Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка асабіста інструктуе беларускіх алімпійцаў


Аляксандар Лукашэнка ў Сочы

Аляксандар Лукашэнка ў Сочы

Пасьля першых дзён спаборніцтваў на Алімпійскіх гульнях у Сочы беларускіх спартоўцаў няма ў сьпісе двух дзясяткаў краін, прадстаўнікі якіх уздымаліся на п’едэстал гонару. Пры гэтым алімпійцаў у Сочы асабіста інструктуе Аляксандар Лукашэнка, які ў гэтыя дні адпачывае там разам са сваім малодшым сынам Мікалаем.

Сочынская Алімпіяда пачалася для беларускай зборнай ня надта ўдала. Дар’я Домрачава не дала рады нэрвам і з адной памылкай на стральбе фінішавала ў спрынце на 9-й пазыцыі. Надзея Скардзіна была 17-й, іншыя беларускі — унізе выніковай табліцы. Там жа апынуліся біятляністы-мужчыны, якія выступалі днём раней. Ванкувэрскага цуду ад Сяргея Новікава не паўтарылася: легендарны Оле Б’ёрндален гэтым разам дзяліць узнагароды зь беларусам не захацеў.

Тым ня меней, як заяўляюць у Фэдэрацыі біятлёну Беларусі, сьпісваць кагосьці ў тыраж пасьля адной гонкі дачасна — маўляў, спартоўцы яшчэ прадэманструюць свае лепшыя якасьці:

«Мы так думаем, што ўсё яшчэ наперадзе, ня варта рабіць нейкія дачасныя высновы. Будзем спадзявацца, што і з надвор’ем усё будзе нармальна, і нашы яшчэ лепш настрояцца. Прынамсі трэніровачныя дні давалі падставы да аптымізму. Так, пэўным чынам дынаміка трасы з часам зьмяняецца, але ня так рэзка. Таму, калі стабільнае застанецца надвор’е, будзе змагацца за высокія месцы нават больш шырокае кола прэтэндэнтаў, а ня толькі, як мы прызвычаіліся, Дар’я Домрачава».
Дар’я Домрачава

Дар’я Домрачава


Зрэшты, настроіцца на патрэбны лад пакуль не дапамагло і перадстартавае «чаяваньне» ў кампаніі з Аляксандрам Лукашэнкам. Хоць той і заклікаў біятляністаў расслабіцца і думаць толькі пра гонку, вынік аказаўся далёкі ад чаканага:

«Спакойна выходзь і страляй. Не мітусіцеся, гэта ж першая гонка. Галоўнае — не мітусіцца. Калі хочаце, я магу там, дзе вось мне трэнэр скажа, стаць на рубяжы, сьцягам буду размахваць. А хочаце — буду бегаць дзесьці туды-сюды, праз усю трасу...».
Калі хочаце, я магу там, дзе вось мне трэнэр скажа, стаць на рубяжы, сьцягам буду размахваць

Чаму не дапамагаюць лукашэнкаўскія інструкцыі, якія, да таго ж, суправаджаюцца адчувальным матэрыяльным стымулам? Дастаткова нагадаць, што прэміяльныя беларусам — адны з самых высокіх у сьвеце: 150 тысяч даляраў за перамогу. Больш толькі ў Казахстане.

Як лічыць псыхоляг Міхаіл Дзернакоўскі, маральны ціск, які чыняць на спартоўцаў функцыянэры, шмат каго папросту выбівае з каляіны:

«Справа ў тым, што, магчыма, трэба знаходзіць нейкія іншыя формы, якім чынам пераможныя абавязаньні ўзгадняць са спартоўцамі. Бо што такое стымул? У старажытным Рыме так называлі дручок, якім кагосьці падганялі — „стымулявалі“ да працы. Але ў некаторых людзей вось такі стымул выклікае, скажам так, парадаксальную рэакцыю: чалавек пачынае залішне моцна да чагосьці імкнуцца і паказвае нават горшы вынік, чым на трэніроўках. Гэта, ведаеце, як у любога з нас у жыцьці здараецца, бо ў кожнага чалавека свае ўнутраныя працэдурныя аспэкты дамоўленасьцяў з самім сабой. Таму стымул — добра, але псыхалёгія — рэч, якую запраграмаваць нельга».

Некаторыя закансэрвавацца ў рангу спартовых турыстаў рызыкуюць яшчэ на пачатку Алімпіяды. Так, напярэдадні сёньняшніх стартаў высьветлілася, што гарналыжніцу Марыю Шканаву не дапусьцяць да гонак з-за нізкага рэйтынгу. Чаму гэта стала вядома толькі цяпер — адказныя асобы маўчаць. Але найперш гэта сьведчыць, што Фэдэрацыя гарналыжнага спорту і снаўборду, якую ўзначальвае былая прэзыдэнцкая фаварытка Натальля Пяткевіч, толькі змарнавала час і грошы. Дарэчы, адзіны беларускі мужчына-гарналыжнік Юры Данілачкін быў 31-м, што можна ахарактарызаваць як фактар досыць станоўчы — добра, што ўвогуле даехаў.
Юры Данілачкін

Юры Данілачкін


Ня цешаць вынікамі і іншыя беларускія атлеты. Так, адрозна ад свайго аднагодка, нарвэскага унікума Б’ёрндалена, 40-гадовы лыжнік Сяргей Далідовіч ня спраўдзіў авансаў і ў скіятлёне (лыжных гонках) прыйшоў толькі ў чацьвёртым дзясятку. Недалёка прызямліліся і ягоныя калегі па камандзе, а прадстаўніца жаночай каманды Алена Саньнікава ў аналягічнай гонцы за дзень да гэтага фінішавала ў ліку апошніх. Увечары другую спробу ўзысьці на п’едэстал зробіць Сяргей Новікаў зь сябрамі — стартуе біятлённая гонка перасьледу на 12,5 кілямэтраў.

Тым часам пад пытаньнем удзел у спаборніцтвах шэрагу фрыстайлістаў, на якіх разьлік адмысловы — яшчэ ніводнага разу ў гісторыі сувэрэннага спорту лыжныя акрабаты не вярталіся дадому без мэдалёў. Аднак ужо заяўлена, што маладая спартоўка Вольга Капусьціна з-за траўмы нават ня вылецела ў Сочы, вырашаецца лёс вэтэрана каманды Дзьмітрыя Дашчынскага — у двухразовага алімпійскага прызэра праблемы з плячом.

Тым часам кіраўнік Нацыянальнага алімпійскага камітэту Аляксандар Лукашэнка ня толькі сочыць за спартовымі падзеямі з трыбунаў, але і актыўна асвойвае мясцовую інфраструктуру. Трапіўшы на зімовую Алімпіяду другі раз пасьля Нагана-1998, Лукашэнка карыстаецца момантам: ужо ў дзень прылёту выйшаў на лыжную трасу з малодшым сынам Мікалаем, у атачэньні іншых постсавецкіх лідэраў сядзеў у ганаровай ложы падчас адкрыцьця Гульняў, катаўся на горных лыжах з прэм’ер-міністрам Расеі Дзьмітрыем Мядзьведзевым, яго ня раз бачылі ў распалажэньні зборнай.

Сям’я Лукашэнкаў спынілася ў Краснай паляне, дзе пад рэзыдэнцыю абсталяваны адзін з карпусоў на зямлі, выдзеленай Расеяй саюзьніку ў доўгатэрміновае карыстаньне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG