Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонка Міколы Статкевіча: Пазыцыя Ізраілю вартая жалю


Марына Адамовіч, жонка былога кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча, які адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году быў зьняволены і дагэтуль застаецца за кратамі, адказала на выказваньні пасла Ізраілю ў Беларусі Ёсіфа Шагала.

«Калі гэты спадар выказвае афіцыйную пазыцыю сваёй дзяржавы, то яна вартая жалю. Мяркую, гэтая пазыцыя вартая ацэнкі міжнароднай супольнасьці, бо дзяржава, якая пазыцыянуе сябе як дэмакратычная, наўрад ці можа карыстацца такімі дваістымі стандартамі. Што тычыцца фактуры, якую выклаў спадар Шагал, то яна таксама не адпавядае рэальнасьці. Мякка кажучы, гэта ягоныя асабістыя фантазіі. Бо, па-першае, ён выказаў сваю ацэнку на падставе меркаваньня толькі адной праваабарончай арганізацыі „Міжнародная амністыя“, хай і вядомай і аўтарытэтнай у сьвеце. Мяне ж цікавіць пазыцыя і беларускіх праваабаронцаў, і пазыцыя Эўрапейскага Зьвязу. І для мяне адназначна, што ў Беларусі 11 палітвязьняў.

Што да абвінавачаньняў спадара Шагала, што гэтыя людзі кідалі камяні ў Дом ураду, то, адзіны, хто мог бы кідаць камяні зь іх, — гэта Мікалай Статкевіч. Але нават у нашым „самым справядлівым у сьвеце“ судзе такога абвінавачаньня яму не было. Таму, мяркую, добрасумленнасьць такіх выказваньняў не патрабуе камэнтару. У тым ліку таму, што спадар Шагал тыражуе на ўвесь сьвет інфармацыю, якая адпавядае афіцыйным рэлізам дзяржавы і таго, хто ў выніку гэтых забурэньняў атрымаў магчымасьць захаваць уладу».

Таксама Марына Адамовіч выказалася адносна словаў Ёсіфа Шагала пра тое, што вязьні пісаць прашэньні аб памілаваньні «ня хочуць, лічаць за лепшае застацца героямі ў турме».

«Ва ўсім сьвеце ёсьць прыстойныя людзі і непрыстойныя, тыя, для каго словы „гонар“ і „годнасьць“ нешта значаць, і для каго нешта значаць толькі грошы. Ня толькі адносна Мікалая, а і адносна ўсіх астатніх хлопцаў абсалютна відавочна, што яны, па-першае, захоўваюць сваю годнасьць, па-другое, робяць гэта ня толькі дзеля сябе, а таксама і дзеля таго, каб у нашай краіне ў далейшым было вернутае права чалавека на ўласную думку, свабоду і дэмакратыю», — сказала Свабодзе Марына Адамовіч.
Калі гэты спадар выказвае афіцыйную пазыцыю сваёй дзяржавы, то яна вартая жалю. Мяркую, гэтая пазыцыя вартая ацэнкі міжнароднай супольнасьці

Амбасадар Ізраілю ў Беларусі Ёсіф Шагал у інтэрвію ізраільскаму каналу RTVI заявіў, што з пункту гледжаньня Ізраіля беларускія палітвязьні зьяўляюцца крымінальнікамі. Інтэрвію разьмешчанае ў інтэрнэце.

Пазыцыя ізраільскага амбасадара адносна палітвязьняў ужо крытыкавалася ў Беларусі. У 2012 годзе ў часе прэсавай канфэрэнцыі Ёсіф Шагал на пытаньне пра палітвязьняў у Беларусі адказаў: «Я — грамадзянін Ізраілю, у нас няма палітвязьняў. Што тычыцца Беларусі, то я ня ведаю, мне трэба пачытаць газэты». Гэта было расцэнена як выказваньне падтрымкі рэжыму Лукашэнкі і выклікала шэраг рэзкіх публікацый.

Ёсіфу Шагалу 65 гадоў. Ён журналіст і пісьменьнік, нарадзіўся і вырас у Баку, скончыў Азэрбайджанскі пэдагагічны ўнівэрсытэт. У савецкай арміі служыў у Беларусі ва Ўруччы, зьехаў у Ізраіль у 1990-м. У 2011 быў прызначаны амбасадарам у Беларусі.
XS
SM
MD
LG