Гомелі.

Гэта вучоба кандыдатаў. Мы рыхтавалі прапановы па некалькіх тэмах, якія наўпрост зьвязаныя зь мясцовымі выбарамі. Гэта прапановы з нашай „Народнай праграмы“. І мы плянуем ахапіць дзесьці 140 кандыдатаў. Гэта — прадстаўнікі ня толькі „Руху за свабоду“, але і партыі БНФ ды іншых блізкіх да нас арганізацыяў. Яны змогуць задаць пытаньні экспэртам, атрымаць кансультацыі, будуць ведаць, як лепей выкарыстоўваць розныя матэрыялы падчас агітацыйнай кампаніі».

Улады ня могуць зрабіць мясцовыя выбары прывабнымі. Асабліва на ніжэйшых узроўнях. Так было ў 2007-м і 2010-м гадах. Гэтая тэндэнцыя захоўваецца і цяпер, адзначае палітоляг Юры Чавусаў:

Юры Чавусаў

Юры Чавусаў

«Крыху больш як адзін прэтэндэнт на адзін мандат у сярэднім. Але ёсьць выбары ў сельскія саветы, дзе ўлады сапраўды маюць складанасьці з пошукам ахвотных балятавацца. І тым больш ня маюць магчымасьці ствараць тут конкурс. Дый апазыцыя туды не імкнецца. Здаецца, ад партыі БНФ толькі два чалавекі ідуць на выбары ў сельсавет на ўсю краіну.

Іншая справа — выбары ў абласныя саветы і менскі гарадзкі. Там конкурс будзе сапраўдны. І нягледзячы на ўвесь сумнеўны характар гэтага выбарчага працэсу, найперш падліку галасоў, нават у гэтых умовах у сталічны гарсавет пэўны рэальны конкурс будзе. Безальтэрнатыўныя акругі, безумоўна, будуць дамінаваць. Але на выбарах ніжэйшага ўзроўню».

Мясцовыя выбары прызначаны на 23 сакавіка.
XS
SM
MD
LG