Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мёрах жыхарам прыватных дамоў пагражаюць адключэньнем цяпла


Улады Мёраў зьбіраюцца адключыць ад цэнтральнага ацяпленьня дамы жыхароў прыватнага сэктару.

Пра гэта Свабодзе паведаміў сябра БХД, кандыдат на дэпутата ў мясцовыя саветы Валеры Валажонак.

«Пытаньні дрэннага ацяпленьня ў Мёрах улады вырашылі вельмі добра: працаўнікі камунальных службаў ходзяць па падворках і наўпрост кажуць людзям, што па заканчэньні ацяпляльнага сэзону адключаць ад цэнтральнага ацяпленьня ўсе аднапавярховыя дамы з прыватнага сэктару. А ў гэтых людзей ні газу, ні печак няма для ацяпленьня. Гэта „чалавек году“ такое рашэньне прыняў — дырэктар ЖКГ Мяцеліца. А пытаньне ацяпленьня яны так і ня вырашылі — як было, так усё і засталося».

Атрымаць камэнтар дырэктара ЖКХ Мёрскага раёну Ўладзімера Мяцеліцы не ўдалося. А галоўны інжынэр камунальнай службы сказаў наступнае:

«У нас нізкія тэмпэратуры былі яшчэ і таму ў прыватным сэктары, што ў некаторых дамах былі самавольна ўсталяваныя дадатковыя помпы. Цяпер іх адключылі.

Мы іх крыху папалохалі, каб не займаліся самавольствам. Але на гэтым участку, адкуль паступіла скарга, мы будзем мяняць цепласеткі, перападпісваць дамовы. І практычна ўсе жыхары будуць перападключаныя.

Будуць адключаныя толькі злосныя парушальнікі: хто ня будзе займацца сваім участкам цепласеткі, парушаць сыстэму ацяпленьня ў сваім доме — хто ня будзе ўцяпляць сыстэму ў сваім двары, усталёўваць дадатковыя помпы — з тымі будзем разьбірацца жорстка. Бо як інакш людзей навучыш? Трэба крыху і самім працаваць, а ня толькі скардзіцца».
XS
SM
MD
LG