Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У беларускіх спартоўцаў працягваецца безмэдалёвая «засуха».

Так, біятляністы, ад якіх заўзятары і спартовыя чыноўнікі небеспадстаўна чакаюць ўзнагародаў самай высокай вартасьці, пакуль што фінішуюць больш чым на сьціплых пазыцыях.

Прычым, пасьля таго, як распалажэньне каманды наведаў Аляксандар Лукашэнка, страляючыя лыжнікі зусім не трымаюцца на нагах. І калі Дар’я Домрачава, якая «намазала» на стрэльбішчы, сёньня паспрабуе рэабілітавацца ў гонцы перасьледу, то мужчынская дружына пасьля «пасьюту» дружна скацілася ў канец рэйтынгавага сьпісу.

Пры гэтым срэбны прызёр папярэдняй Алімпіяды ў Ванкувэры Сяргей Новікаў мала таго, што тройчы прамазаў, дык яшчэ заваліўся на трасе, у выніку чаго з 33-й пазыцыі адкаціўся на 50-ю. Пайшоў пад «адхон» і Ўладзімер Чапелін, перамясьціўшыся са стартавага 29-га радка на 41-ы. Іншыя беларусы яшчэ ніжэй.

Азмрочылася беларуская прысутнасьць у Сочы непаразуменьнем паміж трэнэрскім штабам гарналыжніцы Марыны Шканавай і арганізатарамі спаборніцтваў у супэркамбінацыі. За дзень да старту Шканава была выкрасьленая са сьпісу ўдзельнікаў на падставе неадпаведнай колькасьці рэйтынгавых ачкоў. У Беларускай фэдэрацыі гарналыжнага спорту і сноўборду, якой кіруе былая прэсавая сакратарка Лукашэнкі, а пазьней адна з кіраўніц прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальля Пяткевіч, ужо заявілі пра «падвойныя стандарты» ў дачыненьні да асобных краін.

Яшчэ для аднаго беларускага спартоўца спаборніцтвы скончыліся на этапе кваліфікацыі: Максім Сяргееў заняў 27-е месца ў шорт-трэку, ня склаўшы ніякай канкурэнцыі больш імянітым супернікам.

11 лютага — гонка перасьледу ў біятляністак. Няцяжка здагадацца, на чыю перамогу разьлічваюць беларускія заўзятары. Але пакуль што нестабільнасьць Домрачавай у стральбе прымушае заплюшчваць вочы, каб не бачыць, куды яна «зашпуліць» гэтым разам. Таксама па адным прадстаўніку ад Беларусі ў мужчын і жанчын будзе заяўлена ў лыжных гонках — праўда, на нешта разьлічваць у спрынце не выпадае ад пачатку. Астатнія мэдальныя разборкі (у кёрлінгу, фігурным катаньні, канькабежным спорце, скачках з трампліну, сноўбордзе і г.д.) адбудуцца без удзелу беларусаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG