Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усе вершы Шымборскай — па-беларуску


Віслава Шымборска

Віслава Шымборска

Выйшаў пераклад на беларускую мову поўнага збору вершаў нобэлеўскай ляўрэаткі 1996 году Віславы Шымборскай.

Прэзэнтацыя кнігі адбудзецца 16 лютага ў Менску ў крэатыўнай прасторы «ЦЭХ», падчас завяршэньня ІІІ Міжнароднага фэстывалю паэзіі памяці Міхася Стральцова «Вершы на асфальце».

Падзея адбудзецца пры падтрымцы Польскага Інстытуту ў Менску і з удзелам перакладчыкаў кнігі, а таксама польскіх паэтаў Адама Відэмана і Агнешкі Мірахінай, музыкаў Віталя Эпава і Вольгі Падгайскай.

Кніга «Канец і пачатак» — гэта калектыўная перакладчыцкая праца. Сярод тых, чые пераклады ўвайшлі ў зборнік, — знакамітая паэтэса Ніна Мацяш, клясыкі беларускай літаратуры Максім Танк і Алег Лойка. Але на тры чвэрці пераклады зробленыя адмыслова для гэтага выданьня маладымі паэтамі-перакладчыкамі Марынай Казлоўскай, Сяргеем Прылуцкім, а таксама Андрэем Хадановічам.

Андрэй Хадановіч распавёў Радыё Свабода пра асаблівасьці чацьвёртай кнігі перакладаў на беларускую мову вершаў Віславы Шымборскай:

«Кніга выбраных твораў, а фактычна — амаль поўны збор вершаў Віславы Шымборскай з сымбалічнай назвай „Канец і пачатак“ — чацьвёртая беларуская кніга польскай паэткі ў перакладах, але адначасова гэта і першая кніга з прэтэнзіяй на паўнату. Кніга ўключае ў сябе фактычна ўсе вершы Віславы Шымборскай, якія яна лічыла ў поўным сэнсе сваімі, ад якіх не адмовілася. У амаль 500-старонкавым выданьні ёсьць вершы, якія ўваходзілі ў яе кнігі ад „Гуканьня йеці“ 1957 году да апошняй пасьмяротнай з сумна сымбалічнай назвай „Дастаткова“, якая выйшла ў 2012 годзе.

Функцыю прадмовы выконвае нобэлеўская лекцыя паэткі ў беларускім перакладзе. Разынкай гэтай кнігі можна назваць тое, што вершы ў ёй прадстаўленыя не ў акадэмічным фармаце „ад юначых да перадсьмяротных“, у храналягічнай пасьлядоўнасьці, а наадварот — адпаведна назьве. Такім чынам чытач зможа максымальна пагрузіцца ў атмасфэру сучаснай польскай паэзіі, а калі яго зачэпіць, то зможа зрабіць паэтычную вандроўку ў сярэдзіну 20-га стагодзьдзя», — адзначыў літаратар.

Кніжка адметная і мастацкім афармленьнем — вядомая беларуская мастачка Натальля Паваляева зрабіла цікавую графічную працу, якая сталася вокладкай кнігі «Канец і пачатак».
XS
SM
MD
LG