Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктар ТЮГа звольніўся пад ціскам калектыву


Тэатар юнага гледача
Тэатар юнага гледача

Дырэктар Беларускага рэспубліканскага тэатру юнага гледача ў Менску Мікалай Казюлін 11 лютага звольніўся са сваёй пасады.

Гэтую інфармацыю карэспандэнту Свабоды пацьвердзілі ва ўпраўленьні культуры Менгарвыканкаму.

26 студзеня на агульным сходзе трупы дырэктару Мікалаю Казюліну абвясьцілі вотум недаверу. Аналягічная сытуацыя склалася на сходзе 6 лютага, дзе прысутнічалі намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Ігар Карпенка і начальнік упраўленьня культуры гарвыканкаму Віталіна Рудзікава.

Адной з прычынаў вотуму недаверу стала рашэньне Казюліна звольніць мастацкага кіраўніка ТЮГа Ўладзімера Савіцкага і наагул скасаваць ягоную пасаду.

Мікалай Казюлін заняў пасаду дырэктара беларускага Тэатру юнага гледача некалькі месяцаў таму, пасьля сьмерці папярэдняга кіраўніка тэатру Юрыя Куліка.

Цяперашні мастацкі кіраўнік тэатру Ўладзімер Савіцкі — ляўрэат некалькіх драматургічных конкурсаў, аўтар інсцэніровак і п’ес.

Драматург, сцэнарыст, тэатральны крытык Жана Лашкевіч сказала карэспандэнту Свабоды:

«Цяпер самае складанае — знайсьці такую кандыдатуру на пасаду дырэктара, якая б працавала на карысьць тэатру, на яго росквіт і ўваходжаньне ў адрамантаваны будынак. Мы спадзяёмся, што цяпер пры прызначэньні новага дырэктара ўлічаць і нашую думку».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG