Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 лютага — апошні дзень, калі патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты мясцовых саветаў могуць здаць дакумэнты на рэгістрацыю.

У Цэнтравыбаркаме спадзяюцца на высокую актыўнасьць панядзелка, бо на канец тыдня ў сярэднім на адну акругу не было нават аднаго кандыдата — 18 816 акругаў і 16 754 прэтэндэнты. Прадстаўнікі апазыцыі балятуюцца пераважна ў абласныя і гарадзкія саветы.

Сярод афіцыйна зарэгістраваных партыяў пяць публічна называюць сябе апазыцыйнымі да дзейнай улады.

Аб’яднаная грамадзянскай партыя ў гэтай кампаніі актыўна вылучае сваіх рэгіянальных кіраўнікоў. Так, старшыні Гарадзенскай, Гомельскай і Магілёўскай філіяў Аляксандар Васілевіч, Зінаіда Шуміліна, Уладзімер Шанцаў падалі дакумэнты ў два саветы адразу: абласны і гарадзкі. Таксама ў два саветы балятуюцца намесьнікі партыйнага лідэра — Леў Марголін і Васіль Палякоў.

А вось старшыня партыі Анатоль Лябедзька ў дэпутаты не зьбіраецца:

«Я спрабаваў зарэгістраваць свае ініцыятыўныя групы з зусім іншай мэтай. Толькі дзеля мажлівасьці камунікаваць з насельніцтвам. Я буду даверанай асобай, каб езьдзіць па рэгіёнах і сустракацца зь як мага большай колькасьцю людзей. І каб не замыкаць сябе на нейкай маленькай тэрыторыі».

Усяго АГП зьбіраецца вылучыць каля 150 кандыдатаў.

Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч пасьля няўдалай спробы зарэгістраваць сваю ініцыятыўную групу балятуецца ў Менскі гарсавет па шостай Галадзедаўскай акрузе праз партыйнае вылучэньне:

«На тэрыторыі гэтай акругі знаходзіцца дом, у якім жыву ад нараджэньня. Па гэтай акрузе рабіў ужо не адну кампанію. І людзі мяне там ведаюць. І сам шмат каго ведаю. Таму традыцыйна па гэтай акрузе і буду вылучацца».

У Менскі абласны савет зьбіраецца намесьнік старшыні партыі БНФ Алесь Стральцоў. З улікам вылучэньня праз збор подпісаў БНФ плянуе мець каля 100 кандыдатаў.

Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада, якой кіруе Станіслаў Шушкевіч, прынцыпова гэтую выбарчую кампанію ігнаруе. Кіраўніца спраў БСДГ Сьвятлана Губейка тлумачыць:

Была такая дамоўленасьць — пакуль ня вызваляць палітвязьняў, ніякага ўдзелу ў выбарах. Але шмат хто гэта пагадненьне скасаваў
«Была такая дамоўленасьць — пакуль ня вызваляць палітвязьняў, ніякага ўдзелу ў выбарах. Але шмат хто гэта пагадненьне скасаваў. І цяпер яны займаюцца выбарамі. Але мы ў гэтым ня ўдзельнічаем».

Каля 100 прэтэндэнтаў на дэпутацкія месцы — у актыве Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), паведаміў Свабодзе першы намесьнік партыйнага старшыні Ігар Маслоўскі:

«Сёньня, дарэчы, мы разам з кампаніяй „Гавары праўду“ ладзім у цэнтры Берасьця на пешаходнай вуліцы Савецкай фінальны пікет. Тут будзе бальшыня патэнцыйных кандыдатаў, якія зьбіраюцца балятавацца ў горадзе. Справа ў тым, што ўлады толькі за чатыры дні да заканчэньня вылучэньня кандыдатаў зьнялі забарону на правядзеньне пікетаў у цэнтры. Раней увесь цэнтар быў пад забаронай. І мы вырашылі скарыстаць адмену».

Старшыня партыі Ірына Вештард не балятуецца ў дэпутаты. Яна тлумачыць гэта Свабодзе дзьвюма абставінамі: па-першае, шмат гадоў была дэпутаткай, а па-другое, занятая падрыхтоўкай партыйнага зьезду, які заплянаваны на сакавік. Зь яе намесьнікаў аддалі дакумэнты на рэгістрацыю Ігар Маслоўскі, Ганна Канюс, Аляксей Сігаеў.

Найбольшую колькасьць прэтэндэнтаў мае намер заявіць партыя «Справядлівы сьвет». Яе лідэр Сяргей Калякін кажа:

«Будзе 190 кандыдатаў. Плюс-мінус два-тры. Найбольш будзе ў Берасьцейскай, Віцебскай, Гомельскай вобласьці. І ў Менску ў нас будзе 17 кандыдатаў. Амаль траціну сталічных акругаў мы закрываем».

Сам Сяргей Калякін балятуецца ў Менскі гарсавет. Сюды ж зьбіраецца і ягоны намесьнік Валер Ухналёў. А яшчэ адзін намесьнік — Канстанцін Мішчанка — у Гомельскі абласны савет.

Такім чынам, апазыцыйныя палітычныя партыі супольна зьбіраюцца прадставіць на рэгістрацыю каля 550 прэтэндэнтаў на дэпутацтва.

Мясцовыя выбары заплянаваныя на 23 сакавіка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG