Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: левыя судзяцца за выбарчыя камісіі


Кіраўнік абласной арганізацыі «Справядлівага сьвету» Ўладзімер Сякерка

Кіраўнік абласной арганізацыі «Справядлівага сьвету» Ўладзімер Сякерка

10 лютага судзьдзя Чыгуначнага раёну Гомеля Віталь Козыраў адхіліў пазоў абласной арганізацыі партыі левых «Справядлівы сьвет» да раённай адміністрацыі наконт неўключэньня сваіх актывістаў у склад участковых выбарчых камісіяў.

«У Чыгуначным раёне ва ўчастковыя камісіі мы вылучылі 24 сваіх прадстаўнікоў. Аднак ніводзін зь іх у склад камісіяў ня трапіў.

А суд адхіліў наш пазоў, бо палічыў, што орган, які фармуе камісіі, мае права сам вызначаць склад камісіяў. Дарэчы, гэта ўжо шосты раённы суд, які адхіляе нашы прэтэнзіі да выканкамаў наконт фармаваньня ўчастковых камісіяў», — кажа кіраўнік абласной арганізацыі «Справядлівага сьвету» Ўладзімер Сякерка.

Паводле ягонай інфармацыі, на Гомельшчыне партыя левых вылучыла ў нізавыя выбарчыя камісіі 88 сваіх чальцоў. Трапіў у камісію толькі адзін зь іх — у Рагачоўскім раёне.

У Гомелі ў 44 участковых камісіях з 66 наагул няма прадстаўнікоў палітычных партыяў, а ў 22 — партыі прадстаўляюць толькі вылучэнцы КПБ.

Многія камісіі ў рэгіёне сфармаваныя паводле вытворчага прынцыпу: адно прадпрыемства — адна камісія.

Тым часам раённыя суды ў Мазыры, Рэчыцы, Буда-Кашалёве, Сьветлагорску, Гомелі не зважаюць на такія парадкі і скрозь адхіляюць пазовы «Справядлівага сьвету» да мясцовых выканкамаў.

У Рэчыцы, напрыклад, улады патлумачылі адмову тым, што актывісты партыі левых, вылучаныя ў камісіі, маюць сталы ўзрост. Пры гэтым 19 прадстаўнікоў блізкай уладам вэтэранскай арганізацыі ўзялі лічыць бюлетэні, не зважаючы на ўзрост.

У Буда-Кашалёўскім раённым судзе прадстаўнікі мясцовага райвыканкаму патлумачылі адмову тым, што ім «зручней працаваць са знаёмымі і праверанымі людзьмі, якія маюць досьвед». Судзьдзю Кацярыну Шубіч такія тлумачэньні задаволілі, і яна таксама адхіліла скаргу «Справядлівага сьвету» да выканаўчага камітэту. Між тым сярод вылучэнцаў апазыцыйнай партыі значыліся былыя дырэктар школы і старшыня раённага савету — нібыта й яны не дасьведчаныя ў працы выбарчых камісіяў.
XS
SM
MD
LG