Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бакіевых будуць судзіць за спробу забойства бізнэсоўца


Максім Бакіеў

Максім Бакіеў

27 лютага Першамайскі раённы суд Бішкека пачне разгляд крымінальнай справы пра заказное забойства прадстаўніка кампаніі «Оксус Голд Плс» Шона Дэйлі сям’ёй Бакіева.

Абвінавачаньні выстаўленыя супраць зрынутага прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева, яго брата Жаныбека Бакіева, сыноў Марата і Максіма, паведамляе прэс-служба кіргіскага Вярхоўнага Суду.

Паводле крымінальнай справы, напрыканцы 2005 году Максім Бакіеў і ягоны бацька, тагачасны прэзыдэнт Кіргізстану, уступілі ў змову дзеля незаконнага ўзбагачэньня. Яны незаконна атрымалі выключныя правы на распрацоўку залатаруднага радовішча «Джэруй», каб перапрадаць яго трэцім асобам.

Ліцэнзія на распрацоўку гэтага радовішча належала кампаніі «Оксус Голд Плс».

Максім Бакіеў уступіў у злачынную змову з родным братам Маратам, які займаў пасаду памочніка старшыні службы нацыянальнай бясьпекі Кіргізстану, а таксама з родным дзядзькам Жаныбекам, які быў першым намесьнікам старшыні службы нацыянальнай бясьпекі, і перадаў ім указаньне бацькі — прэзыдэнта Курманбека Бакіева — учыніць забойства Шона Дэйлі.

Курманбек Бакіеў

Курманбек Бакіеў

Забіць Шона Дэйлі было даручана неўстаноўленай асобе, якая ноччу зрабіла некалькі стрэлаў у прадпрымальніка. Дзякуючы своечасова аказанай мэдычнай дапамозе лекарам удалося ўратаваць жыцьцё Шона Дэйлі.

Паводле Інтэрфакса, грамадзянін Вялікабрытаніі Дэйлі пакінуў Кіргізстан, а права распрацоўкі радовішча, якое зьмяшчае больш за 80 тон золата, было перададзена структурам, афіліяваным зь бізнэсмэнам Барысам Беразоўскім.

Курманбек Бакіеў на запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі жыве ў Беларусі. У мэдыях зьяўлялася інфармацыя пра знаходжаньне ў Беларусі сваякоў экс-прэзыдэнта Бакіева. Нягледзячы на шматлікія просьбы аб экстрадыцыі, афіцыйны Менск адмаўляецца выдаць Бакіевых Бішкеку.
XS
SM
MD
LG