Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За што любяць і ня любяць Лукашэнку


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Апытанкі «Чаму вы ня любіце Лукашэнку?» і «Чаму вы любіце Лукашэнку?» увайшлі ў топ па колькасьці камэнтароў на старонцы вядомага расейскага блогера і бізнэсоўца Ільлі Варламава ў сацыяльнай сетцы Livejournal.

Гэтыя апытанкі ён правёў неўзабаве пасьля наведваньня Менску і выступу ў крэатыўнай прасторы «ЦЭХ» разам з Максімам Кацам, расейскім палітычным і грамадзкім дзеячам. На сустрэчы, дзе прысутнічала 250–300 чалавек, гутарка вялася пра асаблівасьці Менску, закранулі і некаторыя палітычныя пытаньні Беларусі.

Апытанка «Чаму вы ня любіце Лукашэнку» набрала 1575 камэнтароў, у якіх карыстальнікі сацыяльнай сеткі выказваліся на тэму, чаму «Лукашэнка кепскі».

Найбольш распаўсюджаныя выказваньні зьвязаныя зь мінулым прэзыдэнта, якое ўплывае на яго ўяўленьні пра тое, як кіраваць краінай:

«У яго сваё калгаснае ўяўленьне пра шчасьце, якое ён спрабуе навязаць усяму народу», «Савецкая загартоўка», «У яго паводзіны калгасьніка. На нейкім паседжаньні зьвяртаўся да міністраў словам „мужыкі“», «ён чалавек мінулага, а кіруе будучым», «Савок», «глядзеў неяк яго выступ перад народам па адным з цэнтральных каналаў Беларусі — гэта самы сапраўдны Хрушчоў нашага часу», «У 90-я гады, будучы ў Менску ў камандзіроўцы, бачыў у цэнтры надпіс „Лукашэнка — у калгас!“», «Калгасьнік. Зрабіў з цэлай краіны запаведнік сацыялізму, апусьціў краіну ў жабрацтва, але распавядае казкі пра квітнеючы калгас. Але самае кепскае, што многія вераць».

Шмат хто зьвяртае ўвагу на ролю прэзыдэнта ў панаваньні антыдэмакратычнага рэжыму ў Беларусі:

«У яго ёсьць свае расстрэльныя атрады, і людзі на яго загад зьнікаюць», «Стварэньне „зондэркамандаў“, якія на яго загад без суду і сьледзтва зьнішчалі людзей», «Ён захаваў уладу ў выніку канстытуцыйнага перавароту, і таму сам нелегітымны. Гэта першаснае», «Толькі адно ў ім кепска — зьнішчэньне шматпартыйнасьці ў Беларусі», «Дыктатар», «І самадур», «Лукашэнка жорсткі дыктатар постсаўковага разьліву, але беларусам і бальшыні расейцаў гэта, відаць, падабаецца».

Асобна можна вылучыць выказваньні, у якіх камэнтатары адзначаюць, што бачаць у Лукашэнку пагрозу для Расеі:

«Ён рэкультывуе забруджаныя Чарнобылем землі ў Беларусі, вырошчвае бульбу і прадае яе нам! У іх цэлая дзяржпраграма пад наша тручэньне!», «Шкодзіць Расеі дзе толькі можа, здрадзіў нам падчас вайны з Грузіяй, не прызнаў Абхазію і Паўднёвую Асэтыю, сарваў аб’яднаньне з Расеяй, пасадзіў за краты ўсю прарасейскую апазыцыю і пакінуў на волі антырасейскую», «Прынізіў Расею і Вову асабіста ў гісторыі з „Уралкаліем“», «Дае кепскі прыклад Пуціну».

Супрацьлеглая апытанка, у якой прапаноўваецца выказацца, чаму Лукашэнка добры, набрала больш за 940 камэнтароў.

Шмат хто з камэнтатараў адказаў жартаўліва — пра тое, што Лукашэнка добры, бо любіць хакей і Колю, і таму што ў яго прыгожыя вусы.

Знакаміты «беларускі парадак», вядома, таксама не абмінуў камэнтароў — яго ўзгадваюць вельмі часта, прычым у самых розных значэньнях:

«У краіне парадак і дысцыпліна. Стварыў сапраўдны КДБ і цкуе пятую калёну, а ў нас яе гладзяць па галоўцы і прыкормліваюць», «Захаваў якасьць прадуктаў паводле ГОСТ-аў. У параўнаньні зь беларускай кілбасой усякія „Велкомы“ адпачываюць. І тушаніна па-за канкурэнцыяй», «Я адпачываў зь сям’ёй у Браслаўскім раёне Беларусі. Укралі грошы з пакоя. Ня толькі ў мяне, злодзей прайшоўся па некалькіх пакоях. Адміністрацыя базы адпачынку выклікала міліцыю, мы далі паказаньні. Я быў настроены вельмі скептычна. На маё зьдзіўленьне, яны ня толькі знайшлі злодзея, але нават і прымусілі яго перавесьці нам скрадзеныя сумы. Бяз жартаў, мне прыйшоў міжнародны паштовы перавод на 5000 рублёў! Гэта мяне ўразіла», «Бацька маладзец! Разагнаў усю гэту шушару-апазыцыю! Навёў парадак і чыстату! Менск проста цудоўны горад! Вельмі няшная дыктатурка!», «Навёў парадак у краіне. Па-сапраўднаму сябруе з Расеяй і Пуціным. Пасылае Захад і геяў к чорту лысаму».

Шмат хто з камэнтатараў-расейцаў адзначае ў якасьці станоўчага моманту адсутнасьць у Беларусі мігрантаў: «Няма таджыкаў і іншага Дагестану», «Колькасьць насельніцтва ў Беларусі вырасла, і не за кошт мігрантаў», «Не пускае эмігрантаў з Азіі парабкаваць».

Таксама, лічаць карыстальнікі Livejournal, Лукашэнка добры таму, што «дазваляе беларусам выяжджаць з РБ», «гарэлка танная», «дарогі добрыя», «зрабіў расейскую мову другой дзяржаўнай», «не забараняе хадзіць з парасонамі», «не забіў кампанію Wargaming. Хоць мог».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG