Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Алесь Пушкін: Вайна ў Аўганістане — саромная для мяне тэма


Алесь Пушкін

Алесь Пушкін

25 гадоў таму з Аўганістану былі выведзеныя савецкія войскі. Як пачуваўся на той вайне студэнт Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытуту? Кім ёсьць тыя 772 загінулыя ў Аўганістане нашы суайчыньнікі — героямі ці ахвярамі? Ці паскорыла аўганская вайна крах Савецкага Саюзу? Госьцем перадачы — удзельнік савецка-аўганскай вайны мастак Алесь Пушкін.

— Алесь, прыгадваючы сваю службу ў савецкім войску, магу сказаць, што некаторыя афіцэры вельмі хацелі трапіць у Аўганістан — гэта давала пэўныя прывілеі. А як ты трапіў туды — фактычна на вайну?

— Я скончыў першы курс Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытуту ў 1984 годзе, і ўжо праз месяц мяне прызваў менскі Першамайскі райваенкамат. Адразу на цягнік і — аж у Камышын Валгаградзкай вобласьці, у школу малодшых авіяцыйных спэцыялістаў па абслугоўваньні гелікоптэраў МІ-8 і МІ-24. Паўгода — вучэбка. Дарэчы, у вучэбцы я служыў у адным узводзе зь Яраславам Раманчуком. Зрэшты, там усе былі зь Беларусі, усе з ВНУ. Разьмяркоўвалі каго куды — у Польшчу, на Кубу, у Нямеччыну. Мяне разам зь іншымі недысцыплінаванымі разьмеркавалі пазьней за ўсіх. Пашыхтавалі на пляцы і сказалі: «Таварышы салдаты! Вы будзеце ахоўваць паўднёвыя рубяжы нашай Радзімы. Магчыма, нехта будзе ахоўваць гэтыя рубяжы за рубяжом». І адразу — на Валгаград, там — на самалёт і ў Ташкент, адтуль — у аўганскі Кундуз. У Кундузе нам усім прапанавалі, нягледзячы на тое, што мы рыхтаваліся служыць у авіяцыі, матастралковы полк, батальён выведкі. Хто куды хоча — падніміце руку. Я не паднімаў. Бо ўжо чуў стральбу, магчыма, вучэбную. Не падняў і быў накіраваны па ўлікова-ваеннай спэцыяльнасьці.

— Кім ты сябе адчуваў у Аўганістане — акупантам, вызваліцелем, змагаром з бандфармаваньнямі?

— Адназначна — акупантам. Я там вёў дзёньнік на беларускай мове. Яго асабліва і прачытаць ніхто ня мог. Пісаў я ў дзёньніку і пра тое, як плявалі жанчыны нам усьлед, калі мы ехалі па Кабуле, абражалі нас па-свойму, на мове дары. Я ўсё гэта запісваў. Але аднойчы няўдала схадзіў па гашыш да аўганцаў і трапіў на гаўпвахту. А начальнікам гаўпвахты быў прапаршчык Бельскі, беларус. Ён прачытаў мой дзёньнік і далажыў начальніку штаба палка, масквічу маёру Кулікову. Той выклікаў мяне і сказаў: «Рядовой Пушкин! В вашем дневнике содержатся мысли, идущие вразрез с политикой партии и нашего государства в этой стране. Поэтому получите ещё и от меня 10 суток»... Вядома, мы там былі акупантамі. І гэта прымушала быць заўсёды напагатове. Скажам, спыняемся на бэтээры каля крамы і здымаем аўтаматы з засьцерагальнікаў, дасылаецца патрон у патроньнік. Што тут казаць, нават аўганская міліцыя, цырандой, калі адбываліся спрэчкі з намі, шураві, хапалася за аўтаматы.

З аднапалчанінам-таджыкам у Кабуле. 1985 год

З аднапалчанінам-таджыкам у Кабуле. 1985 год

— Ці давялося табе непасрэдна ўдзельнічаць у баявых апэрацыях?

— Адразу падкрэсьлю: я служыў у наземнай авіяцыі, я абслугоўваў самалёты і гелікоптэры. Я быў шарагоўцам, не героем. Па-сутнасьці, вайна для мяне была — работа. Гелікоптэры садзяцца, узьлятаюць, іх трэба абслугоўваць, чапляць бомбы на падкрылкі. Асабіста я нікога не забіў. Але ж тыя боепрыпасы, якія я чапляў, скідваліся на галовы аўганцаў... Так што віну ўсё роўна адчуваю. А сьмерць зблізку даводзілася бачыць часта. Прыкладам, падчас пагрузкі гэтак званага «грузу-200» на «чорны туліпан», які прылятаў... Памятаю, у суседняй казарме застрэліўся салдат — з-за дзедаўшчыны. Я першы прыбег, падняў яго, убачыў прастрэленыя грудзі і паглядзеў яму ў вочы. Такое не забываецца. Згасаючы позірк маладога хлопца... Давялося бачыць шмат забітых, абгарэлых лётчыкаў, якія ляжалі на насілках, поўнасьцю ўсе чорныя і ўжо ўздутыя, іх потым грузілі ў цынкавыя труны. А калі прызямляецца гелікоптэр і выносяць параненых, кроў капае проста на ўзьлётна-пасадачную паласу, зробленую з рыфлёнага жалеза... Я думаю, для творчага чалавека гэтага было дастаткова.

Старонка з аўганскага дзёньніка

Старонка з аўганскага дзёньніка

— Савецкі Саюз на вайну ў Аўганістане затраціў больш за 50 мільярдаў даляраў (на той час — астранамічная сума). І гэта нібыта спрычынілася да ягонага развалу. Ці магла насамрэч тая вайна падкасіць савецкую імпэрыю?

— Я сьведчу: нават драўляныя дошкі, нават бульбу і кансэрвы дастаўляліся савецкім вайскоўцам паветраным шляхам. Там жа будаваліся аб’екты проста ў пустэльні. Напрыклад, наш аэрадром у Кундузе — гэта высакагорнае плато, цалкам накрытае жалезам, там былі пабудаваныя дамкі, стаянкі, уся інфраструктура, полк аховы, зэнітна-артылерыйскі полк, матастралковы полк, аўтабат... Усё гэта абыходзілася вельмі дорага. Там пракапалі арыкі, з пустэльні зрабілі расквітнелы сад. І яшчэ адзін момант істотны. У Аўганістане адбывалася нарастаньне барацьбы. Спачатку, калі войскі толькі ўвялі, быў невялікі супраціў радыкальных партый. А потым гэта ўжо стала народным рухам, ваяваць стала вельмі складана. А што атрымалася ў выніку вываду савецкіх войск? Мне было цікава пабачыць па тэлебачаньні той Дом савецка-аўганскай дружбы, які быў пабудаваны ў Кабуле. Велічэзны, прыгожы белы палац. Пры ўладзе талібаў ён быў разбураны, там сноўдаліся нейкія бамжы. Лічы, у цэнтры Кабула ў ім зрабілі велічэзную прыбіральню. Вось вынік вялікіх шматмільярдных савецкіх укладаньняў.
Прапагандысцкая ўлётка з архіву Алеся Пушкіна

Прапагандысцкая ўлётка з архіву Алеся Пушкіна


— 772 беларусы загінулі ў Аўганістане — гэтая лічба выбітая на помніку ў Менску, на гэтак званым Востраве сьлёз. Паводле твайго сёньняшняга разуменьня яны хто — героі, ахвяры, гарматнае мяса?

— Гэта людзі з трагічным лёсам. Звычайныя, харошыя беларускія хлопцы, якія маглі стаць дактарамі, будаўнікамі, бацькамі пецярых-семярых дзяцей, мастакамі. А загінулі там. Гэта вельмі-вельмі балючая старонка ў беларускай гісторыі. Але тая вайна была захопніцкай, і ганарыцца удзелам у ёй ні ў якім разе нельга. Рабіць з загінулых «аўганцаў» герояў? Я катэгарычна супраць. Так, яны выканалі загад, і ў гэтым іх гонар... Часткова гэта так, але я не хачу чуць гэта з вуснаў дзяржаўных ідэолягаў, якія кажуць: загады не абмяркоўваюць, іх выконваюць. Што гэта значыць? А гэта значыць, што неўзабаве крый Божа зялёна-чырвонаму фашызму трэба будзе бяздумна служыць. Амаль ва ўсіх раённых цэнтрах ёсьць помнікі «аўганцам», партызанам, савецкім салдатам, загінулым мірным жыхарам Беларусі, помнікі Халакосту. Але нідзе няма помнікаў бязьвінна рэпрэсаваным! Ставяць помнікі Шуру Балаганаву, нават згушчонцы... А толькі ў нашым Крупскім раёне было бязьвінна рэпрэсавана 2000 жыхароў. Нядаўна выйшла кніга «Рэпрэсаваная Крупшчына». Дзе помнік ім? Я катэгарычна супраць таго, каб з гэтых бедных хлопцаў-«аўганцаў» рабілі герояў і казалі моладзі: вы таксама павінны браць зь іх прыклад. Іх ні ў якім разе нельга раўняць зь людзьмі, якія вызвалялі Беларусь. «Аўганцы» — гэта ахвяры жахлівай імпэрскай палітыкі Савецкага Саюзу.
«Аўганцы» — гэта ахвяры жахлівай імпэрскай палітыкі Савецкага Саюзу.

— Ты згадаў шматлікія помнікі «аўганцам». Пераважная бальшыня іх пастаўленая ўжо ў незалежнай Беларусі. Якім мусіць быць іхны статус?

— Гэтыя помнікі не павінны быць гісторыка-культурнай каштоўнасьцю. Я разумею, для многіх гэта балючы напамін, у загінулых засталіся маці, родныя. Скажам, з нашага Крупскага раёну ў Аўганістане загінулі 8 чалавек. Да помніка 15 лютага прыходзяць людзі, каб ускласьці кветкі і паслухаць прамовы афіцыйных ідэолягаў. Я аднойчы схадзіў на Востраў сьлёз. Паслухаў Мар’яну Шчоткіну, Жадобіна — яны не прамаўляюць на беларускай мове, яны гавораць штампамі: «Они выполнили приказ». Зноў жа, маецца на ўвазе, што і мы выканаем іх загад, што б нам ні загадалі... Памятаю, як яшчэ ў 1989 годзе нас, 400 «аўганцаў», выклікалі ў менскі Першамайскі райкам партыі і ўручалі мэдалі ад імя аўганскага народу, дыплёмы ганаровага ваеннаслужачага. Я тады адмовіўся ад узнагароды. Сказаў: вы нас заўтра пашлеце ў Талін ці Тбілісі, прыдумаеце чарговы бязглузды загад забіваць! Я адмаўляюся і ня буду такія загады бяздумна выконваць.

— «Аўганцы» любяць дэманстраваць сваю салідарнасьць, узаемавыручку. Але вось ужо каторы год за кратамі «аўганец» Мікалай Аўтуховіч, а яго баявыя паплечнікі маўчаць. Як ты лічыш, чаму ў гэтым выпадку не праяўляецца баявое братэрства?

Алесь Пушкін. Партрэт сябра. Кундуз, 1985 год

Алесь Пушкін. Партрэт сябра. Кундуз, 1985 год

— Яшчэ ў пачатку 90-х гадоў сфармавалася Асацыяцыя вэтэранаў вайны ў Аўганістане. У кожным горадзе зьявіліся яе аддзяленьні. «Аўганцы» паставілі сабе за мэту дамагчыся розных ільготаў. Яны атрымлівалі кватэры, лядоўні, відэамагнітафоны. Потым разводзіліся, пакідаліся гэта першым жонкам, ізноў жаніліся, ішлі другім разам прасіць тыя льготы. Я — не тыповы «аўганец». Большасьць «аўганцаў» сябруе з уладай, такія «аўганцы» трымаюць Лінію Сталіна, гэта іхны бізнэс. А салідарнасьці няма таму, што людзі зразумелі: хоць Аўтуховіч баявы дзядзька, але — супраць улады.

— Франтавік Васіль Быкаў усё жыцьцё пісаў пра вайну. Франтавік Міхаіл Савіцкі ўсё жыцьцё маляваў вайну. Чаму вайна ў Аўганістане не знайшла адлюстраваньня ў тваёй творчасьці?

— Тут трэба разьмежаваць. Вялікая Айчынная вайна была для беларусаў усё ж вызваленчай вайной ад чужых захопнікаў. А на аўганскай вайне мы самі былі ў ролі захопнікаў і акупантаў. Дык што мы маем апяваць ці праслаўляць? Скажам, адчайны подзьвіг Мікалая Чэпіка — ён жа ня служыць на карысьць Беларусі. Дык лепш перанакіраваць сваё натхненьне і творчасьць не на чужую, далёкую, саромную тэму, а на наша беларускае жыцьцё. Цаніць яго, успамінаючы тыя сухія горы і страшную вайну. Я ўспамінаю, як тую пустэльню, тыя голыя горы аўганцы баранілі! Дзеці бралі ў рукі зброю! А Беларусь такая прыгожая — і зямля, і азёры. Вось яе мы павінны бараніць з падвойнай, патройнай ахвотай. Што да творчасьці, то ў мяне ёсьць эскіз карціны, зроблены для музэю воінаў-інтэрнацыяналістаў у Віцебску. Вельмі выгодны быў заказ. Але там трэба было падпісацца за «калектыўную бясьпеку» з Расеяй. І я адмовіўся, хоць мой эскіз ужо быў прыняты. У маім архіве ёсьць замалёвачкі салдацкія з Аўганістану, часам праглядаю іх. А пра той страчаны дзяржзаказ я ні хвіліны не пашкадаваў.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG