Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саньнікаў расказаў у АБСЭ пра пакуты беларускіх палітвязьняў


Андрэй Саньнікаў, архіўнае фота

Андрэй Саньнікаў, архіўнае фота

Былы палітвязень, лідэр «Эўрапейскай Беларусі» Андрэй Саньнікаў выступіў на пасяджэньні Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, якое праходзіць 13–14 студзеня ў Вене.

Андрэя Саньнікава запрасілі на пасяджэньне разам з праваабаронцамі з Азэрбайджану, Казахстану, Турэччыны.

Саньнікаў выступіў на паседжаньні Трэцяга камітэту ПА АБСЭ.

Дэбаты былі прысьвечаныя цяперашняй сытуацыі ва Ўкраіне, а таксама росту экстрэмізму, радыкалізму і ксэнафобіі ў рэгіёне АБСЭ, паведамляе прэсавая служба арганізацыі.

У сваім выступе Андрэй Саньнікаў апавёў пра сытуацыю з парушэньнем правоў чалавека ў Беларусі, пра палітвязьняў і ролю АБСЭ ў прасоўваньні свабоды і дэмакратыі ва Ўсходняй Эўропе. Свой выступ ён пачаў з падзякі за салідарнасьць і падтрымку:

Андрэй Саньнікаў нагадаў пра тое, у якой сытуацыі апынуўся ён, а таксама іншыя беларускія апазыцыянэры пасьля выбараў 2010 году і разгону Плошчы:

«Два гады таму, калі я быў у турме, тут выступала мая сястра Ірына Багданава. Яна распавяла пра маю сытуацыю, пра ціск і катаваньні, якія я зазнаў. Пазьней гэта было аспрэчана афіцыйным прадстаўніком Беларусі. Таму сёньня я тут прысутнічаю, на шчасьце, асабіста, каб пацьвердзіць, што ўсё, што было сказана два гады таму, праўда.

Мяне арыштавалі, калі я ўсё яшчэ быў кандыдатам у прэзыдэнты і ўсё яшчэ меў пасьведчаньне кандыдата ў прэзыдэнты. Мяне моцна зьбілі, пасьля чаго затрымалі па дарозе ў шпіталь, пасадзілі ў турму КДБ, дзе палітвязьняў катавалі. Мне адмаўлялі ў прававой і мэдыцынскай дапамозе. Упершыню са сваім адвакатам я сустрэўся ў параўнальна канфідэнцыйнай абстаноўцы толькі празь месяц. Пэрыядычна мяне трымалі ў ізаляцыі — як у турме КДБ, так і ў калёніях.

Яны выкарыстоўвалі ўсялякую маю хваробу, каб прычыніць мне фізычныя пакуты. Яны выкарыстоўвалі ўсё, каб націснуць на мяне і маю сям’ю. Маю жонку арыштавалі разам са мной і зьбілі падчас мірнай дэманстрацыі на плошчы 19 сьнежня 2010 году. На працягу 16 месяцаў я прайшоў чатыры турмы, тры зь якіх двойчы, тры папраўчыя калёніі, восем этапаў. Гэта паказвае, што быў адмысловы плян, распрацаваны дыктатарам, каб ціснуць і катаваць палітычных зьняволеных».
Цяпер у Беларусі адзінаццаць палітычных вязьняў. Але тое, пра што я вам распавядаю, гэта толькі бачная частка вяршыні айсбэрга

Андрэй Саньнікаў зазначыў, што ў Беларусі за кратамі застаюцца палітвязьні:

«Цяпер у Беларусі адзінаццаць палітычных вязьняў. Але тое, пра што я вам распавядаю, гэта толькі бачная частка вяршыні айсбэрга, бо ў турме я сустрэў сотні людзей, якія знаходзяцца там з палітычных матываў, таму што яны змагаліся за свае правы на мясцовым узроўні. Яны ня так прыкметныя, як праваабаронцы або грамадзянскія актывісты, але за кратамі іх сотні».

Як паведамляе сайт «Хартыі-97», у дэбатах выступіў старшыня камісіі Савету рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Ўладзімір Сянько, які заявіў, што ў Беларусі няма палітвязьняў, і назваў краіну «дэмакратыяй, якая разьвіваецца».

Андрэй Саньнікаў назваў гэтыя словы вялікай хлусьнёй:

«Трэба валодаць надзвычай багатай фантазіяй, каб назваць самую жорсткую дыктатуру ў Эўропе „дэмакратыяй, якая разьвіваецца“, як гэта зрабіў прадстаўнік рэжыму. Хачу сказаць, што пасьля разгону мірнай дэманстрацыі 19 сьнежня 2010 году пацярпела і АБСЭ: яе офіс у Менску быў закрыты».

Андрэй Саньнікаў пералічыў прозьвішчы 11 беларускіх палітычных зьняволеных і заклікаў:

«Яны маюць патрэбу ў падтрымцы і павінны быць вызваленыя».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG