Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цягам апошніх дзён у Беларусі пачалі блякаваць працу папулярнай IP-тэлефаніі SIP. У інтэрнэце выказваюцца вэрсіі, што гэта зьвязана са званком тэлегледача, які зьняважыў кіраўніка Беларусі.

У «Белтэлекаме», дзяржаўным і найбуйнейшым апэратары тэлекамунікацыйных паслуг у Беларусі, карэспандэнту Свабоды патлумачылі, што афіцыйна SIP — «гэта нелегальная IP-тэлефанія». Маўляў, яшчэ ўлетку мінулага году «Белтэлекам» укараніў антыфродавую сыстэму.

«Гэтая сыстэма дазваляе, у прыватнасьці, змагацца і з такім спосабам махлярства, як незаконная IP-тэлефанія», — паведамлялася тады на сайце «Белтэлекама».

Антыфродавая сыстэма створана з дапамогай абсталяваньня і праграмнага забесьпячэньня ізраільскай кампаніі «cVidya». Яна дапамагае выяўляць махлярскія апэрацыі ў рэжыме рэальнага часу і праводзіць аналіз паводзін абанэнта. (Пад фродам мюцца на ўвазе несанкцыянаваныя дзеяньні і неправамернае карыстаньне рэсурсамі і паслугамі ў сетках сувязі).

«Дадзеныя пра неправамернае выкарыстаньне сэрвісаў і паслуг, атрыманыя ад антыфродавай сыстэмы, перадаюцца праваахоўным органам для прыняцьця мераў адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці», — паведаміў «Белтэлекам».

Чаму менавіта цяпер беларускія карыстальнікі IP-тэлефаніі SIP сутыкнуліся з блякіроўкай? Гэта карэспандэнту Свабоды прадстаўнік «Белтэлекаму» патлумачыў так:

«У штатным рэжыме працуе антыфродавая сыстэма. Не падкажу, чаму менавіта ў апошнія два дні».

Ён таксама параіў карыстацца скайпам і афіцыйна дазволенай IP-тэлефаніяй.

Пазьней у «Белтэлекаме» дадалі:

«Афіцыйных запытаў ад правайдэраў і кліентаў па працы інтэрнэт-сайтаў SIP-правайдэра ў адрас „Белтэлекама“ не паступала. Усе антыфродавыя сыстэмы працуюць у стандартным рэжыме, дазваляючы, у прыватнасьці, змагацца з такім відам махлярства, як незаконная IP-тэлефанія».

У тэхнічнай службе правайдэра «АйПі Тэлком» карэспандэнту Свабоды патлумачылі:
Ёсьць абходныя варыянты выкарыстаньня SIP, можна гэтую блякіроўку абыходзіць. Але калі да нас зьвяртаюцца кліенты, мы іх накіроўваем у «Белтэлекам»

«IP-тэлефанію блякуе «Белтэлекам», а з чым гэта зьвязана, адказу нам не далі. Дзесьці два дні таму яны пачалі блякаваць SIP. Але афіцыйнага адказу няма, хоць мы давалі запыт. Карыстацца можна, раней не блякавалася. Ня ведаю, на якой падставе яны цяпер блякуюць. Магчыма, у іх было нейкае распараджэньне. Гэтыя пытаньні трэба задаваць ім наўпрост. Яны спачатку выключалі, у іх нібыта не атрымалася, і яны вярнулі ўсё як было. А цяпер нібыта сталая блякіроўка. Ёсьць абходныя варыянты выкарыстаньня SIP, можна гэтую блякіроўку абыходзіць. Але калі да нас зьвяртаюцца кліенты, мы іх накіроўваем у «Белтэлекам».

У інтэрнэце абураныя карыстальнікі пакідаюць свае запісы пра блякіроўку IP-тэлефаніі ў Беларусі. Яны патрабуюць вярнуць SIP, бо гэты сродак сувязі, на іх думку, зручнейшы, чым скайп.

«У Беларусі пачалося маштабнае блякаваньне IP -тэлефаніі. У прыватнасьці, блякуецца праца папулярнага кліента Sippoint сэрвісу sipnet.ru. Паводле заканадаўства РБ, выкарыстаньне падобных сэрвісаў у асабістых мэтах не забаронена. Якія ёсьць спосабы барацьбы з гэтым „бязьмежжам“? Прыйшоў адказ ад правайдэра, што яны нічога не блякуюць, а блякуе „Белтэлекам“. Трэба іх засыпаць скаргамі, каб не казалі, што ніхто ня скардзіцца», — піша карыстальнік #67317.

«Думаю, што афіцыйнага адказу мы не дачакаемся, пакуль у жывым эфіры яшчэ раз хто-небудзь з электарату не закляйміць сьвятлейшага з бліжэйшага аграгарадка па народным спадарожнікавым тэрмінале ірыдыюм або глобалсат)) хай шукаюць потым і блякуюць увесь эфір))», — напісаў карыстальнік #183329.

У інтэрнэце выказваюцца меркаваньні, што блякіроўка IP-тэлефаніі SIP зьвязаная са зьневажальным званком аднаго з тэлегледачоў на адрас кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі 10 лютага ў жывым эфіры перадачы «Белорусское времечко» на тэлеканале «Беларусь-1».

Праграма выходзіла ў эфір у жанры «народных навін». Туды дазваніўся мужчына, які прадставіўся Сяргеем і заявіў: «Хачу вам сказаць, што Лукашэнка — г...но!» Пасьля гэтых словаў сувязь зь ім абарвалася. Вядоўцы праграмы сказалі, што такія паводзіны непрымальныя.

Прадстаўнік «Белтэлекаму» сказаў карэспандэнту Свабоды, што ня мае пра гэта ніякай інфармацыі.

Карыстальнік IP-тэлефаніі Ўладзімер Бараніч тлумачыць: «Ай-пі-тэлефанія — спосаб рабіць звычайныя званкі (на правадныя і мабільныя тэлефоны) праз інтэрнэт. Прыклады — SkypeOut, Google Voice. Не паміж скайпамі, а са скайпа на тэлефон, за грошы. Праблема ў тым, што скайп дарагаваты, таму ёсьць іншыя пастаўшчыкі паслугаў з больш таннымі расцэнкамі. Напрыклад, вельмі папулярны сэрвіс sipnet.ru, які дазваляе тэлефанаваць на некаторыя расейскія тэлефоны бясплатна. Таксама гэтыя сэрвісы дазваляюць наагул не карыстацца кампутарам, а выкарыстоўваць адмысловы тэлефон, падлучаны да інтэрнэту. У Беларусі для камэрцыйнага аказаньня паслугаў існуе манаполія „Белтэлекама“, але для прыватнага карыстаньня абмежаваньняў няма.

У выпадку такога званка з таго боку высьвечваецца нумар, зь якога рэальна робіцца званок — нумар шлюза. У выпадку з sipnet.ru — маскоўскі нумар. Хоць там можна задаць і свой рэальны нумар».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG