Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вядомыя беларусы заклікаюць увесьці крымінальную адказнасьць за жорсткае абыходжаньне з жывёламі


Каля 30 беларускіх пісьменьнікаў, музыкаў, палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў падпісалі зварот у Адміністрацыю прэзыдэнта і Нацыянальны цэнтар заканадаўства і прававых дасьледаваньняў з заклікам распрацаваць закон «Аб абароне жывёлаў».

«Катаваньні і зьдзекі з жывёлаў не зьяўляюцца рэдкай і выключнай зьявай. Шматлікія факты сьведчаць аб тым, што людзі, якія праяўляюць сыстэматычную жорсткасьць у адносінах да жывёлаў, часта зь цягам часу пераходзяць на іншы ўзровень гвалту, накіраванага ўжо на людзей, — гаворыцца ў звароце. — Бессэнсоўнае забойства і зьдзек з жывёлаў можа сьведчыць пра адсутнасьць маральных абмежаваньняў або псыхічныя адхіленьні. Гэта значыць, што вельмі важна выяўляць і рэагаваць на падобныя ўчынкі раней, чым яны пяройдуць у больш небясьпечную для людзей стадыю».

Падпісанты адзначаюць, што ў Беларусі не існуе сыстэмнага заканадаўчага акту, які б вызначаў катэгорыі жывёлаў, рэгуляваў бы асноўныя прынцыпы адносін з хатнімі жывёламі, умовы адлову і ўтрыманьня бадзяжных жывёл, а таксама даваў бы вызначэньне жорсткаму абыходжаньню з жывёламі.

Аўтары звароту таксама прапануюць далучыць Беларусь да Эўрапейскай канвэнцыі аб абароне хатніх жывёлаў ды іншых пагадненьняў Рады Эўропы аб абароне жывёлаў, увесьці крымінальную адказнасьць за жорсткае абыходжаньне з жывёламі, піша БелаПАН.

Сярод падпісантаў звароту — літаратары Ўладзімер Арлоў, Ніл Гілевіч, Анатоль Івашчанка, Анатоль Вярцінскі, Уладзімер Някляеў, Усевалад Сьцебурака, Алесь Разанаў, Віталь Рыжкоў, Барыс Сачанка, Васіль Сёмуха, музыкі Зьміцер Вайцюшкевіч, Андрэй Такінданг, Алег Хаменка і Ігар Варашкевіч, старшыня асацыяцыі BelFilm Алег Дашкевіч, мастак Аляксей Марачкін, бард Андрэй Мельнікаў, футбаліст Сяргей Крывец, палітык Аляксей Янукевіч, акадэмік Радзім Гарэцкі, кіраўніца Задзіночаньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» Алена Макоўская ды іншыя.

Зварот ініцыявалі актывісты кампаніі «Не — жорсткасьці ў адносінах да жывёлаў»

10 лютага афіцыйны сайт Пракуратуры паведаміў, што гатовая новая рэдакцыя артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь («Жорсткае абыходжаньне з жывеламі»).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG