Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 13 лютага: кітайскае сьвята ліхтароў і фэстываль «Вершы на асфальце»


Кітайскае сьвята ліхтароў

Кітайскае сьвята ліхтароў

Падзеі дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ:

У Менску пачнецца трэці міжнародны паэтычны фэстываль «Вершы на асфальце» памяці Міхася Стральцова. Пачатак у 18.00 у крэатыўнай прасторы «ЦЭХ» (пр-т Незалежнасьці, 58, корп. 6). На фэстывалі, які працягнецца да 16 лютага, выступяць літаратары зь Беларусі, Ісьляндыі, Польшчы, Украіны, Расеі, Літвы. Падрабязнасьці тут.

У Ліцэі БДУ ў Менску пройдзе кітайскае сьвята ліхтароў, падчас якога адбудзецца вялікі канцэрт, падрыхтаваны беларускімі і кітайскімі студэнтамі. У праграме песьні, танцы, тэатральныя сцэны і баявыя мастацтвы. Пачатак у 16.00.

У мабільнай галерэі на трэцім паверсе Нацыянальнай бібліятэкі адкрыецца фотавыстава, прысьвечаная 25-годзьдзю вываду савецкіх войскаў з Аўганістану. Пачатак у 15.00.

У менскім Доме дружбы (вул. Захарава, 28) таварыства «Беларусь-Літва» праводзіць вечарыну, прысьвечаную Дню аднаўленьня дзяржаўнасьці Літвы. Пачатак у 17.00.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:

Сусьветны дзень радыё. Будзе адзначацца сёлета другі раз. Зацьверджаны ЮНЭСКА на прапанову Гішпаніі. Адзначэньне прывязанае да даты першай перадачы Радыё ААН у 1946 годзе.

1908 – адкрыўся Менскі царкоўна-археалягічны музэй.

1945 – Другая сусьветная вайна: пачатак буйной бамбардзіроўкі Дрэздэна авіяцыяй саюзьнікаў.

1975 – кіраўніцтва турэцкай абшчыны на Кіпры абвясьціла ў аднабаковым парадку ў паўночнай частцы выспы «Турэцкую фэдэратыўную дзяржаву Кіпр».

1988 – у Сьцепанакерце прайшоў першы мітынг, на якім было вылучанае патрабаваньне аб далучэньні Нагорнага Карабаху да Армэніі.

1990 – Падпісанае пагадненьне пра аб’яднаньне дзьвюх частак Нямеччыны – заходняй і ўсходняй.

У гэты дзень нарадзіліся:

1705 – Францішка Ўршуля Радзівіл, беларуская і польская пісьменьніца, драматург.

1806 – Юльян Корсак, беларускі паэт і перакладчык

1902 – Сымон Хурсік, беларускі пісьменьнік

1973 – беларускі паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч, папулярызатар беларускай літаратуры.

У гэты дзень памерлі:

1974 – Паўліна Мядзёлка, беларуская акторка, дзяячка культуры.

1984 – Язэп Найдзюк, дзяяч заходнебеларускага нацыянальнага руху, выдавец, гісторык.

2009 – Валянцін Тарас, беларускі паэт, крытык і перакладчык.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ

Самы шчыры палітык з-пад Шклова
даў насельніцтву чэснае слова:
будзе водка й расол!
Моцны цешыўся пол —
і рыдала другая палова.

Андрэй Хадановіч, з цыклю «Землякі, альбо Беларускія лімэрыкі»
XS
SM
MD
LG