Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні аштрафавалі за збор подпісаў супраць аўтападатку


Аляксандра Васілевіч, Ежы Грыгенча й Ірына Давідовіч

Аляксандра Васілевіч, Ежы Грыгенча й Ірына Давідовіч

Сяброў гарадзенскай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандра Васілевіча, Ежы Грыгенча, Руслана Кулевіча аштрафавалі на 1,95 міёльна рублёў, а Ірыну Давідовіч зь Іўя — на 1,3 мільёна.

Усіх суд прызнанаў вінаватымі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікеце. 7 лютага сябры АГП на вуліцы Ажэшкі ў Горадні зьбіралі подпісы за прэтэндэнтаў у кандыдаты ад сваёй партыі, а таксама за скасаваньне падатку на аўтамабілі і раздавалі партыйныя бюлетэні.

Суд палічыў незаконным тое, што на пікеце зьбіраліся подпісы супраць падатку на аўтамабілі.

Паседжаньне суду адбывалася ў міліцыі Ленінскага раёну Горадні.

Супраць пікетоўцаў, паводле Васілевіч, сьведчылі міліцыянт і сябра выбарчай камісіі Ірына Вішнеўская, якая нібыта выпадкова апынулася на месцы пікету і бачыла ў руках пікетоўцаў ліст з подпісамі за адмену падатку на аўто.

Усе асуджаныя ня згодныя з рашэньнем суду і будуць яго абскарджваць.

«У любым выпадку мы не парушылі зааканадаўства нават тым, што зьбіралі подпісы супраць падатку на аўто, паколькі падобная ініцыятыва не забароненая заканадаўствам», — кажа Аляксандра Васілевіч.

Ірына Давідовіч кажа, што па сутнасьці сьведкі не прадаставілі суду ніякіх рэчавых доказаў:

«Калі мы нават і незаконна зьбіралі подпісы за адмену падатку на аўто, то міліцыянты павінны былі канфіскаваць іх у нас і падаць гэта як доказ у судзе, але нам нават ніхто не зрабіў за гэта заўвагі», — кажа Давідовіч, якую судзьдзя Алена Пятрова аштрафавала на 1 мільён 300 тысяч рублёў, узяўшы пад увагу тое, што яна безпрацоўная і мае на ўтрыманьні двух няпоўнагадовых дзяцей.

На 13 лютага заплянаваны суд над яшчэ адным удзельнікам пікету — Аляксандрам Мунякіным, які сёньня ня здолеў зьявіцца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG