Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз і хрысьціянскія цэрквы працаўладкуюць былых зэкаў


У амбасадзе Вугоршчыны ў Менску адбудзецца прэзэнтацыя праекту Эўразьвязу ў справе судзеяньня інтэграцыі асобаў, якія вызваліліся з турмаў Беларусі.

Праект скіраваны на працаўладкаваньне былых зьняволеных, а ягонай рэалізацыяй зоймецца «Вугорская царкоўная дапамога» і беларуская хрысьціянская місія «Хрысьціянскае сацыяльнае служэньне», паведаміў Свабодзе дырэктар місіі, старшыня праваслаўнага брацтва Трох віленскіх мучанікаў Мікола Матрунчык:

«Праграма працаўладкаваньня былых зьняволеных будзе арганізаваная ў трох абласьцях: Віцебскай, Гарадзенскай і Гомельскай. Перадусім наш клопат пра былых вязьняў — у тым ліку жанчын, якіх на волі ніхто не чакае і якія зарыентаваныя пэўны час пражыць пры манастырскіх гаспадарках. Усе тры пляцоўкі, на якіх будзе рэалізоўвацца наш праект, будуць мець экатэрапэўтычны зьмест. А менавіта — гаспадаркі па доглядзе пчол, вырошчваньні лекавых расьлінаў і вырошчваньні гародніны. Мы мяркуем, што сацыяльна адаптавацца былым вязьням напачатку дапаможа прырода. Мы разумеем, што ня здолеем вырашыць патрэбы ўсіх вязьняў, бо ў кожнай вобласьці мы можам стварыць толькі па дзесяць такіх працоўных месцаў. Таму будзем працаваць зь вязьнямі перад іхнім выхадам, зарыентоўваючы на нашую працу, і гэткім чынам рабіць адбор ахвотных».

Праект Эўразьвязу для былых зьняволеных у Беларусі будзе дзейнічаць цягам двух гадоў.
XS
SM
MD
LG