Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто перамог у Сочы: Домрачава ці Лукашэнка?


Дар'я Домрачава

Дар'я Домрачава

У сюжэтах пра першы беларускі алімпійскі мэдаль на дзяржаўных тэлеканалах «ОНТ» і «Беларусь-1» галоўным пэрсанажам стала зусім не біятляністка Дар’я Домрачава.

Падзеі пяціхвіліннага сюжэту, які паказалі абодва нацыянальныя каналы, разгортваюцца ў сочынскім доме Аляксандра Лукашэнкі. Букет ружаў пераможцы гонкі перасьледу дорыць малодшы пазашлюбны сын кіраўніка Беларусі Мікалай.

На душэўнай, паводле словаў вядучага, сустрэчы і адпаведна ў кадры тэлевізійнікаў апрача Лукашэнкі і сьціплай Домрачавай прысутнічаюць дырэктар холдынгу «Амкадор» Аляксандр Шакуцін, сябра прэзыдэнцкай хакейнай каманды Міхаіл Захараў, праваслаўны сьвятар Фёдар Поўны, віцэ-прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту Сяргей Цяцерын, прадпрымальнік Юры Чыж, былая намесьніца кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Натальля Пяткевіч, алімпійская прызёрка гімнастка Ксенія Саньковіч, біятляністкі са зборнай Беларусі, а таксама невядомыя шырокай публіцы дзяўчаты.

Галоўны матэрыял на сайце БТ названы так: «Адным зь першых нашую алімпійскую чэмпіёнку павіншаваў прэзыдэнт Беларусі».

Спэцыфіку асьвятленьня на Беларускім тэлебачаньні перамогі Домрачавай заўважылі шматлікія карыстальнікі сацыяльных сетак. Адным з першых выказаўся з гэтай нагоды і старшыня АГП Анатоль Лябедзька.

Спадар Лябедзька гэтак пракамэнтаваў для Свабоды ўбачанае:

«Вядома, у першую чаргу Даша праслаўляе Беларусь, але яе перамогай і яе талентам спрабуюць вырашыць праблемы іншых людзей. Мне гэта не падабаецца. Натуральна, што рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі зараз невялічкі. Яму няма чаго прадэманстраваць людзям ні ў эканамічнай, ні ў сацыяльнай, ні ў міжнароднай сфэрах. Атрымліваецца, што прапіярыцца можна толькі каля Дар’і Домрачавай. Робіцца гэта вельмі плястмасава. Прысутнасьць прадстаўніка праваслаўнай царквы айца Фёдара Поўнага таксама штучная на такім мерапрыемстве. Я магу толькі пажадаць посьпехаў Дар’і Домрачавай, а таксама, каб яе менш выкарыстоўвалі ў прагматычных і палітычных мэтах».

Зьяўленьне сьвіты Лукашэнкі ў сюжэце пра алімпійскае золата выклікала абурэньне і на форумах спартовага парталу pressball.by:

  • «Чыж на фотаздымку? Таксама алімпіец?»,
  • «Бедная Даша. Такія выпрабаваньні пасьля цяжкай гонкі»,
  • «Цьфу ты... вось гэта кампашка на сьвяткаваньні»,
  • «Хто плаціць, той і музыку замаўляе. На жаль, я думаю, выбару ў яе не было», «Я думаю, ня Даша запрашэньні даслала ўсім гэтым асобам»,
  • «Апроч мурланаў яшчэ і маладых дзяўчатак у Сочы прывёз»,
  • «Трэба ж было прымазацца АГЛу да перамогі. Іх так мала цяпер».

А адзін з удзельнікаў форуму гэтага спартовага сайту абурыўся прысутнасьцю на начных пасядзелках школьніка Колі Лукашэнкі:

«Цікава, а ў які бок глядзяць органы сацыяльнай абароны? Дзіця прагульвае школу з дазволу бацькі, ды яшчэ і ўдзельнічае ў мерапрыемстве з распіцьцём сьпіртных напояў да позьняй ночы! Гэта як разумець? Любога іншага бацьку ўжо даўно бацькоўскіх правоў пазбавілі б, а тут што? Сьмешна і сумна».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG