Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта МЗС Беларусі перайшоў у прапагандысцкую контратаку?


Будынак МЗС

Будынак МЗС

Беларускі МЗС падрыхтаваў другі даклад аб парушэньні правоў чалавека ў асобных краінах сьвету. Навошта ўлады Беларусі ўвязваюцца ў палеміку з Захадам на гэтай плашчыні? На каго разьлічаны гэты ход? Які палітычны эфэкт будзе мець такі даклад?

Удзельнікі: намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч і старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак.


Навошта ўлады Беларусі ўвязваюцца ў палеміку з Захадам на гэтай плашчыні?


Валер Карбалевіч: «Так атрымалася, што амаль адначасова адбыліся дзьве падзеі. МЗС Беларусі абнародаваў даклад аб парушэньні правоў чалавека ў асобных краінах сьвету, дакладней, у краінах Захаду. А Рада Эўрапейскага Зьвязу прыняла пастанову „Аб прыярытэтах ЭЗ на міжнародных форумах па правах чалавека“, якое прысьвечана маючай адбыцца чарговай сэсіі Рады ААН па правах чалавека. І ў гэтай пастанове Эўразьвяз чарговым разам патрабуе вызваленьня палітвязьняў у Беларусі.

Хоць Лукашэнка пэрыядычна і заяўляе, што ў Беларусі дэмакратыі больш, чым у краінах Эўропы, тым ня менш беларускія ўлады імкнуліся на гэтую плашчыню надта не заходзіць. Афіцыйныя асобы і дзяржаўныя мэдыі казалі, што ў нас, маўляў, свая сувэрэнная дэмакратыя з нацыянальнымі асаблівасьцямі, у нас прыярытэт — сацыяльныя правы людзей, галоўнае, каб у грамадзян была праца, жытло, бясьпека. І ўвогуле, як прапаноўваў Лукашэнка Захаду, давайце ладзіць дачыненьні не на ідэалягічнай, а на прагматычнай аснове, абмяркоўваць тэму транзыту, барацьбы з злачынствамі, міграцыяй і інш.

І вось ужо другі год запар МЗС рыхтуе даклады пра парушэньне правоў чалавека ў заходніх краінах. Навошта беларускія ўлады ўвязваюцца ў палеміку з Захадам на гэтай, на першы погляд нявыгаднай для іх, плашчыні?»

Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч: «Апошнім часам я назіраю пэўныя зьмены ў паводзінах афіцыйных прадстаўнікоў Беларусі ў міжнародных арганізацыях, найперш у ААН, пры абмеркаваньні праблемы правоў чалавека. Калі раней яны проста адбіваліся ад абвінавачваньняў у парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, то цяпер вядуць агрэсіўную палеміку. Яны кажуць, што тыя краіны, якія абвінавачваюць Беларусь, самі парушаюць правы чалавека. У зьвязку з такой тэндэнцыяй і трэба разглядаць зьяўленьне гэтага, ужо другога дакладу МЗС».

Алег Гулак

Алег Гулак

Алег Гулак: «Думаю, такая больш актыўная пазыцыя МЗС зьвязаная з прыходам на пасаду міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея. Ён напісаў уступны артыкул да гэтага дакладу. Макей піша, што сёньня правы чалавека ўзьведзеныя міжнароднай супольнасьцю на такі ж высокі ўзровень, як пытаньні міру і ўсясьветнай бясьпекі. І гэта значыць, што бяз тэмы правоў чалавека сёньня высокі міжнародны ўзровень проста немагчымы. Таму цяпер МЗС абраў наступальную тактыку, заснаваную на ідэі, што ў вас у саміх „сьмятанка на вусах“.

Але я б хацеў нагадаць, што Беларусь — паўнавартасны ўдзельнік Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (АБСЭ), дзейнасьць якой будуецца на тым, што правы чалавека — аснова міжнароднага міру і ўсясьветнага парадку. І ў гэтых варунках беларускаму кіраўніцтву трэба жыць і працаваць».


Зьмест дакладу


Карбалевіч: «Цяпер пра сам зьмест дакладу МЗС. Адкуль Міністэрства брала факты пра парушэньні правоў чалавека ў іншых краінах для гэтага дакумэнту?»

Стэфановіч: «Першакрыніца для дакумэнту — унівэрсальныя пэрыядычныя агляды, якія цяпер тычацца ўсіх краін, у Радзе па правах чалавека ААН. А таксама крыніцай сталі публічныя справаздачы праваабарончых арганізацый.

Сьвет недасканалы. Ніводная краіна не ідэальная з пункту гледжаньня правоў чалавека. Нацыянальныя праваабарончыя арганізацыі шмат крытыкуюць урады сваіх краінаў за парушэньні правоў чалавека. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі шмат крытыкуюць ЗША за антытэрарыстычнае заканадаўства, за выкарыстаньне базы Гуантанама для ўтрыманьня вязьняў, за выкарыстаньне сьмяротнага пакараньня.
На Захадзе ўрады прыслухоўваюцца да крытыкі. У Беларусі ўлады не зьбіраюцца прыслухоўвацца і абмяркоўваць інфармацыю праваабаронцаў

І тут ёсьць вялікая розьніца ў стаўленьні ўрадаў да праваабарончых арганізацыяў. На Захадзе ўрады прыслухоўваюцца да іхняй крытыкі. У Беларусі ўлады не зьбіраюцца прыслухоўвацца і абмяркоўваць інфармацыю праваабаронцаў».

Карбалевіч: «Цікавая лёгіка. Калі ў дакумэнтах ААН крытыкуецца сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі, то беларускія ўлады называюць такія матэрыялы сумнеўнымі і іх ігнаруюць. Але калі ў тых жа дакумэнтах крытыкуюцца іншыя краіны, то МЗС Беларусі іх актыўна выкарыстоўвае».

Гулак: «Сапраўды, зь лёгікай тут ёсьць пэўныя праблемы. Бо сказаўшы „А“, трэба казаць і „Б“. Але добра, што беларускія ўлады пачалі хоць бы ў такім выглядзе гаварыць пра правы чалавека. Гэта значыць, што яны не адмаўляюцца ад гэтых ідэяў, прызнаюць, што гэтая тэма важная. Але калі Беларусь крытыкуе іншыя краіны за парушэньне правоў чалавека, то, як мінімум, трэба думаць пра паляпшэньне сытуацыі з гэтымі правамі ў сябе. А то выходзіць як у тым анэкдоце: у нас можна выйсьці да Дому ўраду і сказаць, што амэрыканскі прэзыдэнт кепскі».


На каго разьлічаны гэты даклад?


Карбалевіч: «МЗС Беларусі не хавае, што дакумэнт мае прапагандысцкі характар. Бо зь яго вынікае, што ў Расеі, Кітаі, Паўночнай Карэі, краінах Афрыкі з правамі чалавека ўсё нармальна. Адзіны рэгіён сьвету, дзе ёсьць праблемы з правамі чалавека, — гэта Эўропа, ЗША і Канада. То бок беларускія ўлады не хаваюць, што гэта „наш адказ Чэмбэрлену“. На каго разьлічана гэтая прапаганда? Які эфэкт будзе мець гэты даклад? Яго ўручаць супрацоўнікам ідэалягічнай вэртыкалі дзеля выкарыстоўваньня падчас сустрэч з насельніцтвам?»

Стэфановіч: «У прэамбуле да дакладу напісана, што ён тычыцца тых краін, якія ўвялі санкцыі адносна Беларусі, то бок дзяржаў ЭЗ, ЗША і Канады. Беларускія ўлады не зьбіраюцца крытыкаваць тыя краіны, якія падтрымліваюць Беларусь на міжнародным узроўні.

Таму гэты даклад — найперш ідэалягічны прадукт. Ня думаю, што ён разьлічаны на ўнутраную аўдыторыю. Бо калі яго выкарыстоўваць тут, то давядзецца прызнаць, што правы чалавека тычацца ня толькі сацыяльных, але і грамадзянскіх, палітычных рэчаў. Гэта свабода сходаў, асацыяцыяў, думкі, рэлігійныя свабоды. То бок поўны каталёг правоў чалавека ў адпаведнасьці зь міжнароднымі нормамі. А як сказаў прэзыдэнт, „баловство это всё“. Гэты даклад — акрэсьленая пазыцыя Беларусі для міжнародных арганізацыяў».

Гулак: «Гэта дакумэнт для аблягчэньня працы прадстаўнікоў Беларусі ў міжнародных арганізацыях. Каб было што гаварыць у адказ на крытыку сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Вядома, ён будзе скарыстаны і ў ідэалягічнай працы ўнутры краіны. Маўляў, глядзіце, яны самі такія, а нас крытыкуюць.
Дрэнна тое, што беларускія ўлады, выпускаючы гэты даклад, настойваюць на сваёй спэцыфічнай трактоўцы пытаньня правоў чалавека

Дрэнна тое, што беларускія ўлады, выпускаючы гэты даклад, настойваюць на сваёй спэцыфічнай трактоўцы пытаньня правоў чалавека. Гэта значыць, што мы не зьбіраемся ўвязвацца хаця б фармальна ў гульню паводле эўрапейскіх правілаў. Мы схіляемся да расейскага падыходу, да расколу на Захад і Ўсход».

Стэфановіч: «Сапраўды, цяпер на постсавецкай прасторы назіраецца тэндэнцыя, што правы чалавека — гэта вынаходка заходняй цывілізацыі і ня трэба лезьці з сваім аршынам у наш агарод. Хоць мы, праваабаронцы, лічым, што правы чалавека — гэта ўнівэрсальная каштоўнасьць».

Гулак: «Ёсьць краіны, якія кажуць, што мы прызнаем каштоўнасьць правоў чалавека, але ня можам зрабіць усё адразу, трэба ўлічваць асаблівасьці гістарычнага разьвіцьця, але мы ідзем да гэтага. А тая лёгіка, якая бачыцца ў гэтым дакладзе МЗС, не скіраваная на рух у гэтым кірунку. МЗС гаворыць проста пра іншае».

Стэфановіч: «Але я станоўча ацэньваю зьяўленьне гэтага дакладу. Бо цяпер у Беларусі афіцыйна прызнана, што правы чалавека не зьяўляюцца ўнутранай справай краіны. А менавіта на гэтым грунтуецца праваабарончы рух».

Гулак: «Прынцып, што правы чалавека — гэта міжнародная каштоўнасьць, апошні раз быў зафіксаваны на Алма-Ацінскім саміце АБСЭ, на якім прысутнічаў Лукашэнка і не выступаў супраць. Дык свае абавязаньні трэба выконваць».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG