Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэсты ў Беларусі, Украіне, Босьніі – параўнаньне


Лэся Лажэўская
Лэся Лажэўская

Пракамэнтаваць цяперашнія антыўрадавыя пратэсты ў Босьніі-Герцагавіне мы папрасілі спадарыню Лэсю Лажэўскую, украінку, якая там пастаянна жыве.

РС: Спадарыня Лажэўская, вы жывяце ў Біхачы, горадзе на паўночным захадзе Босьніі. У вашым горадзе таксама адбываюцца антыўрадавыя пратэсты?

Лажэўская: Так. У прынцыпе ва ўсіх больш-менш буйных гарадах Босьніі прайшлі пратэсты, у тым ліку і ў Біхачы. У нашым кантоне людзі вельмі незадаволеныя мясцовай, кантанальнай уладай. Пратэсты ў нас не былі настолькі агрэсіўнымі, як у Сараеве і Тузле, але крыху пацярпеў офіс нашай мясцовай улады і прыватная маёмасьць кіраўніка нашага кантону.

РС: Чаго хочуць людзі, якія пратэстуюць? Адстаўкі ўраду? Новых выбараў?

Лажэўская: Перш-наперш людзі патрабуюць адстаўкі цяперашняга ўраду, а дакладней, ня столькі ўраду, як той партыі, якая адыгрывае галоўную ролю ў кожным кантанальным урадзе. Трэба сказаць, што ў Босьніі даволі добра разьвітае мясцовае самакіраваньне, то бок, кантоны тут нашмат больш самастойныя, чым рэгіянальная ўлада ва Ўкраіне ці Беларусі, ці наогул у постсавецкіх рэспубліках. З увагі на гэтую самастойнасьць у Босьніі пытаньне адстаўкі мясцовай улады наогул важнейшае за адстаўку прэзыдэнта краіны, які выконвае даволі дэкаратыўную функцыю ў параўнаньні з кантанальнымі кіраўнікамі. У кожным кантоне ў пратэстоўцаў свае спэцыфічныя патрабаваньні. У нашым кантоне, напрыклад, людзі патрабуюць, каб усе, зьвязаныя з партыяй нашага кантанальнага прэм’ера пакінулі свае пасады, паколькі на ўсіх кіроўных пасадах у кантоне апынуліся ягоныя сваякі. І людзі хочуць, каб замены кіраўнікоў на гэтых пасадах адбыліся шляхам празрыстых конкурсаў.

РС: Ці шмат людзей у вашым горадзе ня мае працы?

Лажэўская: Я не магу вам сказаць канкрэтна па нашым горадзе, а што тычыцца афіцыйнай статыстыкі па краіне, дык беспрацоўных у Босьніі – каля 40%. Асабліва шмат беспрацоўных сярод маладых. Я ведаю шмат маладых людзей, якія даволі пасьпяхова закончылі ўнівэрсытэты і каледжы. Але яны сядзяць дома бяз працы, бо каб атрымаць працу, трэба мець сувязі і знаёмствы ва ўладнай эліце.

РС: Скажыце, чаму пратэсты ў Босьніі такія гвалтоўныя? Навошта людзі паляць, напрыклад, дзяржаўны архіў і іншыя будынкі ў Сараеве?

Лажэўская: Спачатку пратэсты былі насамрэч даволі памяркоўныя, але сталі гвалтоўнымі пасьля таго, як улады, якія не хацелі гаварыць зь людзьмі, выпусьцілі супраць іх спэцназ. А паколькі Босьнія, так сказаць, у прынцыпе ваенная краіна – у якой людзі кроўю дабіваюцца свабоды і пашаны – то ў людзей скончылася цярпеньне і закіпела кроў. Асабліва гэта датычыць маладога пакаленьня.

РС: А калі параўнаць пратэсты ў Кіеве на Майдане з пратэстамі ў Босьніі, то дзе гэтыя пратэсты, па-вашаму, больш жорсткія? Каторы са спэцназаў – украінскі ці басьнійскі – абыходзіцца з пратэстамі больш жорстка?

Лажэўская: Мы з мужам сочым за падзеямі на Майдане, гледзячы трансьляцыі ў інтэрнэце. Адназначна магу сказаць, што нельга параўноўваць украінскую міліцыю з басьнійскай паліцыяй. Басьнійская паліцыя ня лічыць пратэстоўцаў фашыстамі і ворагамі народу, яна не супрацьстаўляе сябе народу, а лічыць сябе часткай гэтага народу, які цяпер пратэстуе. Канечне, былі асобныя выпадкі, калі басьнійская паліцыя пагарачылася і пачала зьбіваць людзей, але наогул яна не перавышае сваіх паўнамоцтваў. У заходніх СМІ ўсё паўтараюць, што басьнійскія паліцэйскія выкарыстоўваюць вадамёты, гумовыя кулі і шумавыя гранаты. Калі б так было, у такой краіне як Босьнія гэта выклікала б шырокамаштабны канфлікт, і кроў палілася б ракой. Людзі ніколі не дазволілі б, каб паліцыя выкарыстоўвала супраць іх спэцсродкі. А ва Ўкраіне гэта нармальная рэч, і ўвесь сьвет бачыць кадры, у якіх украінская міліцыя перавышае свае паўнамоцтвы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG