Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзіны ў Бярозаўцы журналіст патрапіў «пад каўпак»


Юры Дзяшук

Юры Дзяшук

У Лідзкай раённай пракуратуры сёньня дапыталі незалежнага журналіста зь Бярозаўкі Юрыя Дзешука.

Паводле Дзешука, ён атрымаў позву для гутаркі ў пракуратуры, ня ведаючы прычыны. Сёньня пракурора цікавіла, дзе канкрэтна, у якіх СМІ ён працуе. Асабліва пракурору карцела даведацца, ці супрацоўнічае ён з замежнымі СМІ.

Скарыстаўшыся законным правам, Дзяшук адмовіўся адказваць на некаторыя пытаньні, пры гэтым патлумачыў, што працуе са СМІ як фрылансэр і зь ягонымі матэрыяламі можна пазнаёміцца на шмат якіх беларускіх сайтах, а таксама ў газэтах і часопісах.

Дзяшук: «Апошнім часам на Гарадзеншчыне пракуроры вынесьлі некалькі папярэджаньняў журналістам за супрацоўніцтва з польскімі СМІ. Магчыма, чарга дайшла да мяне, паколькі я працую як фрылансэр. Наперадзе выбары, і ўлады затурбаваліся. Дарэчы, у пракуратуры мне намякнулі, што гэта не апошняя зь імі сустрэча».

Паводле Дзешука, гутарка зь ім адбывалася на працягу 20 хвілін. У яго ўзялі пісьмовыя паказаньні.

Юры Дзяшук у 2008 годзе скончыў журфак БДУ, адслужыў у войску і вярнуўся ў Бярозаўку. З гэтага часу пачаў супрацоўніцтва зь мясцовымі і рэспубліканскім выданьнямі, такімі, як «Лідская газета», «Прынёманскія весткі», «Лідзкі летапісец», сайт Lida.by, газэта «Товарищ» і іншымі.

Ён апавядае, што найбольш любіць пісаць на культурную і гістарычную тэматыку, але паколькі ў невялікім мястэчку ён адзіны журналіст, то людзі часта зьвяртаюцца да яго са сваімі праблемамі. А турбуюць іх, як і паўсюль, малыя заробкі, высокія цэны, хамскае стаўленьне ўлады, мэдыцынскае абслугоўваньне, экалягічныя праблемы і гэтак далей.

Днямі да яго зьвярнуўся сусед і расказаў, як нішчаць экалёгію, выкідаючы сьмецьце ў рэчку. Маўляў, давай зробім здымкі ды апублікуем, бо звароты да начальства нічога не даюць.

«Паколькі я не працую ў штаце рэдакцыі, то ў мяне няма нават рэдакцыйных дакумэнтаў. І часта ў сваіх матэрыялах не ўдаецца даць некалькі поглядаў на адну і тую ж праблему, бо начальства ня хоча нават са мной размаўляць».

Паводле Дзешука, яму часта даводзіцца сутыкацца з сытуацыямі, калі людзі застаюцца сам-насам са сваімі праблемамі і як у апошнюю інстанцыю зьвяртаюцца да незалежнага журналіста. Праўда, вырашыць праблему не заўсёды ўдаецца, але распавесьці пра яе Юры Дзяшук стараецца.
XS
SM
MD
LG