Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Псыхозы, шызафрэнія, хуткая сьмерць — сумныя вынікі ўжываньня спайсаў


Лекары і міліцыя занепакоеныя новай наркатычнай эпідэміяй, якая накрыла Беларусь, курыльнымі сумесямі «спайс». Яны хутка выклікаюць залежнасьць і пераўтвараюць людзей у «сацыяльныя трупы», а то і вядуць да сьмерці. Дасьледаваньне Свабоды.

Легальных курыльных сумесяў у Беларусі больш няма. З 29 студзеня рэспубліканскі пералік наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў і іхніх прэкурсараў папоўніўся на 30 адзінак. Цяпер за абарот любых спайсаў на тэрыторыі краіны прадугледжаная крымінальная адказнасьць. Толькі за першы тыдзень пасьля абнаўленьня пераліку праваахоўныя органы завялі больш за 70 крымінальных спраў у дачыненьні да гандляроў «спайсамі». Ці магчыма вырашыць праблему аднымі забаронамі?

Упершыню супрацоўнікі МУС і мэдыкі сутыкнуліся з так званымі спайсамі і міксамі ў 2010 годзе. Асноўная доля рэчываў для іх вытворчасьці пастаўляецца ў Беларусь з Кітаю праз Расею. Аснова — любая трава (газонная, зёлкі), якія насычаецца псыхаактыўным хімічным рэчывам (так званым канабіноідам). Галоўная небясьпека гэтага наркотыка — у сынтэтычным рэчыве, якое напыляецца на курыльную аснову.

«Дастаць» спайс у Беларусі — не праблема, сьцьвярджае юнак:

«Паўсюль — і ў школе, гэта даступна паўсюль. І ад гэтага нікуды не падзецца. Ну, як бы адразу такое ўражаньне, што ты зрабіў толькі адну зацяжку гэтага рэчыва, і адразу адключаецца мозг».

Ужываньне спайсаў прыводзіць да імгненнага разьвіцьця залежнасьці. Пры аднаразовым ці двухразовым спажываньні разьвіваецца псыхалягічная залежнасьць, а праз 2–3 месяцы — фізычная. Кандыдат мэдычных навук, вядучы навуковы супрацоўнік Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру псыхічнага здароўя Міхаіл Важэнін з такімі пацыентамі сутыкаецца кожны дзень:
за тыдзень па 20–30 чалавек з псыхозамі пасьля ўжываньня курыльных сумесяў

«Курыльныя сумесі — гэта наагул поўны атас! Ідзе абвал, за тыдзень па 20–30 чалавек з псыхозамі пасьля ўжываньня курыльных сумесяў — чалавек адзін раз пакурыў і трапляе да нас з вострым шызафрэнічным псыхозам. Тут карціна ня тое што сумная — яна катастрафічная».

19-гадовы Максім ужо двойчы трапляў у РНПЦ псыхічнага здароўя, які ў народзе называюць «Навінкамі». Цяпер кажа, што «завязаў». Але сваімі ўражаньнямі пасьля ўжываньня спайсу падзяліўся:

Параноя вельмі лёгка зьяўляецца
«Калі раз паспрабаваў, такое ўяўленьне, што ў іншы сьвет адлятаеш. І забываеш пра свае праблемы. Я кантактаваў з такімі людзьмі, калі сам ужываў, яны нават ня памятаюць, калі апошні раз елі. Параноя вельмі лёгка зьяўляецца. Ты робісься вельмі ўражлівым».

За 9 месяцаў 2013 году ў Беларусі было 6 летальных вынікаў пасьля ўжываньня курыльных сумесяў. Амаль тысяча маладых людзей трапіла ў наркалягічныя і псыхіятрычныя дыспансэры. Летась у верасьні ў Менску забілі 13-гадовага школьніка, які гандляваў спайсамі. Хлопчык атрымаў удар нажом у грудзі і памёр. А забіў яго 19-гадовы мянчук, які злоўжываў наркатычнымі сродкамі. З-за таго, што хлопчык падмануў наркамана, падсунуўшы яму замест спайсу звычайны тытунь.

Галоўная небясьпека курыльных сумесяў у тым, што ўзьдзеяньне іх на арганізм непрадказальнае, сьцьвярджае начальнік управы наркакантролю і процідзеяньня гандлю людзьмі МУС Беларусі Мікалай Карпянкоў:

«Гэта такія ж самыя наркатычныя рэчывы, як і ўсе астатнія. Яны танныя ў вытворчасьці. Яны ўзьдзейнічаюць на чалавека разбуральна, таксама як і наркатычнае рэчыва, а ў многіх выпадках значна горш. Таму што ў іх прысутнічаюць некалькі відаў сынтэтычных наркотыкаў, і ўзьдзеяньне іх на чалавечы мозг непрадказальнае. Маладыя людзі пакурылі сумесі, і ў іх адбылося „прагараньне“ асобных участкаў галаўнога мозгу, яны мяняюцца як асобы, яны ператвараюцца ў сацыяльны труп».

Загадчык наркалягічнага аддзяленьня РНПЦ псыхічнага здароўя Ўладзімер Іваноў кажа, што нават опійныя наркаманы разумеюць небясьпеку спайсу:

«Мы высьветлілі, што значная частка нашых пацыентаў, якія пакутуюць на наркаманію ці на алькагалізм, курылі, мелі досьвед курэньня спайсу.
опійны наркаман з жахам адмаўляецца ад курэньня спайсаў, таму што баіцца гэтага
І некаторыя з жахам адмаўляліся ад іх. То бок атрымліваецца так, што опійны наркаман з жахам адмаўляецца ад курэньня спайсаў, таму што баіцца гэтага!»

А вось прызнаньне аднаго з былых пацыентаў лекара-нарколяга Ўладзімера Іванова:

«Я спачатку, вядома ж, не хацеў усьведамляць, што я наркаман. Я думаў: ну які ж я наркаман, я проста куру спайс, а наркаманы вунь колюцца ў пад’ездах. А потым я зразумеў, што я такі самы наркаман і адрозьніваюся толькі адной дозай».

Статыстыкі, які працэнт падлеткаў і моладзі ўжывае курыльныя сумесі ці паспыталі спайс хоць раз у жыцьці, няма. Але мэдыкаў палохаюць маштабы, кажа псыхіятар Міхаіл Важэнін:

«Я кансультаваў, размаўляю з хлопцам. Пытаюся: „Ну, якое ў цябе кола зносінаў, колькі ў цябе сяброў, знаёмых, зь якімі ты кантактуеш?“ Ён адказвае: „Чалавек 30–40“. Пытаюся: „А хто зь іх ня курыць наагул?“ Адказвае: „Яны ўсе кураць“. Уяўляеце, што далей будзе? Потым, калі гэта прагрэсіруе, проста разьвіваецца шызафрэнія ў таго пацыента. І лячэньне праходзіць доўга, цяжка. Уяўляеце, якая шкода? Тым больш, гэта ж усё моладзь».

Набыць курыльную сумесь у Менску вельмі проста. Я перагартала каля дзясятка судовых спраў, і ва ўсіх выпадках схема набыцьця спайсу была адна: праз інтэрнэт, скайп, СМС-паведамленьні са «схаваных» нумароў, перавод грошай на «электронны кашалёк» — а тады ўжо пакупніку перадавалі адрас закладкі спайсу. З паказаньняў у судзе 20-гадовага Сяргея, нядаўна асуджанага на 2 гады пазбаўленьня волі:

«На сайце я знайшоў скайп прадаўца, напісаў яму паведамленьне. Прадавец мне адказаў: мне трэба перавесьці 950 тысяч рублёў за 10 грамаў курыльнай сумесі праз EasyPay на пэўны электронны кашалёк. Праз аддзяленьне Белпошты я перавёў грошы. Потым мне прыйшло паведамленьне з адрасам закладкі курыльнай сумесі. Увечары я паехаў і забраў чорны поліэтыленавы пакет, у якім знаходзілася рэчыва шэра-зялёнага колеру. Расфасаваў на электроннай вазе ў 10 пакецікаў па 1 граму».

Хлопца затрымалі на станцыі мэтро «Грушаўка» з чатырма пакецікамі спайсу. Паводле заключэньня экспэртызы, у сумесі ўтрымлівалася асабліва небясьпечнае псыхатропнае рэчыва — CBM(N)-2201.

Раней у Рэспубліканскі пералік наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў і іх прэкурсараў, забароненых у Беларусі, Міністэрства аховы здароўя па 2–3 разы ў год уносіла дапаўненьні. Але праблема была ў тым, што хімікі сынтэзавалі ўсё новыя і новыя формулы, і мэдыкі проста не пасьпявалі. З 29 студзеня 2014 году ў гэты пералік дадалі яшчэ 30 найменьняў. Тлумачыць кіраўнік прэс-службы МУС Канстанцін Шалькевіч:

«З усіх вядомых на сёньняшні дзень формул, пачынаючы з 29 студзеня, калі былі прынятыя дапаўненьні, легальных ужо няма. І любы чалавек, якога мы затрымліваем са спайсам, будзе адказваць паводле крымінальнага артыкула, а не за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць (калі рэчыва не было ўнесена ў сьпіс)».

То бок легальных курыльных сумесяў у Беларусі больш няма, за любую курыльную сумесь уводзіцца адразу крымінальная адказнасьць. Дык вось
за першы тыдзень з моманту ўнясеньня зьменаў у краіне заведзена больш за 70 крымінальных спраў
толькі за першы тыдзень з моманту ўнясеньня гэтых зьменаў (з 29 студзеня па 3 лютага) у краіне заведзена больш за 70 крымінальных спраў, распавёў Канстанцін Шалькевіч:

«Прадаўцы, якіх мы бралі з 29 студзеня па 3 лютага, сьцьвярджаюць: „Пачакайце, за што вы нас хапаеце? Гэта ўсё легальна, мы купілі праз сайт“. Маўляў, ёсьць легальныя сайты, дзе ўсё гэта распаўсюджваецца. Яны нават ня ведаюць, што гэта ўжо нелегальна. У нас жа мэта ня ў тым, каб больш людзей перасаджаць, а ў тым, каб неяк гэтую заразу выкараніць. Нават калі мы даможамся, каб яе не прадавалі, нават калі яна аморфна будзе недзе захоўвацца — гэта ўжо добра».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG