Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працяг цыганскай драмы: дзяцей пад апеку забіраюць сваякі


Бабуля Люба з Радай і Раманам
Бабуля Люба з Радай і Раманам

Пасьля шэрагу публікацыяў у незалежных мэдыях улады Гомельскага раёну пагадзіліся не забіраць дзяцей шматдзетнай цыганскай маці Любові Макаравай зь вёскі Прыбар у інтэрнат, а перадаюць іх пад апеку сваякоў.

Дачка Макаравай, чацьвёртаклясьніца Рада, пасьля месячнага перапынку вярнулася ў школу. Сын, другаклясьнік Раман, пакуль ня ходзіць на заняткі з прычыны прастуды.

Дырэктар Прыбарскай сярэдняй школы Надзея Жарына апавяла, што менавіта школа ініцыявала адлучэньне дзяцей ад маці, бо тыя былі ў сацыяльна небясьпечным становішчы:

«Ініцыятыва школы заключаецца ў тым, што прызнана: дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы, і яны патрабуюць дзяржаўнай абароны. Так, гэта ініцыятыва наша, школы — паводле дэкрэту. Мы заехалі — холад люты. Дзеткі суткамі могуць быць галодныя. Мама цягае іх жабраваць і ў Менск, і ў Гомель. Пустая хата. На тапчане валяюцца — гэта вы не засьпелі! — там і сьвіньні, і сабакі. І ўсё недагледжанае ў гэтым прылазьніку, дзе яны знаходзяцца. Гэта жахлівы малюнак. А дзеткі харошыя, дзеткі харошыя. Электрыкі прыедуць — сьвятло абрэжуць. Яны накідваюць правады на лінію. Я ўжо казала: нябёсы захоўваюць гэтых дзетак. Гэта толькі нябёсы іх і аберагаюць».

Суразмоўніца кажа, што траціна навучэнцаў школы ў Прыбары — гэта цыганскія дзеці. Але столькі праблемаў, колькі Любоў Макарава, ніводная цыганская сям’я не стварыла. Шмат высілкаў прыйшлося прыкласьці, каб дзеці наагул своечасова пайшлі ў школы, а не пераросткамі, як дачка Макаравай Сьвятлана. Яна зараз пакінула чацьвёрты кляс — і на чатырнаццатым годзе выйшла замуж.
Любоў Макарава
Любоў Макарава

Рамана і Раду на просьбу сваякоў вырашана не накіроўваць у інтэрнат, а аддаць ім пад апеку.

Жарына: «Цяпер вырашаецца пытаньне, каб над імі ўзялі апеку. Яны застануцца нашымі. Яны па-ранейшаму будуць хадзіць у нашу школу, але даглядаць іх будуць іншыя людзі».

Дакумэнты на апеку афармляе Марта Сьцяпанава, цётка Ромы й Рады па бацькоўскай лініі. Зь ёй у адным доме жыве й бабуля дзяцей спадарыня Люба:

«Чаму адбіраюць дзяцей, мы самі ня ведаем. Нахабным чынам, вы разумееце. Нахабна забіраюць ад маці. Маці ёсьць маці. Яна іх гадуе. І замуж каторых ужо пааддавала, унукі ў яе ёсьць. Чаму нахабна адбіраюць дзяцей? Якіясьці кубікі прыдумалі і далі ёй скласьці, а яна ня склала. Але ж яна іх у школу выпраўляе, а сама ідзе здабываць ім ежу. Дзеці толькі праз мароз не хадзілі ў школу — па тэлевізары й радыё гаварылі: калі 20 градусаў марозу, каб дзеці ў школу не хадзілі».
Хаціна Макаравых — побач зь сельсаветам
Хаціна Макаравых — побач зь сельсаветам

Бабуля гатова дапамагчы гадаваць Раду й Рому і вельмі расстроена, што зь дзецьмі Макаравай абышліся жорстка:

«Мы ж таксама людзі, праваслаўныя. І нашыя цыганы й цыганкі працуюць — нават у школе. Кепскага мы ня робім. Бывае, і хата не падмецена, і ложкі не засланыя. Гэта бывае. У кожнага так бывае — і ў рускіх, і ў цыганоў, я прама скажу. Бывае, што ў рускіх больш неахайна, чым у цыганоў. У мяне вось чыста — правільна! Дык няхай дзяцей аддаюць нам, каб мы больш ня скардзіліся».

Любоў Макарава таксама пагаджаецца, каб дзяцей райвыканкам пакінуў пад апеку сваякоў, а не забіраў у інтэрнат пры жывой маці з-за невядома як атрыманай даведкі псыханэўралягічнага шпіталя:

«Я сваіх дзяцей давяраю ўзяць сваім сваякам на выхаваньне. За год я што-кольвечы прыдумаю, бо дзяцей нельга кідаць. У гэтым доме, што жыву, не хачу знаходзіцца. Мне патрэбны свой куточак. Прашу, каб мне далі шанец стаць на ногі, каб ня ўзводзілі на мяне паклёп. Даведку зрабілі, што я не магу дзяцей выхоўваць. З-за гэтай даведкі ўсё й пайшло. Я што — дурная? Ці якая? Магу лічыць, магу варыць, магу мыць. Усё магу рабіць — як звычайная маці сваіх дзяцей».
Цыганская драма ў Гомельскім раёне
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:17 0:00
Наўпроставы лінк

У аддзеле адукацыі Гомельскага райвыканкаму сёньня пацьвердзілі, што сваякі сапраўды зьбіраюць дакумэнты, каб аформіць апеку над другаклясьнікам Раманам і чацьвёртаклясьніцай Радай.

На Працоўнай вуліцы ў былым Прыбарскім фэльчарска-акушэрскім пункце, які мясцовыя ўлады аддалі некалі маці Любові Макаравай пад жытло і дзе апошнім часам жанчына жыла са сваімі дзецьмі, умовы сапраўды ня зь лепшых. Гэта мякка кажучы. Ні маці, ні Люба і ніхто іншы зь вялікага роду Макаравых тут не зарэгістраваны і рамантаваць «ня свой» дом не зьбіраецца.

Нават наадварот. Калі хто з прадпрымальнікаў на просьбу сельсавету і паставіць улетку драўляны плот вакол хаціны, то цягам зімы жыльцы спаляць яго ў печы. І так з году ў год.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG