Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паміж незадаволенасьцю ўладай і недаверам да апазыцыі


Перамога Майдану ў значнай ступені залежыць ад таго, наколькі пратэстныя настроі распаўсюдзяцца на Ўсходзе і Поўдні Ўкраіны, заяўляе лідэр руху «Трэцяя рэспубліка» Юры Луцэнка. Між тым, экспэрты адзначаюць, што гэтаму перашкаджае некалькі фактараў. У прыватнасьці, сацыёлягі канстатуюць, што дзеяньні праціўнікаў дзейнай улады многія жыхары паўднёва-усходніх рэгіёнаў ўспрымаюць як выклік ўласнай ідэнтычнасьці .

Паводле Юрыя Луцэнкі, цяпер паміж уладай і апазыцыяй усталявалася раўнавага. Адным з фактараў, які можа схіліць шалі вагаў і прымусіць уладу выканаць патрабаваньні ўдзельнікаў акцый пратэсту, можа стаць распаўсюджваньне Майдану на паўднёвыя і ўсходнія вобласьці.

«Там, на Ўсходзе, 30-40 % — у Харкаве, Адзесе, Днепрапятроўску — галасавалі за ўсе віды апазыцыі», — заяўляе Юрый Луцэнка.

Пад якімі лёзунгамі прасоўваць Майдан на Ўсход?
Найпрасьцейшая тэхналёгія падзелу на свой—чужы застаецца галоўнай у арсэнале палітыкаў як з аднаго, так і з другога боку

Зьвяртаючыся па-расейску ад імя «ў цэлым рускамоўнага Кіеву» да жыхароў паўднёва-усходніх рэгіёнаў, Юры Луцэнка адзначыў, што «вас рабуюць больш і даўжэй, чым нас». Паводле яго, неабходна даказаць жыхарам гэтых рэгіёнаў, што мэта Майдану — не прывесьці кагосьці да ўлады, а спыніць раскраданьне Ўкраіны.

Між тым, экспэрты кажуць, што выканаць гэтую задачу будзе няпроста. Хоць на Данбасе або ў Крыму шмат незадаволеных дзеючай уладай, але і апазыцыйных лідэраў яны не ўспрымаюць. Прычым, палітыкі-апазыцыянэры ў пэўнай ступені самі ў гэтым вінаватыя.

«На жаль, найпрасьцейшая тэхналёгія падзелу на свой—чужы застаецца галоўнай у арсэнале нашых палітыкаў як з аднаго, так і з другога боку», — адзначае паліттэхноляг Аляксей Галабуцкі.

«Усходнікі» не ўспрымаюць, калі іх вучаць любіць Радзіму

Падчас палітычнага крызысу антаганізм паміж жыхарамі розных рэгіёнаў вырас. Бо ўлада часта спрабуе прадставіць кіеўскі Майдан як заходнеўкраінскую зьяву. Прычым, як адзначае вучоны-сацыёляг Яўген Галаваха, значная частка жыхароў паўднёва-усходніх абласьцей успрымаюць Майдан не як пратэст супраць дзеяньняў улады, а як пагрозу ўласнай ідэнтычнасьці.

У вачах значнай часткі жыхароў паўднёва-усходніх абласьцей стаўленьне да пратэстаў пагаршаецца, бо многіх палохае экстрэмізм і вулічныя сутыкненьні, а галоўнае — Майдан для іх застаецца чужым.

«Тое, што Майдан успрымаюць на Ўсходзе і на Захадзе па-рознаму — гэта факт, — сьцьвярджае сацыёляг Яўген Капацько. — На Ўсходзе існуе такое ўспрыманьне, што іх нейкія людзі спрабуюць навучыць любіць Радзіму так, як яны гэта разумеюць. І гэта сустракае супраціў ».

Паводле яго, прасоўваньню Майдану на Поўдзень і Ўсход перашкаджаюць недахоп аб’яднальных ідэй, лішак палітычных амбіцый лідэраў апазыцыі і занадта выразны нацыяналістычны складнік супраціву.
XS
SM
MD
LG