Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партыі ўлады перашкаджае мажарытарная сыстэма — Ярмошына


Лідзія Ярмошына
Лідзія Ярмошына

Цяперашняя мажарытарная выбарчая сыстэма не дае стымулу для разьвіцьця палітычных партыяў.

Гэта прызнала старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына ў праграме «Галоўны эфір» тэлеканалу «Беларусь-1».

«Партыю ўлады ствараць, магчыма, прыйдзецца, але ў гэтым выпадку давядзецца кардынальна мяняць усю палітычную сыстэму, і перш за ўсё — выбарчую сыстэму», — заявіла Ярмошына. — Можна ў любы момант абвясьціць і стварыць рэальную партыю і назваць яе партыяй улады. Але яна ня будзе разьвівацца гэтак жа, як і ўсе астатнія партыі, пакуль мы ня зьменім выбарчую сыстэму. Цяперашняя мажарытарная выбарчая сыстэма не дае стымулу для разьвіцьця палітычных партыяў. У любым выпадку, каб партыя функцыянавала, яна павінна мець адміністрацыйны, матэрыяльны, фінансавы рэсурсы. Але яна ня будзе гэтага мець, калі ня будзе мець якіх-небудзь гарантыяў на сваё прадстаўніцтва ў любых органах улады, пачынаючы ад узроўню парлямэнту«.

Такія гарантыі, паводле Ярмошынай, можа даць толькі прапарцыйная сыстэма. Цяперашняя ж мажарытарная сыстэма не дае партыям падобных прэфэрэнцыяў.

Камэнтуючы карэспандэнту Свабоды выказваньні кіраўніцы ЦВК, сустаршыня кампаніі «За справядлівыя выбары» Віктар Карняенка адзначыў, што Ярмошына — «чалавек не самастойны і агучвае публічна не свае думкі»:

Віктар Карняенка
Віктар Карняенка
«Я асабіста ня веру ў тое, што будзе стварацца партыя ўлады. Бо нават у такім выглядзе гэта будзе нейкая пагроза спадару Лукашэнку, калі фармальна нейкая самастойнасьць у такой партыі будзе. Ён будзе разглядаць гэта як пагрозу ягонай асабістай уладзе. А што да заявы Ярмошынай, то праз 18 гадоў чалавек раптам зразумеў, што трэба. Таму гэта, хутчэй за ўсё, няшчырыя словы, гэта дэмагогія, якая ні да чога не вядзе. А ў прынцыпе Беларусь, відаць, адзіная краіна ў Эўропе, дзе наагул няма прапарцыйнай сыстэмы. Натуральна, што нам трэба бліжэй падыходзіць да цывілізацыі — але ня з гэтай камандай. Я ня думаю, што гэтая каманда здольная наагул на нейкія трансфармацыі».

23 студзеня падчас кадравых прызначэньняў кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка заявіў, што быў бы ня супраць, каб «існавала нейкая палітычная сіла, якая б дапамагала нам працаваць з кадрамі». Ён адзначыў, што, магчыма, «для больш паўнавартаснага грамадзка-палітычнага жыцьця ў нашай краіне не хапае нейкай вядучай партыі».

Лідэр партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін адзначае, што дэмакратычная апазыцыя даўно прапаноўвала ўвесьці зьмяшаную мажарытарна-прапарцыйную сыстэму:

Сяргей Калякін
Сяргей Калякін
«Нашым прапановам ужо больш за 12 гадоў. Але ўвесь гэты час нам казалі, што гэта не дазваляе зрабіць Канстытуцыя. Мы ж разумеем, што гэта проста адгаворка і што ўлады да гэтага не гатовыя і яны гэтага баяцца. Але я станоўча стаўлюся да таго, каб гэта было зроблена і каб была партыя ўлады. Тады будзе зразумела, хто за што адказвае ў краіне.

Але выказваньні Ярмошынай я лічу проста балбатнёй. Калі б яны хацелі ўвесьці палітычную шматпартыйную сыстэму, уключаючы партыю ўлады, то гэта даўно б было зроблена. Але гэтага ня робіцца цягам амаль 20 гадоў. Размовы вядуцца, але ўлада не гатовая, яна баіцца. Яна баіцца ўласнай партыі, бо сёньня ёй кіраваць значна прасьцей у ручным рэжыме. Бо праўладную партыю стварыць можна, але потым яна становіцца самастойным арганізмам».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG