Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя зьбіла інваліда за бел-чырвона-белы сьцяг


Віктар Шаршун

Віктар Шаршун

Міліцыянты прымянілі гвалт у дачыненьні да жыхара Менску Віктара Шаршуна за тое, што той вывесіў на сваім бальконе бел-чырвона-белы сьцяг. Пасьля зьбіцьця яго шпіталізавалі.

Пратакол оформіў лейтэнант Ільля Бугор, супрацоўнік міліцыі Цэнтральнага раёна Менска, у якасьці сьведкі выступіў Андрэй Верашчака, што пазначана ў адміністратыўным пратаколе на Віктара Шаршуна.

Віктар Шаршун нарадзіўся ў 1961 годзе, ён інвалід з 1991 года, знаходзіцца на пэнсыі па інваліднасьці.



Сьцяг правісеў на бальконе ў спадара Шаршуна 2 тыдні. Цяпер яго канфіскавала міліцыя.

Перад тым ён вывесіў нацыянальны сьцяг 19 сьнежня мінулага года ў памяць падзеяў 2010 года, але пазьней невядомыя скралі яго, залезшы на дах крамы, якая знаходзіцца ў тым жа доме.

8 лютага Віктар Шаршун быў у сваёй кватэры на бульвары Шаўчэнкі, калі невядомыя пазванілі ў дзьверы, прадставіўшыся супрацоўнікамі ЖЭС. Але насамрэч гэта выявіліся супрацоўнікі міліцыі. Не прадставіўшыся, яны загадалі грамадзяніну зьняць бел-чырвона-белы сьцяг, які вісеў на ягоным бальконе, бо, паводле іхніх словаў, гэтая сымболіка незарэгістраваная.



Віктар Шаршун адмовіўся і паспрабаваў зачыніць уваходныя дзьверы. Тады міліцыянты выцягнулі яго на лесьвічную пляцоўку, пачалі зьбіваць. З кайданкамі на руках Віктара Шаршуна даставілі ў Цэнтральны РУУС Менску, дзе ён прабыў да позьняга вечара. Аднак прычыну затрыманьня ніхто не тлумачыў, пратакол адміністратыўнага правапарушэньня таксама не складаўся, — паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Каля 21 гадзіны Віктара Шаршуна даставілі на вуліцу Мініна прайсьці агляд на прадмет ужываньня алькаголю. Пасьля яго ізноў адвезьлі ў Цэнтральны РУУС. Ён дрэнна сябе адчуваў, давялося выклікаць хуткую дапамогу, якая шпіталізавала яго ў 2-ю клінічную бальніцу.

Перад ад’ездам у шпіталь яму ўручылі пратакол аб адміністратыўным правапарушэньні паводле арт. 23.4 (непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню ці патрабаваньню службовай асобы пры выкананьні ёю службовых паўнамоцтваў) і 23.5 (абраза службовай асобы пры выкананьні ёю службовых паўнамоцтваў) КаАПП Рэспублікі Беларусь. У бальніцы пацыенту зрабілі рэнтгенаграфію рэбраў, пасьля чаго адпусьцілі дадому.



Цяпер Віктар Шаршун чакае разгляду гэтай справы ў судзе. Ён падаў скаргу ў пракуратуру Цэнтральнага раёну Менску з просьбай правесьці пракурорскую праверку адносна неправамерных дзеяньняў міліцыянтаў і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці.

«Спасылка работнікаў міліцыі на тое, што я нібыта я парушыў дзейнае заканадаўства, вывесіўшы на бальконе не зарэгістраваную ва ўстаноўленым законам парадку сымболіку, зьяўляецца недарэчнай і незаконнай, паколькі карыстаньне незарэгістраванай сымболікай забаронена законам толькі ўдзельнікам масавых мерапрыемстваў», — адзначае Віктар Шаршун у скарзе на дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі.


Інтэрвію зь Віктарам Шаршуном: «Наступны сьцяг прымацую надзейна»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG