Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Касьцёл заняўся парадкам перасадкі органаў


У гомельскім касьцёле Нараджэньня Найсьвяцейшай Багародзіцы праходзіць акцыя завяшчаньня сваіх унутраных органаў мэдыцыне. Пра гэта паведамляе прэс-служба Рымска-каталіцкага касьцёлу Беларусі.

На першым паверсе храма вернікам выдаюць спэцыяльныя карткі, якія пацьвярджаюць іх згоду на трансплянтацыю ў выпадку раптоўнай сьмерці.

Пробашч парафіі, у якой праходзіць гэтая акцыя, айцец Славамір Ласкоўскі адзначыў, што дарэньне сваіх органаў мэдыцыне пацьвярджае «любоў да бліжняга». А вікарый парафіі Дамінік Шыманскі падкрэсліў, што «закон Божы, у адрозьненьне ад закона дзяржавы, загадвае выкарыстоўваць для перасадкі органы толькі тых людзей, якія папярэдне далі сваю згоду на гэта».

Прэс-служба Рымска-каталіцкага касьцёлу паведамляе, што Міністэрства аховы здароўя вітала ініцыятыву. Так, прыводзяцца словы галоўнага пазаштатнага трансплянтоляга ведамства Алега Румо, што мэдыкам «прыемная такая падтрымка». Пры гэтым Румо адзначыў, што паводле беларускіх законаў лекары могуць выкарыстоўваць органы памерлых людзей безь іх завяшчаньня або згоды сваякоў.

«Калі ж чалавек прынцыпова ня хоча, каб яго органы ў выпадку сьмерці маглі перасадзіць іншаму, ён мае права напісаць заяву па месцы жыхарства», – дадаў трансплянтоляг.

Раней пры гэтым уздымалася пытаньне, ці існуе цэнтральны рэгістар такіх людзей і як даведаюцца дактары пра такую заяву, калі, напрыклад, чалавек загіне ў аўтааварыі не па месцы жыхарства?

Беларусь займае першае месца ў СНД па ліку апэрацый па перасадцы органаў, што выконваюцца на адзін мільён жыхароў. У 2012 годзе ў краіне выканана 274 такія апэрацыі.
XS
SM
MD
LG