Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацбанк Казахстана дэвальваваў нацыянальную валюту тэнге амаль на 20%. З 11 лютага Нацбанк пастанавіў адмовіцца ад падтрыманьня абменнага курсу тэнге на ранейшым узроўні, зьнізіць аб’ёмы валютных інтэрвэнцыяў і скараціць умяшаньне ў працэс фармаваньня абменнага курсу тэнге.

Нацыянальны банк краіны мяркуе, што новы абменны курс будзе каля 185 тэнге за даляр ЗША.

Бягучы курс на 11 лютага — 155,56 тэнге за даляр. На таргах Казахстанскай фондавай біржы курс склаўся на ўзроўні 163,9 тэнге за даляр (гэты курс будзе афіцыйным на 12 лютага).

Каб не дапусьціць дэстабілізацыі фінансавага рынку і эканомікі ў цэлым, Нацбанк вызначыць калідор ваганьняў курсу тэнге адносна даляра ЗША ад новага ўзроўню 185 тэнге за даляр плюс-мінус 3 тэнге і працягне палітыку згладжваньня рэзкіх скачкоў і кароткатэрміновай валятыльнасьці абменнага курсу. Аднак доўгатэрміновы трэнд абменнага курсу тэнге будзе фармавацца пад уплывам макраэканамічных перадумоў, заяўляе Нацбанк.

Апошні раз у Казахстане дэвальвацыя тэнге была праведзена ў 2009 годзе.

Як будзе ўплываць дэвальвацыя нацыянальнай валюты партнэра па Мытным саюзе на сытуацыю ў Беларусі? Тым больш што ў студзені гэтага году адбыўся абвал расейскага рубля.

Былы старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч адзначыў у інтэрвію карэспандэнту Свабоды, што «любая дэвальвацыя замежнай валюты азначае, што экспарт у гэтую краіну для нас становіцца меней выгадным». Хоць гандлёвыя стасункі з Казахстанам у Беларусі не такія ўжо вялікія і разьлікі вядуцца пераважна ў далярах і эўра.

Але як адаб’ецца такая нестабільнасьць на фінансавых рынках партнэраў па Мытным саюзе на беларускім рублі, ці варта чакаць чарговай яго дэвальвацыі?

Станіслаў Багданкевіч

Станіслаў Багданкевіч

«У нас рубель дэвальвуецца павольна, але стала. За мінулы год у нас адбылася дэвальвацыя на 11%. Сёлета, я мяркую, будзе таксама ня менш за гэта. Нават калі афіцыйна ня будзе абвешчана пра такую разавую дэвальвацыю. Дэвальвацыя ідзе, але яна павінна быць больш хуткай, бо эканоміка мае патрэбу ў такой дэвальвацыі. Асабліва ўлічваючы, што нашы суседзі дэвальвуюць свае нацыянальныя валюты. Таму наш экспарт у гэтыя краіны становіцца менш выгадным, а імпарт больш выгадным. Усё гэта вядзе да неабходнасьці павялічваць зьнешнюю запазычанасьць, то бок атрымліваць новыя пазыкі і крэдыты».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG