Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея забараняе ўсынаўленьне ў краіны, дзе дазволеныя аднаполыя шлюбы


Расейскі ўрад унёс у закон аб усынаўленьнi дзяцей-сірот папраўку, якая забараняе перадачу дзяцей у краіны з дазволенымі аднаполымі шлюбамі.

Адпаведную пастанову падпісаў прэм’ер-міністар Дзьмітрый Мядзьведзеў.

«Усынавіцелямі могуць быць паўналетнія асобы абодвух палоў, за выключэньнем асоб, якія знаходзяцца ў саюзе, заключаным паміж асобамі аднаго полу, прызнаным шлюбам і зарэгістраваным у адпаведнасьці з заканадаўствам дзяржавы, у якой такі шлюб дазволены, а таксама асоб, якія зьяўляюцца грамадзянамі названай дзяржавы і не знаходзяцца ў шлюбе», — гаворыцца ў дакумэнце.

У чэрвені 2013 года Дзяржаўная дума і Савет фэдэрацыі Расеі ўхвалілі закон аб забароне ўсынаўленьня дзяцей аднаполымі парамі. Прэзыдэнт Пуцін падпісаў гэты закон у чэрвені. Прэсавая служба Крамля тады адзначыла, што захад накіраваны на тое, каб засьцерагчы псыхіку дзяцей ад штучнага навязваньня нетрадыцыйных сэксуальных паводзінаў, а таксама ад узьнікненьня комплексаў, душэўных пакут і стрэсаў.

Акрамя гэтага, у чэрвені Дзяржаўная дума таксама прыняла закон «Аб прапагандзе нетрадыцыйных сэксуальных адносін сярод непаўналетніх». Прыхільнікі закона заявілі, што ён накіраваны на абарону сям’і ў яе клясычным прадстаўленьні і традыцыйных каштоўнасьцяў.

Расейскае заканадаўства і да гэтага не дазваляла ўсынаўленьне дзяцей гомасэксуальнымі сем’ямі, паколькі аднаполыя шлюбы ў Расеі афіцыйна не прызнаюцца.

Расейскія ўлады заклапаціліся гэтым пытаньнем, пасьля таго як вясной мінулага года французскі парлямэнт ухваліў законы, якія легалізуюць шлюбныя саюзы любых пар, незалежна ад полу, і якія дазваляюць аднаполым парам усынаўляць дзяцей.

Тады ж расійскі прэзыдэнт выказаўся за спыненьне усынаўленьня расейскіх дзяцей у краіны, дзе легалізаваныя аднаполыя шлюбы.

У студзені 2013 года Расея таксама спыніла дзеяньне пагадненьня з ЗША аб усынаўленьнi расейскіх дзяцей. Расейскія заканадаўцы матывавалі забарону тым , што за апошнія 20 гадоў у ЗША загінулі 19 прыёмных дзяцей з Расіі, — паведамляе ВВС.
XS
SM
MD
LG