Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

5 лютага ў бэрлінскім клюбе «Buchhändlerkeller» адбылася вечарына памяці перакладчыка, публіцыста і папулярызатара беларускай літаратуры ў Нямеччыне Норбэрта Рандава, які памёр 1 кастрычніка летась. «Лёс і ўпартасьць» — так назваў свой тэкст пра Рандава і Беларусь нямецкі журналіст Інго Пэц.

Беларусь (Weißrussland, як, на жаль, гэтую ўсходнеэўрапейскую кріану дагэтуль называюць у Нямеччыне) — невядомая краіна. Нягледзячы на сваю няпростую вельмі эўрапейскую культуру і гісторыю. У Беларусь ня езьдзяць проста так, як езьдзяць у Гішпанію або Англію. Толькі лёс — калі верыць у лёс — можа прывесьці вас у Беларусь. Але той, хто ўрэшце там пабывае, ужо ніколі гэтай краіны не пазбудзецца.

Норбэрт Рандаў (27.11.1929-1.10.2013) фота: Інго Пэц

Норбэрт Рандаў (27.11.1929-1.10.2013) фота: Інго Пэц

Я, у 1994 годзе студэнт усходнеэўрапейскай гісторыі, трапіў у Беларусь выпадкова. Бальшыня ўсё ж едзе ў Расею, каб там выпрабаваць свае нядаўна набытыя расейскія веды. Выпадкова трапіў у Беларусь і Норбэрт Рандаў. Ягоная сястра, пакуль ён адбываў сваё зьняволеньне ў ГДР, выйшла замуж за салдата-беларуса. Так Норбэрт Рандаў у шасьцідзясятыя гады спазнаў і палюбіў беларускую літаратуру. Ён аб’езьдзіў краіну, сустракаўся зь пісьменьнікамі, завязваў зь імі сяброўствы, спакойна піў зь імі тую або іншую гарэлку. Бо: «Міжчалавечае comes first». Гэты прыгожы сказ ён неяк прамовіў мне ў адным інтэрвію. Ужо ў 1971 годзе ён апублікаваў анталёгію «Буслы над балотамі» з апавяданьнямі беларускіх аўтараў, наагул першую беларускую анталёгію ў нямецкамоўнай прасторы. У яе ўвайшлі творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Янкі Брыля, Івана Мележа, Максіма Гарэцкага і, вядома ж, Васіля Быкава — гэткім чынам яны ўпершыню сталі даступныя нямецкаму чытачу.

Той, хто прачытае вельмі дэтальнае пасьляслоўе Рандава ў гэтай кнізе, заўважыць, як шалёна, як апантана ён ужо тады акапаўся ў беларускай літаратуры. А таксама ў беларускай гісторыі, зразумець якую — і гэта я магу пацьвердзіць з свайго досьведу — зусім ня лёгка. Разам з сваім шваграм Уладзімерам Чапегам і сястрой Гундулай ён пераклаў яшчэ шмат іншых беларускіх кніг і аўтараў, стаўшы першапраходцам на ніве беларускай літаратуры ў Нямеччыне. Значэньне яго як піянэра і пасярэдніка невядомай эўрапейскай літаратуры немагчыма перацаніць. Таму ў Беларусі Норбэрта Рандава шануюць і да сёньня. Ягоныя літаратурныя заслугі былі адзначаны больш чым дастаткова, i я ня буду на іх спыняцца падрабязьней.

Урэшце Беларусь зьвяла і мяне з Норбэртам Рандавам. Таксама выпадкова. Агульны знаёмы, пісьменьнік Уладзімер Арлоў, падчас аднаго з маіх побытаў у Беларусі ў 2009 годзе скантактаваўся са мной і папрасіў узяць з сабой у Бэрлін кнігі і часопісы для Норбэрта Рандава. Вярнуўшыся ў Бэрлін, я зайшоў да Норбэрта Рандава ў ягоную кватэру ў Моабіце і сустрэў там кемлівага, сардэчнага — і што мне асабліва спадабалася — надзвычайна ўпартага, незалежнага і вальналюбнага мысьляра, які прыйшоў відавочна не з гермэтычна закрытага акадэмічнага грамадзтва, а з бурлівага віру жыцьця. І гэта мне спадабалася. А яшчэ мне спадабалася, што Норбэрт Рандаў меў бунтарскія меркаваньні, якія ён выказваў ясна і выразна, а часам і з зацятай упартасьцю. «Безь беларускіх клясыкаў ня варта нават і пачынаць. Іх трэба ведаць абавязкова. Яны — гэта падмурак. Хто іх ня ведае, той беларускую літаратуру не зразумее». Лішне казаць, што пра рынкавыя правілы, паводле якіх сёньня працуе кніжны рынак, Норбэрт Рандаў не хацеў і чуць. Бо ў іх палягае прычына таго, што беларускім кнігам сёньня так цяжка прабіцца на нямецкі рынак. І гэта Норбэрту Рандаву давялося адчуць на сваім досьведзе — ягоны пераклад раману Максіма Гарэцкага «Дзьве душы» дагэтуль так і не знайшоў выдаўца. На жаль.

Ужо і з гэтага прыкладу можна адчуць, што зь Беларусьсю ўсё ня так проста. Не, усё зусім няпроста. Гісторыя Беларусі складаная і шматпластовая, пахаваная пад хлудам непаразуменьняў і стэрэатыпаў. Вакол неадназначнай і заблытанай ідэнтычнасьці беларусаў можна бясконца спрачацца доўгімі вечарамі. Беларусь мела ў сваёй гісторыі мала шчасьця. Гэта краіна болю, войнаў і катастрофаў. Мэнтальнасьць беларусаў ніяк не назавеш лёгкай і сонечнай. Яна хутчэй панурая і мэлянхалічная. Сёньня ў Беларусі дыктатура. І пад ціскам гэтых палітычных абставінаў нялёгка ня ўпасьці ў дэпрэсію, калі доўгі час займаесься гэтай краінай. Беларусь — не аптымістычны край, дзе хацелася б лёгка і бесклапотна грэцца на сонцы. Беларусь патрабавальная і шчодрая. Беларусь нялёгка любіць. Але ўсё гэта выглядае надзвычай прывабна для людзей упартых і схільных да незалежнага думаньня. Беларусь прапануе разнастайнасьць, глыбіню і шурпатасьць. Гэта краіна не на адну ноч, а на цэлае жыцьцё. Гэта краіна, якая прагне глыбінных і важкіх адносінаў, а не павярхоўнага мімалётнага спатканьня. Каб спазнаць Беларусь бліжэй, патрабуецца вытрымка, настойлівасьць і адкрытая душа. Я ўпэўнены, што Норбэрт Рандаў дзеля гэтага адчуваў сябе так добра ў Беларусі. Беларусь кранула яго, бо была для яго выклікам. Можна гэта выказаць інакш. Гэтая невядомая краіна рабіла яго больш жывым, а значыць і больш свабодным.

Я вельмі рады, што быў знаёмы з Норбэртам Рандавам. Празь яго я лепш зразумеў, чаму і я адчуваю такую вялікую прыхільнасьць да Беларусі. Празь яго я трошкі лепш зразумеў і самога сябе. Таму, дарагі Норбэрт Рандаў, я хацеў бы падняць тост за Вас. І як належыць палове беларусаў, вядома ж, з адпаведным патасам: «Жыве Норбэрт Рандаў!»

Дзякую Вам!
Пераклаў Сяргей Шупа

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG