Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чорнага сьпісу па-ўкраінску ня будзе, бо беларускі не спрацаваў


Кэтрын Эштан

Кэтрын Эштан

Міністры замежных спраў Эўразьвязу абмяркоўваюць ў Брусэлі, як вырашыць сытуацыю ва Ўкраіне, а таксама як пасунуць Усходняе партнэрства наперад.

Вярхоўная прадстаўніца ЭЗ Кэтрын Эштан паведаміла журналістам перад пачаткам пасяджэньня, што галоўнай мэтай Брусэлю зьяўляецца падтрымка дыялёгу паміж урадам і апазыцыяй ва Украіне. Эўразьвяз разам зь іншымі партнэрамі таксама абмяркоўвае магчымасьць эканамічнай падтрымкі Ўкраіны дзеля правядзеньня там рэформаў. Як адзначыў міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі, Эўропа і МВФ ужо падрыхтавалі для Ўкраіны велізарныя сродкі, але яны будуць даступныя толькі пасьля эканамічных рэформаў.

Чыноўнік Эўразьвязу паведаміў нашаму карэспандэнту ў Брусэлі, што не плянуецца ўвядзеньні ніякіх візавых абмежаваньняў адносна тых, хто адзначыўся падаўленьнем украінскіх пратэстаў. Паводле чыноўніка, гэтыя меры «нават не ляжаць на стале», бо ёсьць засьцярога, што яны б толькі пашкодзілі наладжваньню палітычнага дыялёгу ў краіне. Некаторыя экспэрты таксама нагадваюць, што санкцыі Эўразьвязу, уведзеныя ў 2011-м годзе супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, не прынесьлі жаданага эфэкту. Міністар замежных спраў Швэцыі Карл Більт заявіў, што ЭЗ павінен паслаць сыгнал Кіеву ў выпадку, калі рэпрэсіі ва Ўкраіне будуць узмацняцца.

Міністры замежных спраў таксама абмяркуюць будучыню Усходняга партнэрства. У прыватнасьці, перасьцярогі, што як Грузія, так і Малдова могуць адыйсьці ад падпісаньня пагадненьня аб асацыяцыі з Эўразьвязам з-за расейскага эканамічнага ціску. За пашырэньне эўрапейскай пэрспэктывы для ўсходніх суседзяў ясна выказаўся міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус. Паводле яго, яны павінны ведаць, што ў адзін цудоўны дзень могуць стаць сябрамі ЭЗ. Большасьць краін — сябраў ЭЗ — выступаюць супраць гэтай мэты, прынамсі на цяперашні момант.
XS
SM
MD
LG