Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Ашмянскім раённым судзе ў 11 гадзін пачнецца судовае паседжаньне па скарзе праваабаронцы Тацяны Равякі на дзеяньні службовых асоб Ашмянскай мытні.

Падчас папярэдняга паседжаньня 29 студзеня Тацяна Равяка і яе прадстаўнік Павал Сапелка пазнаёміліся з матэрыяламі экспэртызы, на падставе якой кніга Алеся Бяляцкага «Асьвечаныя Беларушчынай» падлягае рээкспарту.

Экспэртызу рабілі тыя ж спэцыялісты Галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы, культуры і спраў моладзі Гарадзенскага аблвыканкаму, якія прызналі экстрэмісцкім фотаальбом «Прэс-фота 2012».

Гэта юрыст Вадзім Хілюта і гісторык Уладзімер Ягорычаў.

«У мяне на руках дакумэнты, на падставе якіх экспэрты зрабілі заключэньне, што кніга ня ўтрымлівае экстрэмісцкіх матэрыялаў. Таксама паводле гэтых дакумэнтаў, экспэрты ўхіліліся адказаць на пытаньне пра шкоду кнігі ў дачыненьні да эканамічных і палітычных інтарэсаў насельніцтву ў межах Мытнага саюза. Чаму «Асьвечаныя Беларушчынай» унесеная ў пералік выданьняў, якія забароненыя, увогуле незразумела«,— кажа Тацяна Равяка.

За час, які прайшоў ад папярэдняга паседжаньня, праваабаронца разам зь юрыстамі дапрацавалі судовую скаргу з улікам недахопаў вынікаў экспэртызы. Таксама сёньня на судовым паседжаньні будуць прысутнічаць сьведкі Сяржук Сыс і Андрэй Палуда, якія зьбіраюцца засьведчыць, што Тацяна Равяка везла кнігі не для продажу, а для распаўсюду сярод сяброў і знаёмых Алеся Бяляцкага.

«Для нас вельмі важна, каб гэтыя сыстэматычныя парушэньні закону з боку Ашмянскай мытні былі спыненыя. Таму што яны датычаць ня толькі кнігі Алеся Бяляцкага, але і двух альбомаў „Прэс фота Беларусі“, яны таксама маюць дачыненьні да закрыцьця выдавецтва „Логвінаў“. Таму нашая скарга па кнізе Бяляцкага — гэта спроба спыненьня сыстэматычных парушэньняў», — заявіла праваабаронца ў інтэрвію Свабодзе.

3 ліпеня на мяжы ў праваабаронцы Тацяны Равякі мытнікі канфіскавалі 40 асобнікаў кнігі Алеся Бяляцкага «Асьвечаныя Беларушчынай», якую надрукавалі ў Літве. Тацяна Равяка везла асобнікі для сяброў Бяляцкага. Праваабаронца патрабуе суд прызнаць неправамоцнымі дзеяньні Ашмянскай мытні, якія абавязалі яе да 21 студзеня зьмясьціць 40 асобнікаў кнігі Алеся Бяляцкага «Асьвечаныя беларушчынай» пад мытную працэдуру рээкспарту з выкарыстаньнем дэклярацыі на тавары, а таксама прыпыніць выкананьне гэтых дзеяньняў да вырашэньня скаргі ў судовым парадку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG