Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валянціна Аліневіч: Шагал ставіць пад сумнеў ідэалы свабоды


Валянціна Аліневіч
Валянціна Аліневіч

Выказваньні амбасадара Ізраілю ў Беларусі Ёсіфа Шагала адносна беларускіх палітвязьняў на тэлеканале RTVI выклікалі крытыку з боку сваякоў палітвязьняў і беларускіх праваабаронцаў.

Амбасадар Ізраілю ў Беларусі Ёсіф Шагал да 4 асобаў скараціў сьпіс беларускіх палітвязьняў і гэтак выказаўся пра тое, чаму яны застаюцца ў вязьніцах:

«Тыя, каго лічаць палітвязьнямі, гэта чатыры чалавекі афіцыйна сёньня. Чатыры чалавекі засталіся, сядзяць у турме. Лукашэнка прапануе ім напісаць прашэньне аб памілаваньні, як у гісторыі з Хадаркоўскім: напішы просьбу — цябе памілуюць. Яны ня хочуць, лічаць за лепшае заставацца героямі ў турме, — сказаў Ёсіф Шагал у праграме „Ізраіль за тыдзень“, якая была паказаная па RTVI 6 лютага. — Як мы паставімся да палестынца, які кінуў камень у Кнэсэт? Ён хто, палітычны ці крымінальнік? Яны ўсе сядзяць паводле крымінальнага артыкула, а не палітычнага. Усе. За напад на парлямэнт, за кіданьне камянёў».

Валянціна Аліневіч, маці палітвязьня Ігара Аліневіча, які пакараны на 8 гадоў зьняволеньня за хуліганскія дзеяньні адносна афіцыйных будынкаў, гэтак пракамэнтавала выказваньні амбасадара Ёсіфа Шагала:

«Зьдзіўлена, што пасол такой дзяржавы, як Ізраіль, дзе такая крывавая гісторыя, дзе такі мудры народ, гаворыць такія рэчы. Ягоныя выказваньні ставяць пад сумнеў ідэалы свабоды і магчымасьць змагацца за свае правы. Добра, што Эўразьвяз і ЗША выказалі падтрымку беларускім палітвязьням і ўвогуле барацьбе беларускага народу за дэмакратыю. А спадар Шагал дазваляе сабе зьняважлівы тон адносна беларускіх палітвязьняў, якія ня могуць яму адказаць, што я лічу непрыстойным».

Валянціна Аліневіч кажа, што ўлады Беларусі намагаюцца раскалоць супольнасьць сваякоў палітвязьняў, якія разам з праваабаронцамі і апазыцыяй дамагаюцца іх вызваленьня. «У нас такога расколу ня будзе», — мяркуе яна.

Тацяна Равяка
Тацяна Равяка
Колькі палітвязьняў у Беларусі цяпер? Паводле праваабаронцы зь «Вясны» Тацяны Равякі, у Беларусі 11 палітвязьняў, якія лічацца ў гэтым статусе паводле крытэраў, прынятых на апошнім форуме праваабаронцаў у кастрычніку 2013 году. Гэтыя крытэры, паводле Тацяны Равякі, грунтуюцца на крытэрах Рады Эўропы і адпавядаюць крытэрам, прынятым міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі, у тым ліку «Міжнароднай амністыяй».

«У нас 11 палітвязьняў. Адносна 9 палітвязьняў патрабуецца неадкладнае безумоўнае вызваленьне, адносна двух палітвязьняў патрабуецца справядлівы суд і, скажам гэтак, прапарцыйнае правасудзьдзе. Гэта адносна Яўгена Васьковіча і Арцёма Пракапенкі. Мы лічым, што яны адбылі ўжо дастаткова адносна таго, што зьдзейсьнілі. Але іх мы таксама лічым палітвязьнямі, адрозьніваецца толькі ўзровень патрабаваньняў адносна іх. Астатнія, калі пералічваць, — гэта Алесь Бяляцкі, Мікалай Статкевіч, Мікалай Аўтуховіч, Эдуард Лобаў, Мікалай Дзядок, Ігар Аліневіч, Андрэй Гайдукоў, Уладзімер Яроменак і Васіль Парфянкоў. Іх трэба неадкладна вызваліць і рэабілітаваць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG