Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Шаршун: «Наступны сьцяг прымацую надзейна»


Міліцыя зьбіла інваліда за бел-чырвона-белы сьцяг
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:47 0:00
Наўпроставы лінк

Віктар Шаршун, 52-гадовы мянчук, два тыдні таму вывесіў на сваім гаўбцы на бульвары Шаўчэнкі бел-чырвона-белы сьцяг. Вечарам суботы 8 лютага пазванілі ў дзьверы. Сказалі — з ЖЭСа. Адчыніўшы дзьверы, Віктар празь нейкі час апынуўся ў РУУС Цэнтральнага раёну з разьбітым носам, галавой і памятымі рэбрамі.

«Было прыемна глядзець, як сьцяг іскрыцца на сонцы, падымае настрой і мне, і людзям, якія гэта бачаць, — кажа Віктар. — Гэта добрая справа».

Віктар распавядае, што ў дзьверы пазванілі ў суботу ўвечары. Сказалі, што з ЖЭСа.

«Я калі дзьверы адчыніў, пабачыў, што стаяць яшчэ двое ў міліцэйскай форме — але бяз бэджыкаў. І адразу яны мне кажуць: „Чаму ў вас на гаўбцы незарэгістраваны сьцяг вісіць?“ Я такую размову працягваць не захацеў і паспрабаваў зачыніць дзьверы. У гэты момант яны сталі блякаваць дзьверы нагамі і рукамі», — распавядае Шаршун. — Мне ніхто не прадстаўляўся. Проста людзі ў форме, падобныя да міліцыі».

У выніку, як распавядае Віктар, яго выцягнулі на пляцоўку, ударылі ў нос, павалілі на падлогу, тварам уніз, і ён яшчэ раз ударыўся носам. Гематома на носе ў Віктара відаць і цяпер.

Шаршуну заламілі рукі і надзелі кайданкі.

«Я спрабаваў да суседзяў пагрукаць у дзьверы, каб яны выйшлі і паглядзелі, што робіцца. Але сяржант блякаваў дзьверы суседзям і не даваў ім выйсьці, казаў: „Не адчыняйце, вам будзе горш“, — распавядае Віктар. — А я стаяў басанож, у джынсах, бяз майкі, з голым торсам на лесьвічнай клетцы».
Віктар Шаршун
Віктар Шаршун

Пасьля выйшла суседка, Віктар перадаў ёй ключы, а міліцыянты папрасілі яе зьняць сьцяг з гаўбца і перадаць ім.

«Я прасіў сьцяг пакінуць, але яны настаялі. Сьцяг забралі з сабой, — кажа Віктар. — Пасьля накінулі мне куртку на плечы, сланцы плястыкавыя на босую нагу і вывелі на вуліцу. Стаялі каля гаўбца хвілін 30, чакалі машыны, каб завесьці ў Цэнтральны РУУС».

Усё гэта здарылася недзе ў 18:30. Да дзевяці яшчэ праседзеў у РУУСе, пасьля звазілі «на Мініна», каб праверыцца «на алькаголь».

«Мяне агледзелі, там ізноў кроў з носа пайшла, і празь дзьве недзе гадзіны мы ізноў вярнуліся ў РУУС», — кажа Віктар.

Там участковы Ільля Бугор склаў пратакол. Але Віктар прачытаць яго ня змог, бо не было акуляраў. Папрасіў, каб пераказалі.

«Я амаль нічога не зразумеў, бо быў вельмі зьмершы, і стрэс такі. Падпісаў, каб мяне адпусьцілі, — кажа ён. — А калі выйшаў, за мной выбеглі капітан і падпалкоўнік і папрасілі вярнуцца».

Нібыта сам начальнік РУУС распарадзіўся пакінуць Шаршуна ў міліцыі да суду. Але яму давялося выклікаць хуткую, якая забрала яго ў больніцу.

«Там зрабілі здымкі, сказалі, што пералому няма. Нос пашкоджаны, галава была пабітая, рэбры памятыя, але цэлыя, плячо было абадранае — ну і ўсё. З бальніцы мне выклікалі таксі, і я паехаў дахаты», — сканчае Віктар сваю гісторыю.
Сьцяг на гаўбцы Віктара Шаршуна
Сьцяг на гаўбцы Віктара Шаршуна

Віктар амаль 15 гадоў добраахвотна дапамагае ў рэабілітацыі інвалідаў-вазочнікаў. Сам на пэнсіі па інваліднасьці. Тры пальцы на левай руцэ Віктар страціў яшчэ ў 1991-м, працуючы на станку ў каапэратыве. Распавядае, што яшчэ паўтара года давялося судзіцца з кіраўніцтвам, бо тыя хацелі давесьці, што ён сам вінаваты. Але цяпер атрымлівае тры мільёны семсот тысяч кампэнсацыі за шкоду здароўю. А дапамога па інваліднасьці ад дзяржавы — 155 тысяч.

Да нядаўняга часу рабіў дворнікам ва Ўпраўленьні спраў прэзыдэнта:

«Сышоў, бо пачалося „рабства“ — гэта мы так называлі, калі адпраўлялі на новую прэзыдэнцкую адміністрацыю „зачышчаць“. Я тады сказаў: „Не, ня буду“. Заробак дворніка ва ўпраўленьні — цяпер два з паловай мільёны», — кажа Віктар.

Віктар, аднак, працуе і цяпер. Грошы яму трэба, каб утрымліваць сабак, якія засталіся «ў спадчыну» ад жонкі. У шафе стаіць шмат прызоў, атрыманых за розныя выставы. Віктар кажа, што гадаванцы ўжо падрасьлі (жартаўліва называе іх «вэтэранамі») і ўзялі ўсе прызы, якія толькі магчыма.

Жонка ў Віктара памерла.

«Шмат сродкаў ідзе на сабак, на прышчэпкі, лячэньне. У мяне два сабакі: аўчарка і той-тэр’ер.

Але яшчэ дапамагаю бяздомным жывёлам: калі няма іх куды падзець, трымаю ў сябе, а так — дапамагаю прышчэпкамі, кормам».

Суседзі, па словах Віктара, ставяцца да яго з разуменьнем: «Сабакі спакойныя, ня брэшуць, ня выюць. Суседзі ведаюць, што я ня п’яніца, ніякай карысьці ня маю ад гэтага, падтрымліваю парадак і ў двары, і ў пад’езьдзе. Добрыя суседзі».

Сьцяг Віктар вывешвае ўжо ня першы раз. Першы быў летась 19 сьнежня і зьнік «пры невядомых абставінах».
Яны залезьлі з даху крамы і за канец сьцяга тузанулі, і зламілі дрэўка

«Ён вісеў трохі ніжэй, і канец яго быў за гаўбцом. Суседзі кажуць, што міліцыя прыходзіла, але мяне не было. Тады яны залезьлі з даху крамы і за канец сьцяга тузанулі, і зламілі дрэўка. Ніхто не складаў ніякіх пратаколаў, проста сьцяг зьнік, і ўсё, — кажа Віктар.

Чаго чакаць цяпер, Віктар ня ведае. Паводле пратаколу ён абвінавачваецца паводле арт. 23.4 (непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню ці патрабаваньню службовай асобы пры выкананьні ёю службовых паўнамоцтваў) і 23.5 (абраза службовай асобы пры выкананьні ёю службовых паўнамоцтваў) КаАПП Рэспублікі Беларусь. У міліцыі сказалі чакаць позвы ў суд.

Што Віктар ведае, дык гэта што трэба забраць даведкі з хуткай дапамогі і зьезьдзіць на Ўправу БНФ па новы сьцяг.

«Наступны сьцяг я больш надзейна прымацую», — кажа ён.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG