Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швайцарцы вырашылі абмежаваць іміграцыю


Выбаршчыкі Швайцарыі на рэфэрэндуме ў нядзелю зь мінімальнай перавагай падтрымалі прапанову крайняй нацыяналістычнай Народнай партыі ўвесьці квоты на іміграцыю ў краіну, у тым ліку для тых, хто пераяжджае з краін Эўрапейскага зьвязу.

Паводле зьвестак швайцарскага тэлебачаньня, за гэтую прапанову выказаліся 50,3 адсотка ўдзельнікаў рэфэрэндуму.

Цяпер ўраду Швайцарыі давядзецца цягам трох гадоў перазаключыць з Эўразьвязам пагадненьні аб свабодным перамяшчэньні грамадзян, якія былі заключаныя па працяглых перамовах. Паводле гэтых дамоў грамадзяне краін ЭЗ маюць права жыць і працаваць у Швайцарыі зь мінімальнымі фармальнасьцямі ў абмен на такі ж рэжым для швайцарскіх грамадзян у краінах Эўразьвязу.

Міністар замежных спраў краіны Дыдзье Буркгальтэр заявіў, што на гэтым тыдні адправіцца ў сталіцы краін Эўразьвязу ў пошуках выхаду з сытуацыі, якая склалася пасьля рэфэрэндуму.

У Эўразьвязе заявілі ў адказ, што шкадуюць з нагоды такога выніку і цяпер вывучаць ўплыў будучых швайцарскіх антыіміграцыйных абмежаваньняў на адносіны са Швайцарыяй.

Урад Швайцарыі папярэджваў, што ўвядзеньне такіх квот пашкодзіць эканоміцы Швайцарыі і яе адносінам з Эўразьвязам. Праціўнікі новых абмежаваньняў папярэджвалі, што большасьць з 80 тысяч чалавек, якія перасяліліся ў Швайцарыю цягам мінулага года, крытычна важныя для эканомікі краіны, а новыя абмежаваньні прывядуць да страты працоўных месцаў для саміх швайцарцаў.

Два гады таму Швайцарыя ўжо ўводзіла абмежаваньні на іміграцыю з васьмі краін Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы, што таксама рэзка нэгатыўна сустрэлі ў Эўразьвязе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG