Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Культурніцкую пляцоўку «Арт Сядзіба» высяляюць з памяшканьня на Інструмэнтальным завулку, 6. З наступнага тыдня пачынаецца кампанія абароны.

«Уласьнік памяшканьня, дзе пяты месяц знаходзіцца „Арт Сядзіба“, — Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў — вырашыў разарваць дамову арэнды, бо нанятае памяшканьне спатрэбілася яму для ўзнаўленьня ўласнай швейнай вытворчасьці», — гаворыцца ў паведамленьні на сайце «Арт Сядзібы».

У будынку, дзе наймае плошчу «Арт Сядзіба», месьціцца яшчэ тэатральная студыя, «і іх ніхто не чапае».

Памяшканьне на Інструмэнтальным завулку, 6 трэба вызваліць да 21 лютага, Дня роднай мовы.



«Ліст ад Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў мы атрымалі яшчэ 22 студзеня. Адразу вырашылі не паведамляць пра гэта ў СМІ. Сабраліся ўсёй нашай вялікай камандай, удзельнікамі школы арт-мэнэджэраў, і пачалі думаць, што далей рабіць. Вырашылі адназначна, што так проста гэта не пакінем, бо надакучыла пераяжджаць, шукаць памяшканьні ды хвалявацца, што нехта з табою ў любы час разарве дамову арэнды», — кажа Павал Белавус, адзін з кіраўнікоў «Арт Сядзібы».

«Таму апошнія два тыдні мы старанна рыхтавалі кампанію салідарнасьці і падтрымкі „Арт Сядзібы“, адмысловы сайт, і ў панядзелак зьбіраемся прэзэнтаваць кампанію, якая будзе накіраваная на мабілізацыю моладзі, творчай інтэлігенцыі ды неабыякавых беларусаў, каб сумеснымі сіламі стварыць „народную Арт Сядзібу“ ў самым сэрцы Менску. Падрабязнасьці прытрымаем да панядзелка».

За некалькі месяцаў у памяшканьні «Арт Сядзібы» адбылося больш за 80 разнастайных імпрэзаў, сярод якіх і прэзэнтацыя праекту Радыё Свабода «Беларускі нацыянальны нэкропаль».

«Арт сядзіба» мяняе памяшканьне ўжо пяты раз за апошнія некалькі гадоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG