Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Магілёўшчыне, не зважаючы на пратэсты вяскоўцаў, зачынілі блізу сотні сельскіх паштовых аддзяленьняў. Іх замянілі так званымі «перасоўнымі пунктамі дастаўкі пошты».

Новая форма людзей не задавальняе — яны патрабуюць аднавіць працу зачыненых вузлоў сувязі. Супрацоўнікі аб’яднаньня «Белпошта» прызнаюць факты грамадзкай незадаволенасьці, але спасылаюцца на фінансавыя праблемы.

У Бялыніцкім раёне ліквідавалі пяць сельскіх паштовых аддзяленьняў. Калі іх зачынялі, людзі як маглі пратэставалі. Пісалі скаргі. Зьбіралі сходы. А ім абяцалі, што зьмена формы абслугоўваньня не адаб’ецца на якасьці паштовых паслугаў. Першы месяц без паштовых аддзяленьняў засьведчыў адваротнае.

«Цяпер жа трэба пошту каравуліць. Я неяк званіла на пошту, удакладняла — мне сказалі, што прыедзе а 15 гадзіне. Я прачакала да шостай вечара — пошта не прыехала. Цяпер жа як плаціць за паслугі камунальныя? Вы ж самі ведаеце, не заплаціш за тэлефон — яго адключаць. Вядома ж, нам не абяцалі, што будуць такія перабоі. Зрабілі яны дужа кепска», — абураецца жыхарка вёскі, у якой ліквідавалі паштовае аддзяленьне.

Вяскоўцы не хаваюць эмацыйных выпадаў на адрас улады, якая, на іхную думку, распачала экспэрымэнт на шкоду людзям.

«Яны пра людзей ня думалі. Тут жа адны пэнсіянэры. А тое, што пошту зачынілі, гэта кепска. Чалавек бы там працаваў і па сёньня. Яны ўзялі і зачынілі. А цяпер во пусьцілі нейкую машыну. Пільную яе цяпер. Ля крамы стой, ці холадна, ці ня холадна. Нічога ўжо да добрага ня зьменіцца і ня зробіцца, бо наш саўгас жа разагналі, фэрмы пабурылі і ўсё на сьвеце», — кажа вяскоўка.

У аддаленых вёсках, кажуць сяляне, іх просяць не выпісваць газэт, якія выходзяць больш за два разы на тыдзень.
У аддаленых вёсках, кажуць сяляне, іх просяць не выпісваць газэт, якія выходзяць больш за два разы на тыдзень.

«Вось раёнку два разы на тыдзень — то калі ласка, яны яе прывязуць. А вось кожны дзень вазіць газэты, то ім, відаць, гэта нявыгадна».

Карэспандэнт: «Дык раней жа прасілі, каб выпісвалі?»

«Так. У нас паштальёнцы давалі плян па „Советской Белоруссии“, і яна ў людзей прасіла, каб выпісалі гэтую газэту. А цяпер ужо, відаць, і ня трэба».

Адна з паштарак прызнала, што вяскоўцы пабойваюцца выпісваць газэты пасьля закрыцьця паштовых аддзяленьняў. Ня вераць, што выданьні атрымаюць у час і што іх наагул ім прынясуць.

«Думалі, што наагул будзе абы-што, дык некаторыя наагул не выпісвалі. Некаторыя падпісалі толькі на месяц, каб паспрабаваць. Газэты, як усё гэта пачалося, дык прывозілі і ў чатыры, і ў шэсьць. А куды ісьці зь імі ў цемры? А грошы на пэнсіі даюць колькі? Куды я іх панясу цёмначы?»

У магілёўскім філіяле «Белпошты» прызнаюць, што людзі незадаволеныя закрыцьцём паштовых аддзяленьняў, аднак пераглядаць новую форму абслугоўваньня на вёсках не зьбіраюцца.
Няма ў нас фінансавых сродкаў утрымліваць на такія маленькія паселішчы стацыянарныя паштовыя аб’екты

«Разумееце, маленькія вёскі там засталіся — да двухсот жыхароў практычна. Няма ў нас фінансавых сродкаў утрымліваць на такія маленькія паселішчы стацыянарныя паштовыя аб’екты. Мы вымушаныя іх зачыняць. Проста людзі хваравіта ўспрымаюць, калі ў іх нешта было — і тут гэтага ня стала. Стараемся знаходзіць агульную мову, але не з усімі пакуль атрымліваецца», — тлумачыць супрацоўніца адміністрацыі магілёўскага філіялу «Белпошты».

Да рэарганізацыі паштовай сеткі на тры тысячы паселішчаў было 350 паштовых аддзяленьняў. Туды, дзе іх зачынілі, прыяжджае перасоўны пункт дастаўкі пошты. Такіх машын у вобласьці — 43. Вядома, што ў некаторых раёнах паштовых аддзяленьняў паменела на дзясятак. Па ўсёй жа Беларусі ў 2013 годзе зачынілі 278 паштовых аддзяленьняў. Большая іх частка — у сельскай мясцовасьці.
XS
SM
MD
LG