Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьмітрыеў: «Грамадзтва паступова апускаецца ў дэпрэсію»


Андрэй Дзьмітрыеў

Андрэй Дзьмітрыеў

Што паказаў этап збору подпісаў у кампаніі мясцовых выбараў? Якія тэмы найбольш хвалююць выбаршчыкаў, наколькі ахвотна яны аддаюць свае подпісы? Ці выйшла грамадзтва з стану апатыі? На гэтыя пытаньні адказвае намесьнік кіраўніка кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў.

— Як прайшоў збор подпісаў, як можна ацаніць гэты этап? Якія тэмы найбольш хвалююць выбаршчыкаў, наколькі ахвотна яны падпісваліся?

— Я думаю, відавочным зьяўляецца татальная дыскрэдытацыя мясцовых саветаў як органаў улады. Людзі не ўспрымаюць іх уладай, і таму нэгатыўна і без усялякага інтарэсу адчыняюць дзьверы, калі ім кажаш пра мясцовыя выбары. Таму мы ладзім кампанію «Народны рэфэрэндум», якая проста выкарыстоўвае нагоду мясцовых выбараў — але пры гэтым мы можам роазмаўляць зь людзьмі пра перамены. І, дарэчы, за «Народны рэфэрэндум» подпісы зьбіраюцца нашмат прасьцей, чым за выбары.

— Ці даў збор подпісаў вам нейкія падказкі наконт таго, як дзейнічаць далей?

— Хутчэй кампанія пацьвердзіла, што кірунак на размову зь людзьмі абраны правільна. Нашы актывісты адзначаюць, што людзі хочуць разважаць пра будучыню, для іх гэта вельмі важна, бо яны не разумеюць, што нас чакае. І людзі кажуць ня толькі пра зьмену ўлады, але і пра тое, як мусіць разьвівацца Беларусь, яны хочуць бачыць альтэрнатыву. У грамадзтва ёсьць разуменьне, што тая сыстэма, якая ёсьць — не спрацоўвае і распадаецца, і што патрэбна нешта новае.

— Пасьля 19 сьнежня 2010 году у многіх быў відавочна прыгнечаны стан, стан апалітычнасьці, нежаданьня ўдзельнічаць у грамадзкім жыцьці. Які цяпер стан выбаршчыкаў — пераважае апатыя, ці зьяўляецца жаданьне нешта рабіць?

— Грамадзтва паступова апускаецца ў дэпрэсію. І ўладам гэты стан грамадзтва больш падабаецца, чым мабілізацыя. Трэба разумець, што калі ўлада слабая, калі яе рэйтынг нізкі, — яна заўсёды будзе баяцца мабілізацыі грамадзтва. Таму ўлада робіць усё, каб грамадзтва дэмабілізаваць. Затрыманьні, спыненьне любых публічных праяваў — у тым ліку жаданьне кантраляваць выбарчы працэс, але каб людзям не былі цікавыя выбары любога ўзроўню, — гэта ўсе сьвядомыя дзеяньні ўлады.

Сёньня ў многіх ёсьць дэпрэсіўны стан, і адзіны шлях з гэтай дэпрэсіі — размовы зь людзьмі, калі мы ім кажам, як павінна быць, і што тут мусіць быць рэфэрэндум. Так, гэта зойме час, гэта няпроста — выцягваць людзей з дэпрэсіі. Але мы змагаемся не за месцы ў саветах, мы змагаемся за людзей, за іх разуменьне будучыні і бачаньне альтэрнатывы.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG