Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На менскім заводзе лядоўняў звольнілі больш за 50 замежных працаўнікоў, якія дапамагалі зьбіраць лядоўні маркі «Атлант». На прадпрыемствах Беларусі, дзе працуюць замежныя рабочыя, кажуць пра вялікую цякучасьць сярод гэтых працоўных кадраў.

Тое, што больш за 50 замежнікаў, якія летась працавалі на «Атланце», ужо звольненыя, пацьвердзіў начальнік аддзелу кадраў аб’яднаньня Аляксандар Таўстыка:

«Так, ўжо не працуюць. Звольнілі», — сказаў Аляксандар Таўстыка. Ён адмовіўся патлумачыць, ці гастарбайтары звольніліся самі, ці ад іх вырашылі пазбавіцца.

Між тым, паводле крыніцы на «Атланце», якая просіць не называць імя, адной з прычын непадаўжэньня кантракту з замежнікамі сталі частыя канфлікты ў іхнім асяродзьдзі.

«Жылі яны не ў інтэрнаце, а проста на заводзе, у былой сталоўцы. Умовы там непрыдатныя: ложкі стаялі ярусамі, узімку холадна, летам сьпякотна. Але гэта ўсё яшчэ было цярпіма, пакуль паміж імі самімі не пачаліся разборкі. Даходзіла да таго, што выклікалі міліцыю проста на прадпрыемства. Вось іх ужо і няма, звольнілі ўсіх і пакуль новых не прывезьлі», — паведаміў працаўнік заводу карэспандэнту «Свабоды».

Паводле гэтай крыніцы, плацілі рабочым зь Сярэдняй Азіі прыблізна як і беларускім працаўнікам — па 500–600 даляраў штомесяц, але рабілі яны не па 8 гадзін, а па 12.

Ці азначае звальненьне групы зь Сярэдняй Азіі, што прадпрыемства расчаравалася ў гэтай катэгорыі працоўных мігрантаў?

«На сёньня ў нас дастаткова пэрсаналу, каб выконваць плян, які складзены на гэты год. Таму ў нас іх няма», — сказаў намесьнік дырэктара па кадрах Аляксандар Машко. Пры гэтым на розных пляцоўках кампаніі паводле дамовы падраду пэрыядычна працуюць асобныя адмыслоўцы з эўрапейскіх краін. «Могуць быць са Славаччыны, з Італіі, але колькі дакладна цяпер працуе, сказаць не магу», — заўважыў спадар Машко.

Ня толькі прамысловыя прадпрыемствы ў апошнія гады пачалі папаўняць свае працоўныя кадры за кошт прыежджых зь Сярэдняй Азіі. Агракамбінат «Дзяржынскі», што ў Фаніпалі пад Менскам, летась таксама браў на працу прадстаўнікоў Таджыкістану. «У нас працавала недзе 20 таджыкаў, усе маладыя хлопцы. Але зараз яны ўжо не працуюць. Якраз сёньня прыходзілі ў аддзел 2 іхнія землякі, магчыма, возьмуць на працу, але іншых няма», — паведаміла супрацоўніца аддзелу кадраў «Дзяржынскага». Паводле яе зьвестак, на агракамбінаце таджыкі працавалі ў розных цэхах: у каўбасным, забойным, бойлерным. Ім аформілі беларускія працоўныя кніжкі, навучылі прафэсіі, прысвоілі працоўную кваліфікацыю. Але на прадпрыемстве гастарбайтары не затрымаліся:

«У нас на месцы адбываецца навучаньне, і ім была прысвоеная кваліфікацыя грузчыка. Ці апрацоўшчыка мяса, як у каго. З такой кваліфікацыяй, мяркую, знойдуць куды ўладкавацца».
Яны своеасаблівыя людзі. Можа, ім і падабаецца ў нас, але...Такія цікавыя: то хачу працаваць, то не хачу працаваць

Ці магло так стацца, што прыежджых не задаволіў заробак, які яны атрымлівалі ў агракамбінаце? Паводле суразмоўцы, таджыкі зараблялі па 5 мільёнаў беларускіх рублёў і на заробак ня скардзіліся. «Яны вельмі спакойныя, але нейкае непаразуменьне зь імі ўсё ж існавала», — кажа жанчына:

«Яны своеасаблівыя людзі. Можа, ім і падабаецца ў нас, але...Такія цікавыя: то хачу працаваць, то не хачу працаваць. Пры афармленьні дакумэнтаў таксама... Ці то на іх нехта ўплывае ў дрэнны бок...»

Паводле кіраўніка Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Аляксея Бегуна, за мінулы год у краіну завезьлі на 50% больш працоўнай сілы. «За гэтым кантроль ёсьць. Або вы бачыце таджыкаў ці ўзбэкаў, якія ходзяць па вуліцы бяз справы і робяць злачынствы? За замежнай працоўнай сілай на тэрыторыі Беларусі кантроль ёсьць, ніхто тут не бадзяецца».

Летась на 11 500 чалавек у Беларусь больш прыехала, чым выехала, паведамілі ў Дэпартамэнце.

«Летась кіраўнікоў прыехала — 879, кваліфікаваных працаўнікоў і адмыслоўцаў — 2725, працаўнікоў сфэры абслугоўваньня і гандлю — 789, прадстаўнікі сельскай гаспадаркі — 784. А прадстаўнікі іншых працоўных прафэсій — 13 103», — назваў лічбы спадар Бягун.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG