Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Ізраіля назваў беларускіх палітвязьняў крымінальнікамі


Амбасадар Ізраіля ў Беларусі Іосіф Шагал у інтэрвію ізраільскаму каналу RTVI заявіў, што з пункту гледжаньня Ізраіля беларускія палітвязьні зьяўляюцца крымінальнікамі.

Інтэрвію было запісана 6 лютага, а 10 лютага відэа разьмешчана на сайце youtube.com

«Тыя, каго лічаць палітвязьнямі, — гэта чатыры чалавека афіцыйна сёньня. Чатыры чалавека засталося, сядзяць у турме. Лукашэнка прапаноўвае ім напісаць просьбу аб памілаваньні, як у гісторыі з Хадаркоўскім: напішы просьбу — цябе выпусьцяць. Яны не хочуць, аддаюць перавагу таму, каб заставацца героямі ў турме»,— сказаў Іосіф Шагал.

На пытаньне журналісткі аб пазыцыі Ізраіля, як адзінай дэмакратыі на Блізкім Усходзе, у адносінах да праблемы палітвязьняў у Беларусі, Шагал адказаў:



«Як мы паставімся да палестынцаў, які кіне камень у Кнэсэт? Ён хто — палітвязень або крымінальнік? Яны ўсе сядзяць па крымінальным артыкуле, а не палітычным. Усе. За атаку парлямэнта, за кіданьне камянёў».

«Я не кажу, што яны не палітвязьні — зь якога боку глядзець. З пункту гледжаньня крымінальнага кодэкса краіны, дзе іх пасадзілі, яны крымінальнікі. З пункту гледжаньня Польшчы ці Эўразьвязу, яны палітвязьні», — дадаў ізраільскі дыплямат.

На ўдакладняючае пытаньне журналісткі «А з пункту гледжаньня Ізраіля?», Шагал адказаў: «З нашага пункту гледжаньня, яны — крымінальнікі, таму што ў іх ёсьць артыкул — за хуліганства, за кіданьне камянёў, за прыніжэньне уладаў і гэтак далей».

Рэакцыю на заяву Шагала з Ізраіля, а таксама з боку беларускіх праваабаронцаў і прадстаўнікоў габрэйскай супольнасьці Беларусі чытайце пазьней на нашым сайце.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG