Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У турме Алесь Бяляцкі піша эсэ пра рэпрэсаванага пісьменьніка Барыса Мікуліча


Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Вязень бабруйскай калёніі, праваабаронца Алесь Бяляцкі ў лісьце дамоў паведаміў, што «ўвесь вольны час ў студзені працаваў над эсэ пра пісьменьніка Барыса Мікуліча».

Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміла жонка палітвязьня Натальля Пінчук. Ёй вядома, што Алесь пачаў зьбіраць матэрыял пра Барыса Мікуліча з восені 2013 году і ўжо актыўна працуе над эсэ. Чаму менавіта творчасьцю Барыса Мікуліча захапіўся палітвязень, літаратуразнаўца паводле прафэсіі Алесь Бяляцкі?

Праваабаронца Алёна Лапцёнак, якая дапамагае Алесю Бяляцкаму ў ягонай літаратурнай працы, паведаміла, што атрымала ўжо дзьве часткі эсэ пра Барыса Мікуліча. Творчасьцю гэтага пісьменьніка Алесь Бяляцкі, паводле Алёны Лапцёнак, зацікавіўся невыпадкова.

«Барыс Мікуліч друкаваўся ў даваенным часопісе „Маладняк“, які выходзіў у Бабруйску, дзе зараз адбывае пакараньне Алесь. Другое, ён двойчы рэпрэсаваны пісьменьнік, які памёр пасьля вайны, некалькі месяцаў не дачакаўшыся рэабілітацыі. Мінулай восеньню я даслала Алесю Бяляцкаму дзёньнік Барыса Мікуліча, які называецца „Аповесьць пра сябе“. Алесь захапіўся гэтым пісьменьнікам, папрасіў яшчэ матэрыял пра яго і пачаў пісаць эсэ. Мяркую, гэтае эсэ ў будучыні ўбачыць сьвет, як і іншыя творы Алеся Бяляцкага», — паведаміла Алёна Лапцёнак.

У 2013 годзе у друк выйшла кніга Алеся Бяляцкага «Асьвечаныя беларушчынай», сярод эсэ ў якой ёсьць і творы, якія былі напісаныя ў турме. У студзені 2014 году ў газэце «Наша слова» пачала друкавацца рэцэнзія Алеся Бяляцкага на зборнік вершаў Эдуарда Акуліна «Сьцяга паэта».

Старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 года зьняволеньня нібыта за схаваньне прыбыткаў, атрыманых з-за мяжы. Алесь Бяляцкі даводзіў суду, што атрыманыя грошы ішлі да дапамогу ахвярам палітычных рэпрэсій ў Беларусі. Трымаюць Алеся Бяляцкага ў бабруйскай калёніі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG